Гісторыя Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў пачынаецца яшчэ ў далёкі 1919 г. Тады па ініцыятыве аматараў музыкі і пры актыўным удзеле кампазітара і фалькларыста М. М. Чуркіна ў Магілёве пачаў сваю дзейнасць духавы аркестр. На яго аснове рашэннем губвыканкама і губернскага аддзела народнай асветы была створана адна з першых музычных школ у савецкай Беларусі – Першая рабочая музычная студыя. Урачыстае адкрыццё яе адбылося 27 красавіка 1919 г.
Першапачаткова для дзейнасці студыі (у далейшым – дзіцячай музычнай школы № 1 імя М. А. Рымскага-Корсакава) быў выдзелены асабняк прамыслоўца Бачкова па Камуністычным завулку. Школе былі перададзены канфіскаваныя музычныя інструменты і ноты, асігнаваны невялікія сродкі з гарадскога бюджэту, а ў 1925 г. выдзелены новы будынак. З самага пачатку яе ўзначалілі таленавітыя музыканты і здольныя арганізатары: першым дырэктарам стаў выкладчык па класу трубы Л. М. Зісман, загадчыкам вучэбнай часткі – выпускнік Пецярбургскай кансерваторыі піяніст А. Ф. Боркус. Сярод выкладчыкаў былі: піяністы І. Г. Каранеўская, І. Л. Меркіна, К. Р. Хурчына, арганіст Б. Л. Браўдэ (заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР, прафесар Ленінградскай кансерваторыі), скрыпач А. Ф. Яўстратаў і інш.
З першых дзён свайго існавання выкладчыцкі калектыў школы імкнуўся прывіць навучэнцам любоў да музычнай культуры і ўменне карыстацца скарбамі музычнага мастацтва. Выкладанне вялося па класам фартэпіяна, скрыпкі, віяланчэлі, духавых інструментаў, сольнага і харавога спеваў, кантрабаса. Праз год адкрыўся клас народных інструментаў (мандаліна, балалайка, гітара). У тыя гады школа з’яўлялася асяродкам музычнай культуры ў горадзе. Пры ёй існавалі сімфанічны аркестр (дырыжор Я. Пеўзнер), хор (А. Гарадзінскі), духавы аркестр і харэаграфічная група. Навучэнцы выступалі ў часцях Чырвонай Арміі, рабочых клубах, вёсках, удзельнічалі ва ўрачыстых запусках новых прамысловых прадпрыемстваў. Першы выпуск адбыўся ў 1923 г.
У 1937 г. на базе школы было адкрыта Магілёўскае музычнае вучылішча (зараз Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя М. А. Рымскага-Корсакава). Да 1960 г. школа і вучылішча працавалі ў адным будынку. У 1991 г. дзіцячая музычная школа была пераўтворана ў музычны ліцэй, у 1992 г. – у ліцэй музыкі і харэаграфіі, у 1998 г. – у вучэбны комплекс гімназія-каледж музыкі і харэаграфіі. З 2004 г. – сучасная назва.
На сённяшні дзень Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў – сучасная вучэбная ўстанова, якая забяспечвае інтэграцыю агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі на аснове дасканалага авалодання прафесійнымі навыкамі ў сістэме музычнага і харэаграфічнага мастацтваў. Асноўнай яе задачай з’яўляецца гарманічнае развіццё і фарміраванне сродкамі мастацтва творчай, духоўна багатай асобы, здольнай узбагаціць беларускую нацыянальную культуру.
У структуры навучальнай установы працуюць пачатковая школа (1–4 кл.), гімназія (5–9 кл.) і каледж (І–ІІІ курсы). Навучэнцы гімназіі атрымліваюць агульную базавую адукацыю з музычнай спецыялізацыяй. У каледжы адбываецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях: “Інструментальнае выкананне” (фартэпіяна, скрыпка, альт, віяланчэль, флейта, габой, кларнет, фагот, труба, валторна, туба, саксафон, баян, акардэон, цымбалы, балалайка, домра, ударныя інструменты), “Дырыжыраванне” (акадэмічны хор), “Харэаграфічнае мастацтва” з прысваеннем адпаведнай кваліфікацыі.
За апошнія 10 гадоў на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах звання лаўрэатаў удастоены 214 навучэнцаў і творчых калектываў гімназіі-каледжа. Стыпендыятамі спецыяльнага Фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі сталі 93 вучні. У навучальнай установе актыўна працуюць 15 творчых калектываў (духавы аркестр, харэаграфічныя ансамблі “Вяснушкі” і “Вясна”, аркестры народных інструментаў, камерны аркестр, ансамбль цымбалістаў, эстрадная студыя і інш.), 5 з якіх маюць званне “ўзорны”. Творчыя калектывы і салісты з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў.
Сярод выпускнікоў школы шмат вядомых у музыкальным свеце імёнаў: прафесар Маскоўскай кансерваторыі Л. С. Гінзбург, заслужаная артыстка Расіі Т. Е. Талахадзэ, заслужаны артыст Беларусі У. У. Будкевіч, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі М. Д. Браценнікаў і Л. Л. Іваноў, артысты эстрады П. Ялфімаў, М. Васілеўская, Н. Падольская і шмат іншых таленавітых дзеячаў у галіне мастацтваў. Вялікая колькасць выпускнікоў працуе ў вядучых айчынных і замежных аркестравых калектывах.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2011 г.