Дата начала: пад 1065 Браслаўскі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка: горад, цэнтр раёна Віцебскай вобласці
Названия на других языках: Браслав (русский);
Предыдущие названия: Браславль; Браславль Завельскі; Браціслаў; Брачслав; Брачыслаў; Бряславль; Бряслов; Брясловль
“Жамчужынай Беларускага Паазер’я” называюць Браслаўшчыну – адзін з прыгажэйшых куткоў нашай краіны, які шчодра надзяліла прырода шматлікімі багаццямі. Хто хоць аднойчы пабываў у гэтым дзівосным краі, той назаўсёды пакінуў у сваім сэрцы яго непаўторнае хараство, зачэрпнутае з блакітнага бяздоння браслаўскіх азёр.
Аб старажытным жыцці браслаўскага краю да ХІІ ст. захавалася няшмат гістарычных звестак. Упершыню Браслаў згадваецца пад 1065 г. у “Хроніцы Быхаўца” – агульнадзяржаўным летапісным зводзе пачатку XVI ст., і хроніцы М. Стрыйкоўскага (гісторыка ВКЛ XVI ст.) у сувязі з паходам літоўскіх князёў на полацкія землі. Па іроніі лёсу год разбурэння горада стаў афіцыйнай датай яго заснавання. Але пачатак гісторыі Браслава даследчыкі звязваюць з гарадзішчам “Замкавая гара”, размешчаным на перашыйку азёр Дрывяты і Навята. Паводле археалагічных даследаванняў Л. Аляксеева, праведзеных у 1955–1956 гг., у Х ст. тут існаваў невялічкі латгальскі пасёлак, насельніцтва якога займалася прымітыўным земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем і рыбнай лоўляй. З ХІ ст. Браслаўшчына ўваходзіць у склад Полацкага княства, і на месцы спаленага латгальскага паселішча на Замкавай гары будуецца парубежная полацкая крэпасць. Часткова захаваліся ад тых далёкіх часоў земляныя валы, якія месцамі маюць вышыню да 9–14 м. Час будаўніцтва браслаўскіх умацаванняў адпавядае княжанню полацкага князя Брачыслава Ізяславіча (1001–1044), унука Рагнеды. З яго імем звычайна звязваюць заснаванне і паходжанне назвы горада. Не выключана, аднак, што назва Браслава больш старажытная, балцкага паходжання. У сучаснай латышскай мове ёсць слова “брасл” – “брод”. Непадалёку ад Замкавай гары і сапраўды знаходзіцца мелкаводная пратока паміж азёраў.
Культурны і эканамічны росквіт горада прыпадае на ХІІ–ХІІІ стст., калі раён Браслаўскага Паазер’я ўваходзіў у склад Полацкай дзяржавы як адзін з фарпостаў на паўночна-заходняй яе мяжы. З XIV ст. горад з’яўляўся павятовым горадам. Узмацнілася яго роля як грамадскага цэнтра, дзе склікаліся павятовыя сеймікі – сходы шляхты для выбару паслоў на агульнадзяржаўныя сеймы, кандыдатаў у мясцовыя суды. У 1500 г. Браслаў наведаў вялікі князь Аляксандр, будучы кароль Польшчы, які даў гораду прывілей на няпоўнае магдэбургскае права.
Шмат ліхалеццяў на абсягах сівой гісторыі спазнаў азёрны край, паколькі знаходзіўся на шляхах войнаў у часы паходаў шведаў і іншых заваёўнікаў. Неаднойчы разбураўся, прыходзіў у заняпад і сам Браслаў. Падчас руска-польскай вайны (1654–1667 гг.) ён быў знішчаны дашчэнту ў 1661 г. Рашэннем Варшаўскага сейма 1661 г. Браслаў вызвалены на чатыры гады ад усіх падаткаў. У гістарычным лёсе браслаўскага краю другая палова XVII і першая палова XVIII стагоддзяў паўстаюць як час рэзкага заняпаду, выкліканага працяглымі войнамі. У 1792 г. у адпаведнасці з прывілеем Станіслава Аўгуста Панятоўскага г. Браслаў набыў свой герб – “Вока Прадбачання”, ці Нядрэмнае, Усёбачнае вока. На блакітным шчыце браслаўскага герба змешчана сімвалічная выява чалавечага вока ў трохкутніку ў абрамленні сонечных прамянёў. Паводле рашэння надзвычайнага Гродзенскага сейма 1793 г. Браслаўскі павет Віленскага ваяводства вылучаны ў асобнае ваяводства з цэнтрам у г. Браславе (пасля пажару 1794 г. цэнтр яго перанесены ў Відзы). У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Браслаўскае ваяводства як павет увайшло ў Віленскую губерню Расійскай імперыі.
З падзей ХІХ ст. неабходна згадаць Айчынную вайну 1812 г. Над браслаўскімі азёрамі прайшлі галоўныя сілы адступаючай 1-й Заходняй Арміі. Дзевяць дзён у Браславе размяшчаўся штаб маршала М. Нэя. Восенню 1812 г. горад вызвалены армейскім партызанскім атрадам палкоўніка Я.І. Властава. Мясцовыя жыхары ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчых паўстаннях 1831 г. і 1863 г. Прамежак 1914–1920 гг. прыгадваецца разнастайнымі крывавымі ваеннымі падзеямі і шматлікімі зменамі ўлад. Нямала гора і бед прынесла жыхарам Браслаўшчыны Першая сусветная вайна. У 1921–1939 гг. Браслаў – у складзе Польшчы, з верасня 1939 г. – у БССР (4,9 тыс. жыхароў). 15 студзеня 1940 г. павет скасаваны, на яго тэрыторыі ўтвораны шэраг раёнаў (у тым ліку Браслаўскі). З канца чэрвеня 1941 г. па ліпень 1944 г. тэрыторыя браслаўскага краю была акупіравана нямецка-фашысцкімі войскамі, але ён не скарыўся варожай навале. З першага года акупацыі ў Браславе пачынае дзейнічаць патрыятычнае падполле, быў разгорнуты шырокі партызанскі рух. Маюцца на Браслаўшчыне вёскі, якія падзялілі журботны лёс спаленай з жыхарамі Хатыні (Рэпаўшчына, Лабэцкія, Баравыя). У цэнтральным скверы сучаснага Браслава ў суцішлівым пошуме дрэў знаходзіцца брацкая магіла воінаў 166-й стралковай дывізіі 1-га Прыбалтыйскага фронту і партызан, якія загінулі пры вызваленні горада і раёна ў ліпені 1944 г.
Зноў і зноў, як былінная птушка Фенікс, узнімаўся, уваскрасаў з попелу Браслаў, каб доўжыць свой шлях у гісторыі. Уваскрос, аднавіўся, глядзіць годна і прыгожа пасля жорсткага кровапраліцця мінулай вайны, гасцінна прывячае тых, хто ідзе сюды з мірным чалавечым клопатам, каб душой дакрануцца да чароўнага хараства тутэйшай прыроды, ствараць духоўныя скарбы на карысць людзям. Памяць пра жыццё і бескарысную самаахвярную дзейнасць многіх таленавітых людзей, пра падзеі далёкіх і не надта аддаленых часоў зберагае ў сваіх сценах гісторыка-краязнаўчы музей горада (заснаваны ў 1984 г.), далучаючы экспанатамі разгорнутых экспазіцый да багатай гістарычнай спадчыны браслаўскага краю. Сапраўдным дзяржаўным клопатам пра яе захаванне і памнажэнне, зберажэнне унікальнага прыроднага комплексу стала стварэнне ў жніўні 1995 г. на тэрыторыі Браслаўскай групы азёр дзяржаўнага нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”. Існуюць на Браслаўшчыне і храмы, узведзеныя чалавечым майстэрствам і натхненнем. Менавіта ў г. Браславе знаходзяцца адметныя архітэктурныя помнікі ХІХ ст. – Браслаўская Мікалаеўская царква (1897 г.), Браслаўскі касцёл (касцёл Ражаства Маці Божай; узведзены ў 1824 г.), у галоўным алтары якога захоўваецца абраз Маці Божай Браслаўскай – каталіцкая святыня, што найбольш шануецца на Браслаўшчыне, помнік эклектычнай архітэктуры – будынак былой лячэбніцы (1906 г.) славутага браслаўскага лекара С. Нарбута (зараз тут бібліятэка).
На тэрыторыі г. Браслава функцыяніруюць больш за 90 устаноў і арганізацый. Буйнымі прадпрыемствамі з’яўляюцца: ААТ “Браслаўскі малочны завод”, хлебазавод, ААТ “Браслаўскі льназавод”, аграпрамысловае прадпрыемства “Браслаўскі харчовы камбінат”. Працуюць тры сярэднія школы, гімназія, музычная школа, Дом культуры, цэнтральная раённая і дзіцячая бібліятэкі, музейнае аб’яднанне. Браслаў – адзін з цэнтраў турызму і адпачынку Беларусі. Колькасць насельніцтва з 10,1 тыс. жыхароў павялічваецца ў летні час у некалькі разоў. У горадзе размешчаны дзве турбазы – “Дрывяты” і “Браслаўскія азёры”.