Дата начала: 12.08.1812 Гарадзечна і Паддубна, ваколіцы в., Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць
Названия на других языках: Городечненская битва 1812 (русский);
Бітва каля в. Гарадзечна і Паддубна Пружанскага павета Гродненскай губерні (цяпер Пружанскі раён Брэсцкай вобласці) адбылася 12 жніўня паміж рускай 3-й Заходняй арміяй (20 тыс. чалавек) пад камандаваннем генерала ад кавалерыі А.П. Тармасава і аб'яднанымі сіламі аўстрыйскага і 7-га саксонскага карпусоў арміі Напалеона (38 тыс. чалавек) пад агульным кіраўніцтвам генерала ад кавалерыі К.Ф. Шварцэнберга.
Пасля паражэння пад Кобрынам 27 ліпеня Ж.Л. Рэнье (камандуючы саксонскім корпусам) адступіў да Слоніма. 31 ліпеня 3-я армія перайшла ад Кобрына да Гарадца, а авангардныя атрады К.В. Ламберта і Я.І. Чапліца былі высланы на Малеч і на Хомск. Корпус К.Ф. Шварцэнберга вярнуўся 3 жніўня да Слоніма і рушыў на Косава і Бярозу-Картузскую, каб пагрозай праваму флангу А.П. Тармасава забяспечыць адыход корпуса Ж.Л. Ранье на Захад. Даведаўшыся пра гэта, камандуючы 3-яй арміяй загадаў К.В. Ламберту перайсці да Пружан, а Я.І. Чапліцу да Равяціч і перакрыць магчымыя шляхі адступлення праціўніка. У гэты час К.Ф. Шварцэнберг атрымаў загад Напалеона ўзначаліць усе войскі, якія дзейнічалі супраць арміі А.П. Тармасава, і адкінуць яе на Валынь. Аўстрыйцы фарсіравалі забалочаную пойму ракі Ясельды, 8 жніўня ў баі разбілі атрад Я.І. Чапліца і рушылі праз Малеч на Пружаны. Туды ж павярнуў і 7-ы корпус. Зразумеўшы небяспеку для авангарда К.В. Ламбарда, асноўныя сілы 3-ай арміі выступілі яму на дапамогу, але не паспелі. Авангард саксонцаў атакаваў рускіх у Пружанах, а аўстрыйцы праследавалі іх далей. Пад вечар К.В. Ламбард адступіў да в. Гарадзечна. На наступны дзень сюды падышла армія А.П. Тармасава, якая разгарнулася на правым беразе ручая Гарадзечна паміж вёскамі Харкі і Паддубна. Аўстра-саксонскія войскі размясціліся на левым беразе. Раніцай пачалася Гарадзечанская бітва.
На працягу дня рускія стрымлівалі атакі праціўніка. Найбольш упарты бой адбыўся на вышынях правага берага на Поўдзень ад Паддубна. Армія А.П. Тармасава беспаспяхова спрабавала адкінуць ворага ад сваіх пазіцый. У другой палавіне дня ініцыятыва перайшла да французскага войска, але яго атакі завяршыліся безвынікова – рускія артылерыйскім агнём і контратакамі адбілі наступленне. Гарадзечанская бітва цягнулася 14 гадзін і скончылася толькі з наступленнем цемнаты. Галоўнакамандуючы даносіў цару: «... Все усилия неприятеля оказались тщетными. Войска Вашего Императорского величества не уступили ни шагу... Генералы, офицеры, солдаты соревновались в мужестве, и неприятель принужден был оставить место сражения...»*. У ходзе бітвы 3-я армія адбіла ўсе атакі ворага, утрымала свае пазіцыі, але пад націскам перавышаючых сіл праціўніка пачала ноччу адступаць. Напалеонаўскія войскі за некалькі дзён занялі Кобрын, Брэст, Дзівін и Маларыту. У выніку Гарадзечанскай бітвы руская армія цалкам пакінула тэрыторыю Гродзенскай губерні, а паўднёвы стратэгічны фланг і тыл напалеонаўскай арміі істотна ўмацаваліся. Абодва бакі панеслі значныя страты. На 6-й сцяне мемарыяла Храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве пералічаны прозвішчы 17 афіцэраў, забітых і параненых у Гарадзечанскай бітве, і адзначана, што «... выбыла из строя нижних чинов – 1 500». Сучасныя расійскія гісторыкі, выкарыстоўваючы розныя крыніцы, у тым ліку і замежныя, сыходзяцца на тым, што армія А.П. Тармасава згубіла каля 2 150 чалавек (950 забітымі і 1 200 параненымі), а саюзнікі Напалеона – 2 310 (1 360 аўстрыйцаў і 950 саксонцаў).
Будучы губернатарам Масквы, граф А.П. Тармасаў настаяў на тым, каб увекавечыць Гарадзечанскую бітву. У 1825 г. у памяць аб ёй была адкрыта царква ў в. Гарадзечна (у 1980 г. знесена, у 1994 г. зноў адноўлена). Да стагадовага юбілею ў 1912 г. каля в. Паддубна на ахвяраванні афіцэраў і сродкі павятовага збору заклалі капліцу (узведзена ў 1915 г.). У гады Вялікай Айчыннай вайны была разбурана, у 1993 г. адбудавана. У 1962 г. да 150-годдзя Гарадзечанскай бітвы ў в. Паддубна адкрыта памятная стэла-манумент.
*Цыт. па: В. А. Лякин. 1812 год. Ратные поля Беларуси: хроника битв. – Минск, 2012. – С. 154–155.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.