Краткая справка:
буйнейшы ў краіне збор выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога беларускага і замежнага мастацтва, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" (2015)
Названия на других языках:
National Art museum of the Republic of Belarus (английский); Национальный художественный музей Республики Беларусь (русский);
Предыдущие названия:
Государственная картинная галерея; Государственный художественный музей; Дзяржаўная карцінная галерэя; Дзяржаўны мастацкі музей БССР
6689 символов
Справка
Найбуйнейшай скарбніцай твораў беларускага і замежнага мастацтва ў нашай краіне з’яўляецца Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Размяшчаецца музей у цэнтры Мінска, на вуліцы Леніна. Гісторыя яго стварэння бярэ пачатак у 1939 г., калі пастановай Савета Народных Камісараў ад 24 студзеня гэтага года ў Мінску была арганізавана Дзяржаўная карцінная галерэя. Першым дырэктарам музея стаў мастак-кераміст М. Міхалап. Гэта быў час інтэнсіўнага фарміравання мастацкай калекцыі галерэі. Ёй былі перададзены значныя мастацкія зборы, што захоўваліся на сядзібах і ў замках Беларусі. Найбольшую каштоўнасць уяўлялі калекцыі князёў Радзівілаў у Нясвіжы і Паскевічаў у Гомелі. Карцінная галерэя атрымала таксама творы з гістарычных музеяў Мінска, Віцебска, Магілёва, Гомеля, падарункі Эрмітажа, Траццякоўскай галерэі, Рускага музея. Да пачатку 1941 г. у яе фондах налічвалася каля 3000 твораў, з якіх 400 знаходзіліся ў экспазіцыі. У першыя дні вайны калекцыя галерэі была разрабавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Вернута толькі невялікая частка збораў, сабраных да вайны.
Адраджэнне галерэі характарызавалася мэтанакіраваным фарміраваннем новай калекцыі. Нягледзячы на пасляваенную разруху, урад Беларусі вылучаў немалыя сродкі на набыццё мастацкіх твораў. Размяшчалася галерэя ў чатырох пакоях Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды. Дзякуючы дзейнасці яе новага дырэктара А. Аладавай фонды галерэі ў 1946 г. налічвалі ўжо 317 экспанатаў. У лістападзе 1947 г. пачала дзейнічаць пастаянная экспазіцыя. А. Аладава дамаглася ўзвядзення спецыяльнага будынка для галерэі, які быў уведзены ў дзеянне ў 1957 г., а галерэя атрымала статус Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Колькасць музейных экспанатаў амаль поўнасцю дасягнула даваеннага. У калекцыях музея з’явіліся работы В. Сярова, К. Каровіна, А. Васняцова, І. Крамскога і іншых вядомых рускіх мастакоў. Паступілі работы і мастакоў XIX ст. – ураджэнцаў Беларусі С. Заранкі, І. Аляшкевіча, Н. Сілівановіча, Ф. Рушчыца, С. Жукоўскага, калекцыя І. Хруцкага, эцюды В. Бялыніцкага-Бірулі, а таксама яго вядомы пейзаж-сімвал “Беларусь. Зноў зацвіла вясна”. Пад кіраўніцтвам А. Аладавай быў сфарміраваны асноўны збор музея.
З цягам часу музею пачало востра не хапаць выставачных плошчаў. Пашырэнне іх адбывалася за кошт арганізацыі сеткі філіялаў музея ў Мінску і іншых гарадах рэспублікі*. Іх стварэнне звязана з імем дырэктара музея Ю. Карачуна. У 1985 г. пачалося праектаванне, а ў 1993 г. будаўніцтва чатырохпавярховай прыбудовы да будынка музея. У гэтым жа годзе ўрад краіны прысвоіў музею статус “Нацыянальны”. Музей неаднаразова наведваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, які ўзяў пад асабісты кантроль пытанні яго далейшага развіцця. Распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 178 ад 8 чэрвеня 1999 г. “О комплексном развитии Национального художественного музея Республики Беларусь” установе быў перададзены суседні будынак. У 2007 г. адкрыццём для наведвальнікаў новага корпуса завяршыўся першы этап генеральнай рэканструкцыі комплексу. Плануецца таксама звязаць усе будынкі музея пераходнымі галерэямі, зрабіць унутраны скульптурны дворык і г. д. Музей, як падкрэслівае яго дзеючы дырэктар У. Пракапцоў, павінен стаць “сапраўды адным з буйнейшых у Еўропе выставачных комплексаў са значным навукова-даследчым патэнцыялам, найноўшай рэстаўрацыйнай базай і па ўсіх крытэрыях будзе адпавядаць патрабаванням XXI стагоддзя”**.
Асноўны фонд музея налічвае больш за 24 000 (на 2008 г.) адзінак захоўвання твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і складаецца з 21 калекцыі. Пастаянная экспазіцыя размяшчаецца ў старым і новым карпусах музея, функцыянуюць таксама дзве выставачныя залы. Беларускае мастацтва адлюстроўваюць некалькі экспазіцый. “Мастацтва Беларусі XII–XVIII стагоддзяў” прадстаўлена прадметамі археалогіі, фрагментамі фрэсак, гравіраванымі ілюстрацыямі да старадрукаў, абразамі XV–XVIII ст. “Маці Божая Адзігітрыя”, “Параскева Пятніца”, “Маці Божая Адзігітрыя Смаленская”, “Нараджэнне Маці Божай” П. Яўсеевіча з Галынца. У поўным аб’ёме выстаўлена галерэя мастацкіх партрэтаў з Нясвіжа і Гродна. Экспазіцыя “Мастацтва Беларусі XIX стагоддзя”, складаецца з твораў мастакоў, якія нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі, а ў экспазіцыі “Мастацтва Беларусі 1890–2000-х гадоў” сабраны творы жывапісу, скульптуры, графікі, вырабы са шкла. Экспануюцца працы Віцебскай і Віленскай школ, жывапісныя палотны М. Філіповіча, палотны мастакоў, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, напісаныя ў розныя гады. Пасляваеннае пакаленне прадстаўлена творамі скульптараў З. Азгура, А. Бембеля, А. Анікейчыка, жывапісцаў М. Савіцкага, Л. Шчамялёва, У. Стальмашонка, В. Цвіркі, графікаў Г. Паплаўскага, А. Кашкурэвіча і інш.
Музей захоўвае выдатную калекцыю рускага мастацтва, якая прадстаўлена экспазіцыяй “Мастацтва Расіі XVIII – пачатку XX стагоддзя” і захапляе выдатнымі палотнамі У. Баравікоўскага, Дз. Лявіцкага, Ф. Рокатава, В. Верашчагіна, І. Крамскога, А. Куінджы, Г. Семірадскага, І. Рэпіна, І. Айвазоўскага і інш. Дзякуючы гэтай калекцыі музей называлі калісьці “малой Траццякоўкай”. З заходнееўрапейскім мастацтвам знаёміць экспазіцыя “Мастацтва краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы XVI – пачатку XX стагоддзя”, у якой знайшлі адлюстраванне розныя школы, эпохі і кірункі вызначанага перыяду – ад рэнесанснай культуры і эпохі барока да мадэрна і сімвалізму. Прадстаўлены работы мастакоў Аўстрыі, Бельгіі, Галандыі, Даніі, Італіі, Польшчы, Францыі, Швецыі. Мастацтва краін Усходу – кераміка, ткацтва, лакі, метал, традыцыйны жывапіс, разьба па камені і косці – адлюстравана ў экспазіцыі “Мастацтва краін Усходу XV–XX стагоддзяў”. Музей рыхтуе таксама персанальныя юбілейныя выстаўкі беларускіх і замежных мастакоў, выстаўкі твораў сучаснага мастацтва і беларускага мастацтва розных гістарычных перыядаў, супрацоўнічае з музеямі свету. У музеі вядзецца вялікая навукова-даследчая, асветніцкая і звязаная з імі выдавецкая дзейнасць, якія знайшлі адлюстраванне на старонках навукова-інфармацыйнага выдання “Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”. Супрацоўнікамі музея падрыхтаваны выдатныя альбомы, напісаны кнігі і артыкулы, якія знаёмяць з мастацкімі скарбамі, што захоўваюцца ў яго фондах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2009 г.
* Філіялы : Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, Мемарыяльны музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, Архітэктурны комплекс XVII–XVIII стст. у Гальшанах, Замкавы комплекс “Мір” XVI–XX стст. у Карэліцкім раёне, Мемарыяльны музей З. І. Азгура, Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й паловы XIX ст. і Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс у Мінску.
** Беларуская думка = Белорусская мысль. 2007. № 3. С. 133.