Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка (РНМБ) была адкрыта ў сакавіку 1940 г. пры Мінскім медыцынскім інстытуце, адначасова выконвала функцыі фундаментальнай бібліятэкі інстытута i абслугоўвала ўcix тых, хто жадаў працаваць з медыцынскай літаратурай. РНМБ як галаўны інфармацыйны цэнтр галіны займае важнае месца ў забеспячэнні навуковай інфармацыяй навукоўцаў i спецыялістаў навукова-даследчых, вучэбных, лячэбна-прафілактычных устаноў i іншых арганізацый аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Яна выконвае функцыі нацыянальнага сxoвішчa i рэспубліканскага дэпазітарыя літаратуры па медыцыне, ахове здароўя, галіновага мiжбібліятэчнага i міжнароднага абанемента, навукова-метадычнага i каардынацыйнага цэнтра каля 138 медыцынскіх бібліятэк Беларусі. Дзейнасць РНМБ накіравана на фарміраванне i захоўванне інфармацыйных рэсурсаў, задавальненне бібліятэчна-бібліяграфічных i інфармацыйных патрэбнасцей спецыялістаў аховы здароўя, інфармацыйнае забеспячэнне i садзейнічанне ў правядзенні навуковых даследаванняў i распрацовак у галіне медыцынскай навукі. У цяперашні час бібліятэка абслугоўвае каля 27 тыс. карыстальнікаў у год. Фонд налічвае амаль 930 тыс. адзінак дакументаў на традыцыйных i электронных носьбітах. Штогод РНМБ набывае каля 370 назваў часопісаў і газет, якія выдаюцца ў Беларусі, Pacii, ЗША, Англіі i іншых краінах. Унікальнасць фонду прыдаюць рэдкія i каштоўныя выданні мінулых стагоддзяў, асабістыя бібліятэкі беларускіх вучоных, сярод якіх – калекцыі акадэміка Д. А. Маркава, прафесара Ю. В. Гулькевіча, прафесара М. М. Аляксандрава. Традыцыйныя формы яго прапаганды – кніжныя выстаўкі літаратуры як у самой бібліятэцы, так i за яе межамі – выкарыстоўваюцца пры правядзенні медыцынскіх з’ездаў, міжнародных спецыялізаваных выставак i навукова-практычных канферэнцый. Адкрытыя прагляды новай літаратуры на Тыднях інфармацыі і Тыднях спецыяліста прыцягваюць медыцынскіх работнікаў як з Мінска, так і з розных куткоў рэспублікі. Са студзеня 1995 г. РНМБ з’яўляецца цэнтрам дакументацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Бібліятэка ў ліку першых у краіне пачала працу па аўтаматызацыі бібліятэчных i інфармацыйных працэсаў. Сёння ў ёй функцыянуе лакальная вылічальная сетка, якая складаецца з 5 сервераў і 75 рабочых станцый. Электронны каталог РНМБ вядзецца з 1991 г. Для стварэння і эксплуатацыі электроннага каталога, аўтаматызацыі працэсаў фарміравання інфармацыйных рэсурсаў, кіравання імі і забеспячэння захаванасці ўжываецца аўтаматызаваная бібліятэчна-інфармацыйная сістэма “ІРБІС”. Электронны каталог прадстаўлены ў адкрыты доступ у сетцы Інтэрнэт на сайце бібліятэкі (www.rsml.med.by), што дае аддаленым карыстальнікам магчымасць доступу да электроннай бібліяграфічнай медыцынскай інфармацыі і фонду ўстановы. Засноўваючыся на ўласных інфармацыйных рэсурсах i каардынуючы сваю дзейнасць з іншымі бібліятэкамі, РНМБ стварае бібліяграфічныя i рэфератыўныя базы даных (БД), даступныя як у Інтэрнэце, так i на CD-ROMах (“Достижения медицинской науки Беларуси”, “Современные методы диагностики, лечения и профилактики заболеваний”, “Здравоохранение Беларуси. Учреждения. Услуги и товары. Кто есть кто”, “Нормативно-законодательные документы Министерства здравоохранения Республики Беларусь”, “Медики Беларуси”, “Сводный каталог иностранных периодических изданий по медицине и смежным областям”). Забеспячэнне навукоўцаў першакрыніцамі інфармацыі па медыцыне i ахове здароўя з замежных перыядычных выданняў ажыццяўляецца таксама дзякуючы выкарыстанню сусветных інфармацыйных рэсурсаў. На сённяшні дзень артыкулы па медыцынскай тэорыі i клінічнай практыцы РНМБ атрымлівае, звяртаючыся да БД замежных выдавецтваў i фірм. Яна з’яўляецца ўдзельнікам кансорцыума, што аб’ядноўвае медыцынскія бiбліятэкi Pacii i Беларусі па рэалізацыі праектаў “Зводны каталог перыёдыкі i аналітыкі па медыцыне” i «Медыцынскі аўтарытэтны файл “Медыкі Pacii”», адной з частак якога з’яўляецца праект “Медыкі Беларусі”, што рэалізуецца з 2007 г. РНМБ аказвае актыўнае садзейнічанне развіццю i ўдасканаленню сістэмы забеспячэння арганізацый i карыстальнікаў навуковай медыцынскай інфармацыяй шляхам укаранення, падтрымкі i развіцця тэхналогій аддаленага доступу. З гэтай мэтай бібліятэка рэалізуе навуковы праект “Эксплуатацыя i развіццё медыцынскай навуковай інфармацыйнай камп’ютарнай сеткі, падтрымка i развіццё медыцынскіх інфармацыйных сервераў, распрацоўка i фарміраванне новых медыцынскіх інфармацыйных рэсурсаў”. У яго рамках створаны, падтрымліваюцца i развіваюцца інтэрнэт-сайты, якія ўваходзяць у склад адзінага навуковага медыцынскага інфармацыйнага партала med.by. У мэтах інфармацыйнага забеспячэння навуковай i практычнай дзейнасці галіны РНМБ рыхтуе i выпускае зборнік інструктыўна-метадычных дакументаў “Современные методы диагностики, лечения и профилактики заболеваний”, зборнік навуковых матэрыялаў “Достижения медицинской науки Беларуси”, а таксама інфармацыйна-даведачны каталог “Здравоохранение Беларуси. Учреждения. Услуги и товары. Кто есть кто”. У 2013 г. убачыў свет юбілейны 15 выпуск каталога.
Сёння РНМБ, трансфармуючыся ў сучасны інфармацыйны цэнтр, набывае новае аблічча. Пры фінансавай падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца капітальны і бягучы рамонт будынка. Праводзіцца работа па ўкараненні сучасных інфармацыйных тэхналогій, мадэрнізацыі метадаў абслугоўвання i рэарганізацыі функцыянальнай структуры. Для зручнасці карыстальнікаў у бібліятэцы арганізаваны адзіны пункт выдачы дакументаў (незалежна ад месца іх захоўвання), а таксама створана зала свабоднага доступу, у якой прадстаўлены найбольш каштоўныя і актуальныя выданні.
З 2006 г. структурнай адзінкай РНМБ з’яўляецца Музей гісторыі медыцыны Беларусі. Яго фонд налічвае больш за 36 тыс. экспанатаў. Музей з’яўляецца візітнай карткай бібліятэкі. У 2014 г. адбылася маштабная рэканструкцыя памяшкання і экспазіцыі. Зараз наведвальнікі могуць пазнаёміцца з пашыранай выстаўкай у новым сучасным інтэр’еры.
Калектыў РНМБ актыўна выкарыстоўвае ў працы інавацыйныя тэхналогіі, прыкладае ўсе намаганні для максімальнага павышэння якасці паслуг, якія аказваюцца карыстальнікам бiбліятэкі, каб забяспечыць аператыўны i поўны доступ да сусветнага інфармацыйнага патоку па медыцыне i сумежных галінах ведаў.
Матэрыял падрыхтававны ў 2015 г.