Краткая справка:
дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова, раён найбольш высокаўзроставых лясоў Белавежскай пушчы, уключаны ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны чалавецтва на тэрыторыі Камянецкага і Пружанскага раёнаў, Брэсцкай вобласці і Свіслацкага раёна, Гродзенскай вобласці
Краткие названия:
"Беловежская пуща"
Названия на других языках:
National Park "Belovezhskaya Puscha" (англ.) (не определен); Национальный парк "Беловежская пуща" (русский);
Предыдущие названия:
Дзяржаўная запаведна-паляўнічая гаспадарка "Белавежская пушча"; Дзяржаўны запаведнік "Белавежская пушча"
6997 символов
Справка
На зямлі ёсць нямала цудоўных тварэнняў прыроды, якія з’яўляюцца сімвалам цэлых краін. Для Беларусі такім сімвалам стала Белавежская пушча – адзін з самых вялікіх і старых лясных масіваў у Цэнтральнай Еўропе. У 2009 г. пад эгідай ЮНЕСКА пушча адзначыла вельмі значную дату – 600-годдзе ўстанаўлення ў ёй запаведнага рэжыму. Пра Белавежскую пушчу ведаюць ва ўсім свеце. Яна размешчана на вялізнай тэрыторыі ўнікальнага ляснога масіву Еўропы, які знаходзіцца на пагранічных тэрыторыях Беларусі і Польшчы, на водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў. Дзяржаўная мяжа паміж Польшчай і Беларуссю дзеліць пушчу на дзве часткі. Агульная плошча Дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк “Белавежская пушча”» у межах Гродзенскай (Свіслацкі раён) і Брэсцкай абласцей (Камянецкі і Пружанскі раёны) складае 152 962 гектары. Адміністрацыйны цэнтр парку знаходзіцца ў пасёлку Камянюкі Камянецкага раёна.
Шматвекавая гісторыя пушчы вядзе ў далёкае мінулае. Паданні і легенды пра яе перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Першыя звесткі аб мясцовасці і плямёнах неўраў, што насялялі тэрыторыю Белавежскай пушчы, з’явіліся ў “Гісторыі” Герадота яшчэ ў V ст. да н. э. Як стары, некрануты лес пушча ўпаміналася і ў Іпацьеўскім летапісе 983 г. Здаўна пушчу насяляла ваяўнічае племя яцвягаў. Вартавая вежа, якую яны пабудавалі са свежаабчасаных бярвенняў, нязвыкла бялела ў лесе. Ад гэтай белай вежы і атрымала пушча сваю назву. Як ахоўная прыродная тэрыторыя Белавежская пушча вядома ўжо з канца XIV – пачатку XV ст. У 1409 г. назва Белавежская пушча з’явілася ў польскіх і літоўскіх граматах, калі князь Ягайла аб’явіў яе запаведнай, а права палявання пакінуў за сабой і сваім братам Вітаўтам.
На працягу стагоддзяў межы пушчы, спосабы гаспадарання і гаспадары яе мяняліся, але заўсёды яна заставалася ахоўным лясным масівам. Пушча неаднаразова падвяргалася нашэсцю татараў і нямецкіх рыцараў, станавілася вотчынай і месцам паляўнічых забаў для літоўскіх князёў і польскіх каралёў. У 1795 г. яна ўвайшла ў склад Расійскай Імперыі і стала паляўнічай гаспадаркай расійскіх цароў, якія наведваліся сюды з незлічонымі світамі. У 1842–1847 гг. у Белавежскай пушчы было праведзена першае лесаўпарадкаванне, а ў 1861–1862 гг. – другое. З гэтага моманту пачынаецца дакладны ўлік яе ляснога фонду. Прымаліся ўсе магчымыя меры для павелічэння колькасці паляўнічых жывёл, галоўным чынам капытных.
У час Першай сусветнай вайны Белавежская пушча была акупіравана нямецкімі войскамі. Гэты перыяд стаў часам бяспрыкладнай эксплуатацыі яе багаццяў. Над асобнымі відамі мясцовай фаўны навісала пагроза знішчэння. З 1919 г. пушча ўвайшла ў склад Польшчы. Вакол яе адміністрацыйнага цэнтра – мястэчка Белавежа – быў створаны Белавежскі нацыянальны парк са строгім рэжымам запаведнасці. У 1939 г. Белавежская пушча ўвайшла ў склад БССР і пастановай Савета Народных Камісараў БССР на яе тэрыторыі быў створаны Беларускі дзяржаўны запаведнік “Белавежская пушча”.
У час Другой сусветнай вайны багацці пушчы практычна не эсксплуатаваліся, таму што Германіяй было вырашана стварыць тут узорную паляўнічую гаспадарку Рэйха. Пасля вызвалення ад захопнікаў дзейнасць запаведніка была адноўлена, але пры ўстанаўленні мяжы паміж СССР і Польшчай частка запаведніка разам з яго гістарычным цэнтрам – мястэчкам Белавежа, Белавежскім нацыянальным паркам і зубрагадавальнікам – адышлі да Польшчы. На тэрыторыі Беларусі засталося 74,5 тыс. га Белавежскай пушчы, практычна без базы для навуковай працы і арганізацыйнай дзейнасці. Усё гэта давялося ствараць зноў. У залежнасці ад форм аховы “Белавежская пушча” пасля вайны мела розныя назвы – запаведнік (1944–1957), запаведна-паляўнічая гаспадарка (1957–1991), а з верасня 1991 г. яна стала першым у нашай краіне нацыянальным паркам. У 1992 г. рашэннем ЮНЕСКА раён найбольш высокаўзроставых лясоў Белавежскай пушчы быў уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны чалавецтва. У 1993 г. пушча атрымала статус біясфернага запаведніка, у 1997 г. – дыплом Савета Еўропы як адна з эталонных прыродаахоўных устаноў.
Пушча прызнана адным з найбагацейшых месцаў на планеце па колькасці відаў расліннага і жывёльнага свету. На яе тэрыторыі вядома больш за 900 відаў сасудзістых раслін, каля 260 відаў імхоў, 290 відаў лішайнікаў, 570 відаў грыбоў. У спісе фаўны пушчы налічваецца 59 відаў млекакормячых (у тым ліку шэсць ахоўных), 255 відаў птушак, 7 відаў паўзуноў, 11 відаў земнаводных і г. д. Гордасцю пушчы з’яўляецца старэйшы яе жыхар – белавежскі зубр. Закон заўсёды засцерагаў жыццё гэтых асілкаў. Яшчэ па Статуту Вялікага Княства Літоўскага забойства зуброў лічылася крымінальным злачынствам. Была забаронена стральба па зубрах і царскім загадам 1802 г. Падчас Першай сусветнай вайны ўсе зубры ў Белавежскай пушчы былі знішчаны (апошняга зубра забіў браканьер у 1919 г.). У 1923 г. Польшча купіла ў Германіі двух зуброў для аднаўлення віду, а ў 1930-х гг. пачалося планамернае аднаўленне зубровага статку ў пушчы. Толькі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны з’явілася магчымасць мэтанакіравана, на навуковай аснове ахоўваць і ўзнаўляць пагалоўе зуброў. У 1968 г. іх было ўжо семдзесят, у апошнія гады колькасць жывёл вагаецца ад 230 да 300.
Шырока распаўсюджаны ў Белавежскай пушчы еўрапейскі высакародны алень. У апошнія гады яго колькасць падтрымліваецца ў межах 1,6–2 тыс. асобін. Між тым, у XVII ст. гэты від у пушчы быў цалкам знішчаны і толькі ў 1865 г. зноў завезены сюды з Германіі. Акрамя зубра і аленя ў пушчы таксама распаўсюджаны еўрапейская казюля, дзік, лось, бабёр, андатра, янотападобны сабака, рысь, зайцы і іншыя млекакормячыя. З рэдкіх птушак тут гняздзяцца глушэц, чорны бусел, а таксама цецярук і рабчык.
У Нацыянальным парку “Белавежская пушча” праводзіцца вялікая навукова-даследчая дзейнасць, накіраваная на ўлік яе фаўны і флоры, вывучэнне тых працэсаў, якія адбываюцца ў прыродным комплексе запаведніка, на захаванне асобных прыродных аб’ектаў, біялагічнай разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету. Гаспадарчая дзейнасць установы прадугледжвае абмежаваныя лесанарыхтоўкі, загатоўку кармоў для дзікіх і вальерных жывёл і іншыя віды дзейнасці. Дзяржава прымае актыўны ўдзел у захаванні беларускай жамчужыны. Распрацаваны доўгатэрміновы план кіравання тэрыторыяй запаведніка, прадугледжваецца пашырэнне запаведнай зоны, захаванне пушчы як лесабалотнага комплексу, ахова і ўзнаўленне рэдкіх і каштоўных відаў прыродных згуртаванняў і інш.
Белавежская пушча – цудоўнае месца для адпачынку. Сваёй прыгажосцю, чароўнасцю даўніны яна вабіць да сябе шмат наведвальнікаў. У пушчы створана сур’ёзная база па прыёме турыстаў. Тут маецца музей прыроды, вальеры з рознымі відамі жывёл, распрацаваны спецыяльныя турыстычныя маршруты. Да паслуг наведвальнікаў – атэлі, тэнісныя корты, спартыўныя пляцоўкі. Сярод экскурсійных праграм і маршрутаў – наведванне Памесця беларускага Дзеда Мароза, на сядзібе якога расце самая высокая ў краіне навагодняя елка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2009 г., актуалізаваны ў 2011 г.