Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава
Дата начала:
15.11.1867 Магілёў, г.
Краткая справка:
установа культуры
Названия на других языках:
Magilyou Regional Homeland Museum (не определен); Могилёвский областной краеведческий музей имени Е.Р. Романова (русский);
Предыдущие названия:
Магілёўскі губернскі краязнаўчы музей; Магілёўскі музей
5188 символов
Справка
Адным з буйнейшых музеяў Беларусі з’яўляецца Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава. Гэта адначасова сацыяльна-культурны, навукова-даследчы і адукацыйны цэнтр. Ён прапануе цікавыя аглядныя і тэматычныя экскурсіі, што садзейнічае выхаванню патрыятычнай і нацыянальнай самасвядомасці наведвальнікаў.
Заснаваны ў Магілёве ў 1867 г. як Магілёўскі музей, з 1878 г. – губернскі. У 1918 г. аб’яднаны з Магілёўскім царкоўна-археалагічным музеем. З 1919 г. – дзяржаўны гістарычны музей, з 1924 г. – аддзяленне Беларускага дзяржаўнага музея, з 1929 г. – Магілёўскі дзяржаўны музей з філіяламі: Музей гісторыі і атэізму (1935–1941), Мемарыяльны музей Р.К. Арджанікідзе (1937–1941). Пасля Вялікай Айчыннай вайны, у 1949 г., аднавіў дзейнасць як гісторыка-краязнаўчы музей. З 1953 г. гэта Магілёўскі абласны краязнаўчы музей. Яго філіялы – Музей гісторыі бітвы пад Лясной (1958–1985, Слаўгарадскі раён), Музей дзекабрыстаў (1985–1996, Магілёў), Магілёўскі музей этнаграфіі (сучасная назва, з 1981 па 1996 г. з’яўляўся аддзелам краязнаўчага музея). З 1977 па 1990 г. быў зачынены на капітальны рамонт. У 2005 г. музею прысвоена імя беларускага археолага, гісторыка, краязнаўца, педагога Е.Р. Раманава. Дырэктарамі ў розны час былі І. Юшчанка, У. Венюкоў, І. Мігулін, І. Скварцоў, М. Каваленчыкаў. З 1987 г. ім з’яўляецца В. Анненкаў.
Музей займаецца выяўленнем прадметаў музейнага значэння, камплектаваннем фондаў, улікам, захаваннем, вывучэннем і папулярызацыяй сабраных калекцый. У першыя гады існавання ўстановы музейныя калекцыі вывучалі і сістэматызавалі гісторыкі-краязнаўцы М. Фурсаў, Е. Раманаў, С. Чалоўскі. У 90-х гг. ХIХ ст. былі выдадзены каталогі, у якіх налічвалася каля 1500 экспанатаў. Уклад у развіццё музея ў 20-х – пачатку 30-х гг. ХХ ст. унеслі Д. Даўгяла, А. Радзько, Д. Гусакоў, У. Венюкоў. У 1928–1929 гг. установай былі набыты каштоўнасці, якія ўваходзілі ў склад дзяржаўнага антыкварнага фонду СССР. Сярод экспанатаў быў крыж Ефрасінні Полацкай – нацыянальная рэліквія беларусаў. Таксама захоўваліся рукапісныя кнігі і граматы, зброя Х–ХIV стст., манеты, абразы ХIII–ХVIII стст., фарфоравыя вырабы ХIV–ХVIII стст., карціны І. Айвазоўскага, І. Рэпіна, В. Сярова і інш. У Вялікую Айчынную вайну ўсе музейныя калекцыі бясследна зніклі. У стварэнні пасляваеннага музея ўдзельнічалі І. Мігулін, А. Блыхаў, М. Саўчанка, М. Арцюхоў і інш. Актыўна ішоў збор матэрыялаў па савецкай гісторыі Магілёўскага краю. 1 студзеня 1951 г. адкрылася першая экспазіцыя. У 1961 г. для музея быў выдзелены ўласны трохпавярховы будынак на Савецкай плошчы (размяшчаецца ў ім і зараз).
Агульная плошча музея складае больш за 2 тыс. кв. м, у тым ліку выставачнай залы 120 кв. м. У ім знаходзіцца 135 571 адзінка экспанатаў асноўнага фонду і 160 351 навукова-дапаможнага. Усяго больш за 20 калекцый: археалогіі (крамянёвыя, каменныя і жалезныя прылады), нумізматыкі (каля 30 тыс. манет Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Рускай дзяржавы, Прусіі, Сілезіі і інш.), ваенных даспехаў, крыжоў ХI–ХVII стст., зброі ХIV–ХIХ стст., друкаваных выданняў, жывапісу ХVIII ст., дакументаў, фалерыстыкі і інш. Сярод рэдкіх экспанатаў упрыгажэнні, берасцяная грамата ХIII ст., кнігі Магілёўскай друкарні 1616–1713 гг., катэхізіс ХVIII–ХIХ стст. і інш. Зберагаюцца ўзоры беларускага народнага адзення, ткацтва, вышыўкі, старажытнага і сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У музеі дзейнічаюць экспазіцыі (размешчаныя ў 20 залах): «Археалогія і старажытная гісторыя», «Гісторыя краю з IХ ст. да 1917 г.», «Гісторыя краю з 1917 па 1945 г.», «Прырода краю». Апошняя знаёміць з глебавымі і кліматычнымі картамі мясцовасці, флорай і фаўнай, узорамі карысных выкапняў. Музей этнаграфіі (філіял) мае дзве пастаянныя экспазіцыі – «Зямлі роднай кругавод» і «Магілёў губернскі», дзе прадстаўлены экспанаты, якія знаёмяць з побытам і традыцыямі насельніцтва горада і губерні ў ХVIII–ХХ стст. Музей і філіял маюць залы для зменных выставак. У цяперашні час працуюць наступныя: «Гістарычныя вобразы ў зборы музея» (дае магчымасць прасачыць асноўныя этапы развіцця беларускага і магілёўскага выяўленчага мастацтва за пасляваенны перыяд), «Археалагічныя старажытнасці Магілёўшчыны» (прадстаўляе зборы адной з багацейшых у Беларусі археалагічных калекцый), «Светлыя цені мінулага» (экспануюцца творчыя работы мастака В. Камарова). Паспяхова праводзяцца асветніцкія праграмы: экскурсіі, музейныя заняткі (для дашкольных устаноў і школьнікаў малодшых класаў), лекцыі (для школьнікаў сярэдніх класаў, старшакласнікаў і студэнтаў). Вядзецца даследчая работа па гісторыі рэгіёна, рэгулярна арганізоўваюцца навуковыя археалагічныя і этнаграфічныя экспедыцыі, праходзяць канферэнцыі, у тым ліку міжнародныя. У 1990-я гг. музеем было адноўлена выданне зборніка «Магілёўшчына» (першы выпуск выйшаў у 1927 г.). Праз некаторы час пачаў выдаваць яго сумесна з іншымі абласнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі.
Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава з’яўляецца сапраўдным «захавальнікам вечнасці». Усе жадаючыя маюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з культурнай, сацыяльнай, палітычнай, экалагічнай гісторыяй магілёўскага краю.