Дата начала: 30.01.1925 Мінская і Віцебская вобласці
Краткая справка: дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова
Названия на других языках: Березинский биосферный заповедник (русский);
Предыдущие названия: Бярэзінскі дзяржаўны запаведнік; Государственный охотничий заповедник; Дзяржаўны паляўнічы запаведнік
Бярэзінскі біясферны запаведнік – адна з самых старэйшых і адзіных у Рэспубліцы Беларусь прыродаахоўных тэрыторый самага высокага рангу, што захавалася ў першапачатковым выглядзе і атрымала сусветную вядомасць як эталон некранутай прыроды не толькі ў СНД, але і Еўропе.
Заказнік быў заснаваны ў 1925 г. для аховы і развядзення каштоўных, рэдкіх і тых, якія знікаюць, птушак і звяроў, асабліва баброў. Знаходзіцца ён у паўночнай частцы краіны на тэрыторыі Докшыцкага і Лепельскага раёнаў Віцебскай і Барысаўскага раёна Мінскай абласцей. Станаўленне запаведніка адбывалася ў цяжкіх умовах гаспадарчай разрухі, пры адсутнасці дзяржаўных баз, жылля, навуковых і тэхнічных кадраў. З 1927 г. у ім пачаўся ўлік мядзведзя, лася, кабана, бабра, казулі, барсука, выдры. Адначасова на біястанцыі пачаліся вопыты па вальерным развядзенні рачных баброў. У 1936 г. у запаведніку праведзена работа па лесаўпарадкаванні. Плошча яго склала 67 276 га, але ў 1938 г. скарочана на 18 700 га ў сувязі з тым, што ў паўночнай частцы каштоўных відаў фаўны выяўлена не было.
У час Вялікай Айчыннай вайны запаведнік стаў цэнтрам партызанскага руху на поўначы Беларусі. На яго тэрыторыі размяшчаліся базы брыгад “Жалязняк”, “Стары”, імя С.М. Кірава і іншыя баявыя групы. Ваенныя дзеянні нанеслі запаведніку значны ўрон. Былі знішчаны ўсе навуковыя, архіўныя і калекцыйныя матэрыялы, спалены адміністрацыйныя і жылыя будынкі.
Пасля вайны запаведнік быў узноўлены, але ў 1951 г. яго ліквідавалі. Тут праводзіліся інтэнсіўныя высечкі лесу. І толькі ў 1958 г. пастановай урада рэспублікі запаведнік быў узноўлены ў былых межах (на плошчы 67 тыс. га) і перададзены ў распараджэнне Галоўнага ўпраўлення лясной гаспадаркі пры Савеце Міністраў БССР. Але асноўным напрамкам яго дзейнасці (ахове тэрыторыі, развіццю навуковых даследаванняў) амаль да 1970-х гг. увагі надавалася вельмі мала.
Як паўнацэнная навукова-даследчая ўстанова прыродаахоўнага профілю заказнік пачаў функцыянаваць толькі з 1969 г. пасля перадачы яго ў падпарадкаванне Галоўнаму ўпраўленню па ахове прыроды, запаведнікам і паляўнічай гаспадарцы Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР. Было палепшана матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне запаведніка і штатнае распісанне, павысіўся ўзровень навуковых даследаванняў, разгарнулася работа па экалагічным маніторынгу (стаў складацца “Летапіс прыроды”). У 1971 г. упершыню пачало ажыццяўляцца заніраванне тэрыторыі. Плошча запаведніка з улікам ахоўнай зоны склала 109,2 тыс. га. Пры чарговым лесаўпарадкаванні ў 1975–1976 гг. была праведзена дыферэнцыяцыя тэрыторыі на ўчасткі з розным рэжымам аховы, які адпавядаў палажэнню аб біясферным запаведніку. У лютым 1979 г. Прэзідыум Міжнароднага каардынацыйнага савета праграмы “Чалавек і прырода” прысвоіў запаведніку статус біясфернага. З 2001 г. ён стаў Дзяржаўнай прыродаахоўнай установай “Бярэзінскі біясферны запаведнік”. Заказнік – месца сапраўды ўнікальнае: прыродныя раслінныя комплексы тут захаваліся ў непарушным стане. Вельмі разнастайны лес, ці не палову якога складаюць хвойнікі, шмат бяроз, ельнікаў, асіннікаў, чорнаальшаннікаў. Узрост некаторых ясеневых і чорнаальхова-ясеневых дрэвастояў дасягае 160–170 гадоў. Асаблівым гонарам з’яўляюцца дубровы. У пойме Бярэзіны расце вялікая колькасць вярбы. Сама рака цячэ праз тэрыторыю запаведніка на 110 км і мае 30 прытокаў. Найбольшы левы прыток Бярэзіны – частка пабудаванай у XVIII – пачатку XIX ст. Бярэзінскай воднай сістэмы, якая дазволіла звязаць рэкі басейна Балтыйскага і Чорнага мораў і аднавіць шлях з варагаў у грэкі. З канца ХІХ ст. гаспадарчага значэння гэта сістэма не мела. На тэрыторыі запаведніка – шмат азёр, адкрытых балот. Тут водзяцца ласі, высакародныя алені, казулі, дзікі, бурыя мядзведзі і іншыя, маецца больш за 200 пасяленняў баброў, гняздуюцца рэдкія драпежныя птушкі, а таксама чорны бусел і глушэц. 46 відаў раслін і 10 відаў жывёл Бярэзінскага біясфернага запаведніка занесены ў Чырвоную кнігу. Заказнік валодае вялікай навукова-тэхнічнай і гаспадарчай базай, з’яўляецца своеасаблівай лабараторыяй для шэрагу інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пасёлак Домжарыцы Лепельскага раёна – адміністрацыйны і навуковы цэнтр запаведніка. Знаёмства з унікальнай прыродай адбываецца дзякуючы наведванню экалагічных інфармацыйна-пазнавальных маршрутаў. Запаведнік развівае такія кірункі, як рэкрэацыйны, экалагічны і паляўнічы турызм, і прапануе разнастайныя праграмы знаходжання: ад аднадзённых наведванняў музея прыроды, дэманстрацыйных вальераў з дзікімі жывёламі да шматдзённых спецыялізаваных экалагічных тураў па назіранні за 120–150 відамі дзікіх жывёл у прыродным асяроддзі. Распрацаваны праграмы арніталагічнай, батанічнай, балотнай, заалагічнай дзейнасці і камбінаваных тураў па сезонах года. Бярэзінскі біясферны запаведнік па праве лічыцца ўнікальнай прыроднай лабараторыяй, прызначанай для правядзення назіранняў за ходам натуральных працэсаў і з’яў у некранутым чалавекам прыродным асяроддзі. Ён удзельнічае ў выкананні міжнародных праграм МАВ (“Чалавек і біясфера”), ГЕФ (“Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця”). З’яўляючыся часткай міжнароднай сеткі біясферных рэзерватаў, запаведнік актыўна развівае міжнароднае супрацоўніцтва з асобнымі замежнымі прыродаахоўнымі тэрыторыямі Францыі, Польшчы, Расіі, Украіны. Аднак найбольш цесныя сувязі склаліся з біясфернымі рэзерватамі “Паўночныя Вагезы” (Францыя) і “Пушча Кампіноска” (Польшча).
Высокай ацэнкай развіцця дзейнасці запаведніка стала яго ўзнагарода Дыпломам Савета Еўропы (1995), асновай для прысуджэння якога паслужылі разнастайнасць флоры, фаўны і ландшафту заказніка, захаванасць прыроды ў першапачатковым выглядзе. У цяперашні час установа тройчы паспяхова пацвердзіла гэты высокі статус і з’яўляецца ўладальнікам Дыплома да 2020 г. Запаведнік у 2010 г. уключаны ў Рамсарскі спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння (усяго ў Беларусі ўваходзяць у гэты спіс дзевяць прыродаахоўных тэрыторый). Ён таксама з’яўляецца членам Міжнароднай арганізацыі “Wetland Link International” (з 2011 г.), партнёрам Еўрапейскага грамадства дзікай прыроды “European Wilderness Society” (з 2014 г.).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.