Дата начала:
31.07.1959 Маладзечна, г., Мінская вобласць
Краткая справка:
дзяржаўная ўстанова
Названия на других языках:
Minsk Regional Homeland Museum (англ.) (не определен); Минский областной краеведческий музей (русский);
Предыдущие названия:
Маладзечанскі абласны краязнаўчы музей
2497 символов
Справка
Раскрыць самыя цікавыя і значныя падзеі Міншчыны ад старажытных часоў да пачатку ХХ ст. дапамагае Мінскі абласны краязнаўчы музей, што збірае і захоўвае гістарычныя і культурныя скарбы з усёй вобласці. Ён створаны паводле рашэння выканкама Маладзечанскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 31.07.1959 г. як Маладзечанскі абласны краязнаўчы музей. З 1960 г. носіць сучасную назву. Для наведвальнікаў адкрыты ў 1964 г. З 2006 г. размяшчаецца ў новым будынку. Плошча экспазіцыйных і выставачных памяшканняў – 450 кв. м. Асноўны фонд налічвае 48 943 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны – 28 205 адзінак (па даных на 2014 г.).
У фондзе музея – 36 калекцый, самымі буйнымі з якіх з’яўляюцца археалагічная і калекцыя «Скарбы». Археалагічная ўключае звыш 12 тыс. знаходак з раскопак на тэрыторыі Міншчыны. Самымі ўнікальнымі прадметамі з’яўляюцца сярэбраная шыйная грыўна балцкага тыпу IX–X стст., залатое скроневае кольца дрыгавічоў XII–XIII стст., вырабы са шкла, скуры, косці XI–XII стст., кафля XVI–XVII стст. У калекцыі «Скарбы» – больш за 9 тыс. адзінак захоўвання, у тым ліку 14 скарбаў манет IX – пачатку XX ст. Сярод іх – арабскія сярэбраныя дырхемы IX–X стст., 5768 манет з в. Мароські Маладзечанскага раёна і інш. У зборах музея захоўваюцца залататканы слуцкі пояс XVIII ст., старадрукаваныя кнігі 1646–1789 гг. друкарняў Кёльна, Нясвіжа, Вільні, Варшавы, Масквы, рукапісныя дакументы XVII ст. на старабеларускай мове, грамата 1818 г. Віленскага ўніверсітэта на імя З. Даленгі-Хадакоўскага, абразы канца XIX – пачатку XX ст., матэрыялы пра грамадска-палітычнае жыццё Заходняй Беларусі (1920–30-я гг.), першыя выданні твораў М. Танка, М. Машары, М. Васілька, А. Іверса. У музеі сабраны калекцыі прылад працы і сялянскага побыту XIX–XX стст., народнага касцюма, ткацтва, івянецкай і радашковіцкай керамікі, барысаўскага крышталю, работы народных майстроў разьбы па дрэве А. Пупко, саломапляцення П. Гатоўкі, выцінанкі Е. Чарвонцавай, лялькі ў народных строях В. Чарвонцавай. Сярод графічных і жывапісных работ – творы Л. Асецкага, Ю. Герасіменкі, Л. Дударэнкі, А. Кашкурэвіча, М. Купавы, А. Лось, К. Харашэвіча, В. Шаранговіча і інш.
На аснове фондавых калекцый распрацаваны шэраг музейна-педагагічных праграм – «Маладзечназнаўства», «Прырода і мы», «З гісторыі беларускай кірамікі», «Хата – мой сусвет» і інш. Праводзяцца выстаўкі, лекцыі, заняткі, навукова-практычныя семінары па асноўных напрамках музейнай дзейнасці.