Дата начала: 22.10.1944 Мінск, г.
Краткая справка: лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2015)
Названия на других языках: Белорусский государственный музей истории Великой Отечественной войны (русский);
Предыдущие названия: Музей гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікую Айчынную вайну; Музей истории борьбы белорусского народа с немецко-фашистскими захватчиками в Великую Отечественную войну
Пралогам стварэння музея стала выстаўка «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай», якая адкрылася ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве ў лістападзе 1942 г. У яе аснову былі пакладзены матэрыялы Камісіі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, заснаванай у снежні 1941 г. у ходзе контрнаступлення Чырвонай Арміі пад Масквой.
Афіцыйнае адкрыццё музея адбылося 22 кастрычніка 1944 г. у Доме прафсаюзаў у Мінску. Першай часовай экспазіцыяй сталі выстаўкі «Зброя» і «Партызанскі друк». Сярод экспанатаў былі лістоўкі, газеты, рукапісныя партызанскія часопісы, фотаздымкі, узоры зброі (трафейнай і самаробнай), творы выяўленчага мастацтва і інш. На той час у фондах налічвалася 10 тыс. прадметаў, значная частка з іх была перададзена музею Беларускім штабам партызанскага руху. На працягу 1945 – пачатку 1947 г. адкрыліся новыя раздзелы экспазіцыі. Сярод іх – «Акупацыйны рэжым і зверствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Беларусі», «Партызанскі рух у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Аднаўленне Беларусі», «Народная гаспадарка і культура Савецкай Беларусі напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны», «Вераломны напад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на СССР і гераічная абарона савецкага народа» і інш. На аснове першых тэматычных выставак і новых раздзелаў у 1947 г. пачала працаваць стацыянарная экспазіцыя.
З 1966 г. музей займаў будынак на Цэнтральнай плошчы (зараз Кастрычніцкая). Экспазіцыя адкрылася ў 1967 г. У ёй значна пашырана франтавая тэматыка, узмоцнена тэма гераізму савецкага народа і ўкладу военачальнікаў у Перамогу. У 1968 г. былі праведзены ўдасканаленні ў мастацкім і навуковым рашэнні раздзелаў гісторыі абарончых баёў у Беларусі, акупацыйнага рэжыму, зараджэння партызанскага руху і «рэйкавай вайны», залы Перамогі (мастак А. Кроль). У гэты ж перыяд створаны дыярамы «Бой ля Астрашыцкага гарадка», «Абарона Магілёва», «Лагер смерці Трасцянец». У 1977 г. побач з музеем пачала работу выстаўка пад адкрытым небам, дзе была прадстаўлена тэхніка Чырвонай Арміі.
Новы этап у гісторыі музея пачаўся ў другой палове 1980-х гг. У фонды сталі паступаць дакументы з Германіі, з’явіліся матэрыялы аб Арміі Краёвай і саюзніках (іх перадала пасольства ЗША). Была пашырана экспазіцыйная плошча для размяшяэння тэмы «Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.» і ўведзена тэма «Трагедыя Мінска. 1941–1942». У 1999 г. створана выстаўка «Пралог», якая адлюстравала даваенны перыяд з канца 1930-х гг. да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На 2009 г. асноўны фонд музея налічваў каля 105 тыс. адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – каля 35,6 тыс. Экспазіцыя размяшчалася ў 26 экспазіцыйных і 2 выставачных залах. Фарміраванне музейных калекцый ажыццяўлялася па 26 раздзелах, якія ўключалі ваенную археалогію, фалерыстыку, геральдыку, нумізматыку, мастацкія вырабы, зброю, сцягі, вайсковае абмундзіраванне, прадметы побыту, кінафотаматэрыялы, друкаваныя і рукапісныя матэрыялы і інш. Калекцыя дакументаў налічвала 27 тыс. адзінак, у тым ліку баявыя данясенні, справаздачы і часопісы ваенных дзеянняў, дзённікі, загады, баявыя характарыстыкі чырвонаармейцаў, іх кніжкі, падзякі, пасведчанні аб гібелі і інш. Большая частка калекцый была сфарміравана ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, аднак і ў наступныя гады фонды працягвалі папаўняцца рэліквіямі з сямейных архіваў, прыватных калекцый, археалагічнымі знаходкамі. У хуткім часе ўзнікла неабходнасць узвядзення новага памяшкання.
Будаўніцтва музейнага комплексу (архітэктурны праект В. Крамарэнкі) пачалося з закладкі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам капсулы з пасланнем нашчадкам у час правядзення Рэспубліканскага суботніка 24 красавіка 2010 г. Ён размясціўся ў гістарычнай частцы Мінска – на ўзвышшы каля архітэктурна-скульптурнага комплексу «Мінск – горад-герой» у раёне Парку Перамогі. Цэнтральны фасад будынка выкананы ў выглядзе сімвалічнага салюта Перамогі, у промнях якога прадстаўлены 10 знакавых падзей часоў вайны – пачынаючы ад абароны Брэсцкай крэпасці і заканчваючы ўзняццем флага Перамогі над Рэйхстагам. Урачыстае адкрыццё музея адбылося 2 ліпеня 2014 г. напярэдадні святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яно праходзіла з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі і Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі У.У. Пуціна.
На момант пераезду ў новы будынак фонды музея налічвалі 144 тыс. адзінак захоўвання. Ранейшыя экспазіцыі былі дапоўнены і пашыраны, з’явіліся новыя. Сярод іх – «Мір і вайна», «Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны», «Дарога вайны», «Беларусь пасля вызвалення. 1944–1950 гады. Памяць аб вайне», «Нашчадкі Вялікай Перамогі». Пастаянная экспазіцыя размешчана ў 10 залах. У ёй прадстаўлена шмат ваенных рарытэтаў. Самымі адметнымі з’яўляюцца экспанаты калекцый «Зброя самаробная» і «Рукапісныя часопісы», якія ў 2009 г. атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «1», а таксама баявыя сцягі воінскіх злучэнняў і партызанскіх фарміраванняў. Спецыфіка мастацкага афармлення новай экспазіцыі заключаецца ў шырокім выкарыстанні рэканструкцый «Танкавы таран», «Пераправа на плоце артылерыйскага разліку цераз раку Днепр», «Паветраны бой» і інш. У афармленні прыменены мультымедыйныя тэхналогіі: шаравы экран, галаграфічныя 3D-інсталяцыі, туманны экран, які стварае эфект полымя. У залах працуюць інфакіёскі, дзе можна пазнаёміцца з ваеннымі дакументамі, у тым ліку з перапіскай маршалаў, нямецкімі загадамі, рукапіснымі выданнямі і пісьмамі франтавікоў; убачыць спісы спаленых вёсак, вязняў лагераў. На шырокіх плазменных экранах дэманструюцца ўнікальныя кадры з ваеннай кінахронікі, а таксама больш за 40 тыс. фатаграфій таго часу. Экспазіцыю завяршае мемарыяльная «Зала Перамогі». На мармуровых плітах выбіты імёны 2142 Герояў Савецкага Саюза і 73 Поўных кавалераў ордэна Славы. Гэта – беларусы, ураджэнцы Беларусі, воіны іншых нацыянальнасцей, а таксама падпольшчыкі і партызаны. Залатымі літарамі ўпісаны назвы часцей і злучэнняў 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх, 1-га Прыбалтыйскага франтоў, партызанскіх фарміраванняў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні нашай краіны.
Састаўной часткай музея з’яўляецца экспазіцыя цяжкай тэхнікі і ўзбраення, якая размешчана на тэрыторыі былога 63-га Мінскага ўмацаванага раёна (частка «Лініі Сталіна», быў створаны па рашэнні Савета працы і абароны СССР 15 лютага 1932 г.). Там, каля в. Станькава Дзяржынскага раёна (да 1932 г. прыгранічны Койданаўскі) Мінскай вобласці захаваліся даўгачасны агнявы пункт (ДАП-1), артылерыйскі канапір і палявыя прымежныя ўмацаванні. У экспазіцыі прадстаўлены таксама сярэдні танк Другой сусветнай вайны Т-34-85 і іншыя ўзоры артылерыйскай тэхнікі, якія былі на ўзбраенні Чырвонай Арміі.
Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца найбуйнейшым сховішчам ваенных рэліквій у Беларусі, адным з галоўных цэнтраў патрыятычнага выхавання маладога пакалення. Яго дзейнасць накіравана на захаванне, вывучэнне і прапаганду дакументальных і матэрыяльных сведчанняў аб подзвігу беларускага народа ў гады вайны, на ўшанаванне і ўвекавечанне памяці тых, хто аддаў жыццё ў змаганні з ворагам. З гэтай мэтай супрацоўнікамі праводзіцца вялікая навукова-даследчая праца па дакументаванні музейных прадметаў, састаўленні даведак і аглядаў, стварэнні экспазіцый і выставак. У музеі арганізоўваюцца сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, праводзяцца масавыя мерапрыемствы для моладзі, адбываюцца тэматычныя вечары, дэманструюцца дакументальныя фільмы і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.