Дата начала: 29.07.1949 Мінск, г.
Краткая справка: Дзяржаўнай установы "Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска"
Названия на других языках: Минская центральная городская библиотека имени Янки Купалы (русский);
Гісторыя Мінскай цэнтральнай бібліятэкі імя Я. Купалы пачынаецца з 1949 г. 29 ліпеня было прынята рашэнне Мінскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных аб адкрыцці гарадской бібліятэкі, якая пачала сваю дзейнасць у летняй чытальні парка імя М. Горкага. 2 сакавіка 1952 г. газета “Мінская праўда” паведаміла жыхарам сталіцы, што на вуліцы К. Маркса, 8 адбылося наваселле бібліятэкі. У тым жа годзе ёй было нададзена імя Я. Купалы. Бібліятэка займала 228 кв. м агульнай плошчы, фонд складаў 17 тыс. асобнікаў, 7 тыс. мінчан былі яе карыстальнікамі. У 1976 г. бібліятэка пераехала ў новае прасторнае памяшканне на вуліцы В. Харужай, 16. З 1979 г. узначальвае Цэнтралізаваную сістэму дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска.
Бібліятэка займае значнае месца ў сацыяльна-культурным асяроддзі сталіцы. Яна з’яўляецца інфармацыйным і культурным цэнтрам, садзейнічае адукацыйнаму працэсу, развіццю нацыянальнай культуры, захаванню гісторыка-культурнай спадчыны, ажыццяўляе краязнаўчую дзейнасць. Штогод абслугоўвае больш за 27 тыс. карыстальнікаў. Дыяпазон чытацкай аўдыторыі вельмі шырокі як ва ўзроставым, так і ў прафесійным, адукацыйным планах. У апошнія гады значна ўзрасла яе сацыяльная функцыя. Бібліятэка звернута перш за ўсё да асобы, яе рэальных патрэб у атрыманні ведаў, інфармацыі, арганізацыі культурнага правядзення вольнага часу. Яна бярэ на сябе дадатковыя абавязкі па індывідуальным хатнім абслугоўванні ветэранаў, інвалідаў, састарэлых людзей. 205 тыс. дакументаў універсальнага характару дазваляюць задаволіць самыя разнастайныя запыты карыстальнікаў. Штогод ім выдаецца каля 500 тыс. асобнікаў кніг і перыядычных выданняў. Актыўна фарміруецца масіў сучаснай нацыянальнай літаратуры, аснову якой складаюць сацыяльна значныя выданні. З кожным годам расце аб’ём электронных і аўдыёдакументаў. На дадзены момант у фондах бібліятэкі іх каля 800.
Інфармацыйныя тэхналогіі ўнеслі значныя змены ў працу бібліятэкі. Працэс аўтаматызацыі пачаўся ў 1994 г. Да 2000 г. усе тэхналагічныя працэсы былі аўтаматызаваны. Сёння лакальная вылічальная сетка аб’ядноўвае 61 камп’ютэр. Гэта дазваляе аператыўна апрацоўваць і перадаваць карыстальнікам новую кнігу, хутка і якасна іх абслугоўваць. З 1996 г. фарміруецца зводны электронны каталог. Зараз ён змяшчае каля 188 тыс. бібліяграфічных запісаў. Ствараюцца базы даных “Артыкулы з перыёдыкі”, “Нотная аналітыка”. Цікавасць да краязнаўчай інфармацыі задавальняюць наступныя базы даных: “Літаратура пра Мінск”; “Іх імёнамі названы вуліцы Мінска”; “Сілуэты сталіцы”. Традыцыйна збіраюцца матэрыялы пра вялікага паэта Беларусі, чыё імя носіць бібліятэка, у базе даных “Янка Купала – народны пясняр”.
Прынцыпы працы сучасных бібліятэк дыктуюць неабходнасць карпаратыўнага супрацоўніцтва. З 2005 г. бібліятэка ўдзельнічае ў кансорцыуме па аналітычным роспісе дакументаў LibKARD. Выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі, выдае бібліяграфічныя паказальнікі, спісы, бюлетэні. Праца Публічнага цэнтра прававой інфармацыі, што быў створаны ў 2001 г., умацоўвае сацыяльны аспект дзейнасці бібліятэкі і забяспечвае шырокі доступ насельніцтва да афіцыйнай прававой інфармацыі. Кожны месяц адбываюцца бясплатныя кансультацыі спецыялістаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Штогод за прававой інфармацыяй у бібліятэку звяртаецца больш за 1500 наведвальнікаў. У 2007 г. у бібліятэцы адкрыты медыяклас. У ім актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя тэхнічныя сродкі: аудыё- і відэатэхніка, камп’ютэры, сканеры. Рэалізацыя дзяржаўнай праграмы “Электронная Беларусь” дазволіла атрымаць выхад у Інтэрнэт. Супрацоўнікі бібліятэкі асвойваюць пошукавыя сістэмы. Карыстальнікі атрымліваюць шэраг дадатковых платных паслуг з ужываннем сучасных носьбітаў інфармацыі, маюць магчымасць працаваць з мультымедыйнымі выданнямі. Ёсць свой сайт (www.kupala-library.iapt.by).
Бібліятэка з’яўляецца метадычным цэнтрам для 23 публічных бібліятэк. Яна аказвае метадычную і практычную дапамогу ў арганізацыі працы, праводзіць навучанне супрацоўнікаў. Масавая работа сёння выконвае больш значную сацыяльную ролю, чым некалькі год таму назад. Адбываецца змяшчэнне акцэнтаў ад відовішчнасці і інфарматыўнасці да міжасобасных зносін, якіх не хапае жыхарам вялікага горада. Пры бібліятэцы працуе чытацкае аб’яднанне “За кубачкам гарбаты” для людзей старэйшага пакалення, “Школа прававых ведаў” і “Школа здаровага ладу жыцця” для моладзі, рэалізуецца сацыякультурны праект “Рэзананс”. Бібліятэка клапоціцца пра стварэнне агульнадаступнай культурнай прасторы. Дзверы яе заўсёды адчынены для ўсіх, хто хоча цікава правесці свой час. Для іх – прэзентацыі новых кніг, сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, творчымі калектывамі, таленавітымі людзьмі, дні адчыненых дзвярэй, дні інфармацыі і г. д. Шматлікія мерапрыемствы, якія часам прымаюць форму акцый і свят, прымеркаваны да знамянальных дат календара. Адзінаццаць год ярка і творча працуе галерэя візуальных мастацтваў NOVA. За гэты час здзейснена шмат цікавых фотапраектаў беларускіх аўтараў, а таксама фотамастакоў з іншых краін. Культурная прастора бібліятэкі заўсёды запатрабавана для прадстаўлення цікавых мастацкіх праектаў, выставак дзіцячай і падлеткавай творчасці.
Бібліятэка падтрымлівае разнастайныя сувязі з сацыяльнымі партнёрамі. У адным сэнсавым радзе сёння разглядаюцца даступныя кніжныя фонды, неабмежаваныя рэсурсы Інтэрнэта, гісторыка-краязнаўчыя і літаратурныя музейныя экспазіцыі, літаратурна-музычныя гасцёўні, выстаўкі карцін, фотаздымкаў, музычныя канцэрты і іншыя формы масавай камунікацыі. Актыўная пазіцыя бібліятэкі адзначана разнастайнымі дыпломамі і падзякамі. Свой юбілей Мінская цэнтральная бібліятэка імя Я. Купалы адзначае ў год, абвешчаны Годам роднай зямлі. Як і заўсёды, яе дзейнасць будзе накіравана на карысць роднага горада, на выхаванне любові да роднай зямлі, захаванне і памнажэнне інтэлектуальных і духоўных рэсурсаў Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2009 г. Мінскай цэнтральнай бібліятэкай імя Я. Купалы.