Ідэя стварэння ў Магілёве ўласнага акцыянернага банка з’явілася ў гарадскіх улад яшчэ ў 1871 г. Аднак спецыяльны праект па арганізацыі банка Дэпартамент Дзяржаўнай эканомікі Расійскай Імперыі не падтрымаў, і яго рэалізацыя зацягнулася на доўгія гады. Дазвол Міністэрства фінансаў на адкрыццё банка быў атрыманы горадам толькі ў снежні 1907 г.
Магілёўскі гарадскі грамадскі банк стаў шостым па ліку банкам такога тыпу ў беларускіх губернях. Магілёўская гарадская дума вызначыла, што 20% прыбыткаў будучай банкаўскай установы будуць скіраваны на заснаванне i ўтрыманне гарадскіх школ, яшчэ 20 % – на фінансаванне чайных, сталовых, прытулкаў і іншых патрэб грамадскай апекі і дапамогі. У дакладзе Гарадской управы Магілёўскаму губернатару адзначалася, што Магілёўскі гарадскі грамадскі банк пачаў сваю працу 7 сакавіка 1908 г.
Галоўны капітал для адкрыцця банка ў памеры 50 тыс. рублёў быў пазычаны ў Грамадства гарадскога ўзаемнага страхавання ад агню. Гэту суму банк павінен быў вярнуць на працягу некалькіх гадоў шляхам штогадовых выплат. Установе дазвалялася ажыццяўляць усе аперацыі, пералічаныя ў артыкулах 40 i 85 “Палажэння аб гарадскіх гpaмaдскіх банках”, а таксама ўлічваць замежныя вэксалі і гандлёвыя абавязацельствы, выдаваць пазыкі пад сола-вэксалі землеўладальнікам пад рознага роду гандлёвыя дакументы і каштоўныя металы, адкрываць падпіску на дзяржаўныя i грамадскія пазыкі, страхаваць тыражы пераможных білетаў.
У першы год дзейнасці чысты прыбытак Магілёўскага гарадскога грамадскага банка склаў усяго каля 500 руб. Аднак ужо ў наступныя гады банк хутка набраў абароты і апярэдзіў па асноўных паказчыках астатнія банкі падобнага тыпу ў Беларусі. Да 1913 г. ён утрая павялічыў памеры асабістага капіталу, давёўшы яго да 150 тыс. рублёў. Гэта дазволіла значна пашырыць спектр крэдытных аперацый, памер якіх перавысіў 1,1 млн. рублёў. У сукупным балансе 7 беларускіх муніцыпальных крэдытных устаноў на 01.01.1913 г. на Магілёўскі гарадскі грамадскі банк прыходзілася амаль трэць асноўнага капіталу і больш за 38 % усіх улікова-пазыковых аперацый.
Пэўнае месца ў крэдытнай дзейнасці банка займалі доўгатэрміновыя пазыкі пад залог нерухомасці. Банк шырока праводзіў крэдытаванне пад залог жылых дамоў і іншых пабудоў, вырашаючы такім чынам праблему рамонту і будаўніцтва жылля. У 1913 г. амаль шостая частка ўсіх выдадзеных банкам пазык, мела іпатэчны характар. Сярод кліентаў банка былі прадстаўнікі розных сацыяльных слаёў. Вядучае месца сярод пазычальнікаў займалі прадстаўнікі гандлю і прамысловасці, а таксама домаўладальнікі.
У час Першай сусветнай вайны банк даволі паспяхова працягваў сваю працу. Да пачатку 1917 г. яго асабісты капітал быў даведзены да 157,3 тыс. рублёў, а запасны вырас да 24 тыс. рублёў. Істотна павялічыўся і чысты прыбытак банка, дасягнуўшы 26,6 тыс. рублёў. Такім чынам, Магілёўскі гарадскі грамадскі банк займаў вядучае месца сярод гарадскіх грамадскіх банкаў ў беларускіх землях. Сваёй дзейнасцю ён актыўна садзейнічаў эканамічнаму развіццю Магілёва, бо значная частка яго чыстага прыбытку ішла на добраўпарадкаванне горада і дабрачыннасць.
Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. ліквідавала структуру банкаўскіх устаноў Беларусі, і вопыт іх фінансавай дзейнасці быў страчаны.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2011 г.