Дата начала: 15.01.1921 Мінск, г.
Краткая справка: газета
Названия на других языках: "Белорусская нива" (русский);
Предыдущие названия: "Беларуская вёска"; "Беларуская ніва"; "Белорусская деревня"; "Белорусская нива"; "Калгасная праўда"; "Калгаснік Беларусі"; "Колхозная правда"; "Савецкі селянін"; "Сельская газета"
Любімая газета сельскіх жыхароў “Белорусская нива” заўсёды праўдзіва адлюстроўвае працэсы, якія адбываюцца ў вёсцы, расказвае сваім чытачам пра асноўныя падзеі краіны і замежжа. У ёй, як у люстэрку, бачны ўвесь складаны і нярэдка супярэчлівы шлях аграрнай Беларусі за апошнія дзевяць дзесяцігоддзяў. Асвятленне пытанняў сельскагаспадарчай вытворчасці, эканамічнага і сацыяльнага развіцця вёскі, знаёмства з дасягненнямі навукі і тэхнікі ў сельскай гаспадарцы, прапаганда вопыту перадавых грамадскіх гаспадарак – асноўны спектр задач адной з самых старэйшых газет рэспублікі. Яна добра вядома сярод навукоўцаў і кіраўнікоў аграрнага сектара, якія карыстаюцца выданнем як трыбунай для прапаганды найбольш перадавых поглядаў і падыходаў да сельскагаспадарчай навукі. На старонках газеты не раз расказвалася аб станоўчых змяненнях у жыцці вёскі, яе выдатных жыхарах.
За час існавання выданне не раз мяняла назву, мову, арфаграфічныя прынцыпы: спачатку называлася “Белорусская деревня” (на рускай мове), з 1922 г. выходзіла як дадатак да газеты “Звязда”, у 1924 г. яна стала самастойнай і называлася “Беларуская вёска” (на беларускай мове), з 1931 па жнівень 1935 г. – “Калгаснік Беларусі”, з сакавіка 1945 г. – “Савецкі селянін” ( cа снежня 1947 г. на беларускай і рускай мовах), з кастрычніка 1950 г. – “Калгасная праўда” (на беларускай і рускай мовах), з лістапада 1962 г. – “Сельская газета” (на беларускай і рускай мовах, са студзеня 1963 г. на рускай мове), з лютага 1991 г. – “Белорусская нива”.
З самых першых выпускаў галоўная сялянская газета краіны ўключылася ў будаўніцтва новага жыцця. Выходзіла спачатку два разы ў тыдзень (зараз пяць разоў у тыдзень) і была прызвана пашырыць палітычны кругагляд, падняць культурны ўзровень вясковых жыхароў, натхніць іх на самаахвярную працу. У газеце публікаваліся многія вядомыя паэты і пісьменнікі, такія як П. Броўка, К. Чорны, П. Глебка, К. Крапіва, М. Чарот і інш. У тыя далёкія гады са сваёй асветніцкай, агітацыйна-прапагандысцкай місіяй газета спраўлялася паспяхова, з нумара ў нумар даказвала, што добра ведае клопаты, патрэбы і імкненні сялян. У публікацыях былі прадстаўлены як станоўчыя, так і негатыўныя моманты. Яркай старонкай у летапіс выдання (тады яшчэ “Сельской газеты”) увайшоў праект “Гэта наш з табой лёс, гэта наша з табой біяграфія”, ажыццёўлены ў 1981–1985 гг. Ён даў магчымасць адлюстраваць жыццё ўсіх раёнаў Беларусі дзякуючы шматлікім паездкам журналістаў па рэспубліцы і аператыўнаму збору імі карыснай інфармацыі.
На старонках сучаснай “Белорусской нивы” ўзнімаюцца праблемы развіцця аграпрамысловага комплексу краіны, знаходзяць адлюстраванне ўсе сацыяльна-псіхалагічныя аспекты вясковага жыцця. Зацікаўлена абмяркоўваюцца актуальныя пытанні сельскай гаспадаркі, вядзецца прапаганда перадавых форм і метадаў работы, знаходзяць месца новыя дасягненні аграрнай навукі і тэхнікі. Асвятляюцца таксама пытанні міжнароднай палітыкі, экалогіі, здароўя, праблемы моладзі і інш. Пасля з'яўлення Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005–2010 гг., дзе быў распрацаваны комплекс эканамічных і сацыяльных мер, сувязным звяном паміж кіраўнікамі аграпрамысловага комплексу, вучонымі і непасрэдна тымі, хто заняты ў земляробстве і жывёлагадоўлі, стала менавіта “Белорусская нива”. Яна фарміравала грамадскую думку, не цуралася выкрываць праблемы ў дасягненні мэт праграмы – удасканалення інфраструктуры населеных пунктаў, павышэння якасці адукацыі, паляпшэння медыцынскага і камунальнага абслугоўвання, развіцця фізічнай культуры, спорту і турызму, жыллёвага будаўніцтва і інш.
Матэрыялы газеты публікуюцца на дзвюх дзяржаўных мовах. Прававая, вытворчая, ваенна-патрыятычная тэматыка асвятляецца на рускай мове, пытанні культуры, краязнаўства, сацыяльна-бытавыя праблемы, навіны – на беларускай. Навейшая гісторыя сельскагаспадарчай галіны адлюстроўваецца ў рубрыках “Урожай–2011”, “Беларусь аграрная”, “Сельский бизнес”, «Вестник РО “Белагросервис”» і інш. Візітнай карткай з'яўляецца пастаянная рубрыка “Беларускі ручнік”. Менавіта з верша, змешчанага пад ёй, пачынаецца знаёмства з матэрыяламі выдадзенага нумара. “Белорусская нива” мае дадаткі “Сельчанка”, “Народный лекарь”, “Белорусская мельница”, “Усадьба”, “Колосок”, “Деловой блокнот”. Распрацавана некалькі спецыяльных праектаў (“Расти, древо знаний”, “Сельский бизнес” і інш.). Да 90-годдзя выдання быў створаны інтэрнэт-музей (http://museum.belniva.by/), які адлюстроўвае галоўныя вехі развіцця газеты.
“Белорусской ниве”, а таксама яе асобным супрацоўнікам належаць некалькі своеасаблівых рэкордаў. За рэалізацыю ўнікальнага праекта (у 1999 г., калі свет адзначаў 200-годдзе з дня нараджэння А. С. Пушкіна, суботні нумар выходзіў з партрэтам знакамітага пісьменніка) намесніку галоўнага рэдактара А. Страпчаму былі ўручаны Залаты Пушкінскі медаль і Дыплом Канфедэрацыі творчых саюзаў Расіі ў намінацыі “Асветніцкая дзейнасць”. Па выніках Першага нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ лепшым аглядальнікам краіны прызнаны супрацоўнік рэдакцыі “Белорусской нивы” І. Дылеўскі. Дыпломы міжнароднага журналісцкага конкурсу “Вопреки” імя Ларысы Юдзінай атрымалі В. Леганькоў і І. Гармель. Галоўнымі крытэрыямі ў ацэнцы работ была выразная грамадзянская пазіцыя і высокі прафесійны ўзровень аўтараў публікацый. Ігар Акшэўскі стаў лаўрэатам конкурсу “Победившие вместе”. У 1971 г. газеце быў уручаны ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, а супрацоўнікі тады яшчэ “Сельской газеты” ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі і Граматамі Вярхоўнага Савета БССР. У дзень 85-годдзя “Белорусская нива” атрымала Ганаровую грамату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2006), у 2008 г. – Грамату Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. У 2010 г. калектыў “Белорусской нивы” быў удастоены высокай узнагароды – “Залатой Літары”. Установа «Рэдакцыя газеты “Белорусская нива”» стала лаўрэатам інтэрнэт-прэміі “Тіbo–2011”.
Многія былыя галоўныя рэдактары газеты, такія як В. Фясько, У. Мацвееў, А. Колас, Л. Толкач, М. Шыманскі, Я. Сямашка пакінулі ў ёй яркі, незабыўны след. Прадаўжальнікам гэтай пачэснай, адказнай справы з'яўляецца С. Міховіч. Творча, з глыбокім веданнем вясковага жыцця, псіхалогіі вясковага працаўніка стваралі свае аналітычныя артыкулы, цудоўныя нарысы, эсэ журналісты А. Юдчыц, І. Калюта, М. Вырвіч, І. Міцкевіч, Л. Капусціна, Т. Холад, П. Жарскі, А. Цыбулька і многія іншыя. Вялікі ўклад у выпуск раённых старонак унеслі фотакарэспандэнты Г. Бугаенка, Л. Эйдзін, І. Шышко, У. Кашкан, Г. Кадэт, А. Кляшчук, А. Сакалоў, Ю. Захараў і інш. Супрацоўнікам “Белорусской нивы” ўдалося захаваць лепшыя традыцыі выдання, сутнасць якіх у высокім узроўні журналісцкага майстэрства, падрабязным і праўдзівым асвятленні ўсіх бакоў вясковага жыцця. Чытачам, як і раней, імпануюць высокі прафесіяналізм, аб'ектыўнасць, грамадзянская пазіцыя аўтараў. У стварэнні газеты прымаюць удзел і самі вяскоўцы, якія дасылаюць у рэдакцыю свае лісты з апісаннем падзей і карцін вясковага жыцця, просьбамі, падзякамі.
Дзевяць дзесяцігоддзяў – гэта доўгі і няпросты шлях, пройдзены выданнем разам са сваімі чытачамі. За гэты час праз рэдакцыю прайшло не адно пакаленне журналістаў, тэхнічных работнікаў, нязменным засталося прызначэнне газеты: быць летапісцам жыцця беларускай вёскі, выразнікам спадзяванняў і інтарэсаў вяскоўцаў, сапраўдным іх сябрам і заступнікам. Газета здолела захаваць увагу да чалавека працы – галоўнага стваральніка нацыянальнага багацця краіны, носьбіта высокіх маральных каштоўнасцей.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.