Адна з буйнейшых навуковых бібліятэк краіны, сховішча педагагічнай літаратуры, нацыянальных падручнікаў і праграм для агульнаадукацыйных устаноў, інфармацыйна-бібліяграфічны цэнтр па педагогіцы і адукацыі, навукова-метадычны цэнтр для бібліятэк агульнаадукацыйных устаноў на працягу ўсяго часу свайго існавання мела розны статус. У адпаведнасці з распараджэннем Савета Міністраў БССР ад 14 верасня 1964 г. № 1300-р і загадам міністра асветы БССР ад 27 жніўня1965 г. № 118 1 верасня 1965 г. была адкрыта Рэспубліканская навукова-педагагічная бібліятэка Мiнiстэрства асветы БССР, якая працавала да верасня 2002 г. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 жніўня 2002 г. № 1097 «Аб рэарганiзацыi Навукова-метадычнай установы “Нацыянальны iнстытут адукацыi” Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь» і загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 27 жніўня 2002 г. № 326 «Аб рэарганiзацыi Навукова-метадычнай установы “Нацыянальны iнстытут адукацыi” Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь» Рэспубліканская навукова-педагагічная бібліятэка была далучана да Нацыянальнага інстытута адукацыі і працавала ў яе структуры пад назвай “Навукова-педагагічная бібліятэка” (далей НПБ), захаваўшы пры гэтым функцыі рэспубліканскай галіновай бібліятэкі. З 3 студзеня 2008 г. НПБ працуе ў структуры ўстановы “Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь” у адпаведнасці з загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 03.12.2007 № 740 “О безвозмездной передаче имущества в пределах республиканской собственности и обеспечении деятельности Научно-педагогической библиотеки”.
Сёння НПБ з’яўляецца галоўным звяном, якое звязвае навукова-даследчую і практычную дзейнасць у сістэме забеспячэння спецыялiстаў адукацыi краіны навукова-педагагічнай інфармацыяй. Галоўнымі яе задачамі з’яўляюцца: садзейнічанне развіццю педагагічнай навукі, укараненню новых даследаванняў у практыку педагагічнай дзейнасці і кіравання; забеспячэнне ўстаноў адукацыі навукова-педагагічнай і метадычнай інфармацыяй; метадычнае суправаджэнне дзейнасці бібліятэк агульнаадукацыйных устаноў; удзел у навукова-даследчай і навукова-метадычнай рабоце па бібліятэказнаўстве і бібліяграфіі; каардынацыя работы па бібліятэчным, інфармацыйным і даведачна-бібліяграфічным абслугоўванні карыстальнікаў з бібліятэкамі іншых сістэм і ведамстваў. Спецыялізаваны фонд НПБ налічвае больш за 300 тыс. адзінак захоўвання. Яго аснову складае літаратура гістарычнага, тэарэтычнага і практычнага характару па педагагічных навуках, адукацыі, псіхалогіі, дэфекталогіі і сумежных навуках, якая была надрукавана на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і ў іншых краінах. У фондзе бібліятэкі шырока прадстаўлены манаграфіі, энцыклапедыі, даведнікі, слоўнікі, аўтарэфераты дысертацый педагагічнай тэматыкі, падручнікі і праграмы для агульнаадукацыйных устаноў, выданні Нацыянальнага інстытута адукацыі, працы педагагічных навучальных устаноў краіны, выданні ўстаноў сістэмы павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў розных рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, а таксама беларускія і замежныя перыядычныя выданні. Вялікую каштоўнасць уяўляе падфонд рэдкіх выданняў “Калекцыя літаратуры Навукова-педагагічнай бібліятэкі канца XVIII – пачатку XX ст.”, які налічвае каля 3 тыс. экз. У ім змяшчаюцца дакументы педагагічнага профілю па гісторыі народнай адукацыі і педагагічнай думкі, аб арганізацыі народнай адукацыі і правядзенні рэформы школы, метадах педагагічных даследаванняў, пытаннях педагагічнай псіхалогіі. Адметнасцю НПБ з’яўляецца наяўнасць рэзервовага фонду. Ён створаны ў 1990 г. для аказання дапамогі беларусам, якія жывуць за межамі Рэспублікі Беларусь, у вывучэнні мовы, літаратуры, гісторыі і культуры беларускага народа і забеспячэння іх падручнікамі і метадычнай літаратурай.
Бібліятэка абслугоўвае ўсе асноўныя катэгорыі спецыялістаў у сферы адукацыі (навуковых работнікаў, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, работнікаў школ, дашкольных устаноў, супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, студэнтаў, аспірантаў). Аператыўнае, якаснае абслугоўванне атрымліваюць больш за 7 тыс. карыстальнікаў. Агульная выдача дакументаў складае больш за 100 тыс. экз. за год. У бібліятэцы ёсць індывідуальны абанемент, чытальная зала, міжбібліятэчны абанемент (далей МБА), а таксама дзейнічае філіял на вуліцы Караля, 16. Паслугамі МБА карыстаюцца бібліятэкі сістэмы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і іншых ведамстваў. Даведачна-інфармацыйнае абслугоўванне здзяйсняецца на базе залы інфармацыйных рэсурсаў бібліятэкі. Карыстальнікi маюць магчымасць пошуку інфармацыі з дапамогай традыцыйных каталогаў і картатэк, электроннага каталога, баз даных, сродкаў Інтэрнэту. НПБ унесла ўклад у развіццё рэтраспектыўнай педагагічнай бібліяграфіі, падрыхтаваўшы бібліяграфічны фундамент для навуковых педагагічных даследаванняў. Былі выдадзены паказальнікі “Асвета Беларускай ССР за 50 гадоў Савецкай улады” (1918–1967 гг.), “Педагагічная навука і народная асвета ў БССР” (1968–1982 гг., 1983–1987 гг.), “Методыка выкладання беларускай мовы” (1969–1990 гг.) і інш. На працягу многіх гадоў бібліятэка супрацоўнічае з навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, рыхтуе для бюлетэня “Новыя кнігі” бібліяграфічныя спісы па актуальных педагагічных тэмах.
НПБ з 1965 г. з’яўляецца метадычным цэнтрам для бібліятэк агульнаадукацыйных устаноў. Першапачатковую ўвагу яна надае павышэнню кваліфікацыі школьных бібліятэкараў і метадыстаў (спецыялістаў) па бібліятэчных фондах падручнікаў. Распрацоўка рэгламентуючых дакументаў для школьных бібліятэк, падрыхтоўка метадычных матэрыялаў, публікацый, кансультаванне, аналіз становішча і развіцця дзейнасці як асобных бібліятэк, так і бібліятэчнай сеткі ў цэлым з’яўляюцца базай для арганізацыйна-метадычнага ўплыву на работу школьных бібліятэк з мэтай яе ўдасканалення. Асноўныя мэты маркетынгавай дзейнасці бібліятэкі – усебаковае вывучэнне запатрабаванняў карыстальнікаў інфармацыйна-бібліятэчных паслуг, фарміраванне станоўчага іміджу, пашырэнне рэкламна-інфармацыйнай дзейнасці, а таксама ўдасканаленне форм і метадаў работы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г. Навукова-педагагічнай бібліятэкай.