Дата начала: 27.01.1940 Брэст, г.
Краткая справка: установа культуры, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2002)
Названия на других языках: Брестская областная библиотека имени М. Горького (русский);
На падставе рашэння Брэсцкага аблвыканкама 4 студзеня 1940 г. адкрылася Брэсцкая абласная бібліятэка на вул. Пушкінскай, 42. Яе першым дырэктарам быў Б.М. Сінягаў, які разам з 12 штатнымі супрацоўнікамі правёў вялікую работу па адборы літаратуры з кніжных фондаў бібліятэк горада і камплектаванні ядра фонду рускамоўнымі кнігамі, атрыманымі з Расіі і іншых рэспублік СССР, Гомельскай вобласці. Усяго – 15 тыс. тамоў. На пачатак 1941 г. кніжны фонд установы складаў 35 тыс. экзэмпляраў, у ёй было 3 тыс. чытачоў. Бібліятэка ўзнавіла сваю дзейнасць адразу пасля вызвалення Брэста 15 верасня 1944 г. Працаваў толькі адзін аддзел – абанемент для дарослага і дзіцячага чытача з кніжным фондам каля 4 тыс. экзэмпляраў. У 1945 г. у бібліятэцы адкрылі чытальную залу, а на базе абанемента сфарміравалі два аддзелы – для дарослага і дзіцячага чытача. У 1961 г. на базе аддзела абслугоўвання дзяцей была створана Абласная дзіцячая бібліятэка, якая пачала працаваць у будынку на вул. Куйбышава, 32. У 1969 г. абласная бібліятэка атрымала новы тыпавы трохпавярховы будынак на бульвары Касманаўтаў, 48, разлічаны на 500 тыс. адзінак захавання. Па ініцыятыве ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама і пры падтрымцы Міністэрства культуры БССР у 1987 г. прайшло аб’яднанне дзвюх абласных бібліятэк – у вобласці засталася адна Абласная бібліятэка імя М. Горкага, размешчаная ў двух будынках. У 1996 г. яе структурным падраздзяленнем стаў інфармацыйны сектар па абслугоўванні супрацоўнікаў дзяржапарату (раней бібліятэка Дома палітасветы), які знаходзіцца на вул. Камуністычнай, 1. Такім чынам, бібліятэка размясцілася ў трох будынках. Прыход у 1997 г. дырэктара Т.П. Данілюк супаў з кардынальным змяненнем прыярытэтных напрамкаў развіцця ўстановы, якімі сталі камплектаванне фондаў і аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў. З часу прызначэння на пасаду намесніка дырэктара па навуковай рабоце А.М. Мяснянкінай (2002) быў зроблены акцэнт на навукова-даследчую і выдавецкую дзейнасць.
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага па форме ўласнасці з’яўляецца дзяржаўнай установай культуры, па адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні абласной універсальнай з функцыямі навуковай. Гэта рэгіянальны цэнтр па зборы, захаванні і папулярызацыі дасягненняў мясцовай культуры ва ўсёй яе шматграннасці. З дапамогай міжбібліятэчнага абанемента (МБА) і міжнароднага міжбібліятэчнага абанемента (ММБА) бібліятэка прадастаўляе карыстальнікам, у тым ліку і аддаленым, магчымасць доступу да інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк рэгіёна, краіны і свету. З 2007 г. установа з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскага кансорцыума па аналітычным роспісе дакументаў “LibКАРД”. Яго ўдзельнікі агульнымі намаганнямі ствараюць зводны каталог, які ўтрымлівае поўны аналітычны роспіс 150 часопісаў пераважна эканамічнай, юрыдычнай, грамадска-палітычнай тэматыкі; супрацоўнікі бібліятэкі штогод забяспечваюць роспіс 11 назваў часопісаў. З 2012 г. бібліятэка пачала выкарыстоўваць АБІС ALIS-web, якая падтрымлівае BELMARK-фармат бібліяграфічных даных. У аддзел інфармацыйных тэхналогій Брэсцкага аблвыканкама штомесячна прадстаўляецца інфармацыя аб новых паступленнях у фонд бібліятэкі па тэмах “Эканоміка”, “Права”, “Ідэалогія”, два разы ў год арганізуюцца выстаўкі-прагляды новых паступленняў для супрацоўнікаў абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў.
Бібліятэка ўдзельнічае ў фарміраванні нацыянальнай інфармацыйнай прасторы, стварае электронныя базы даных (усяго 14), якія ўваходзяць у электронны каталог (ЭК). ЭК налічвае больш за 628 тыс. запісаў. Звесткі аб установе і яе ўласных і набытых інфармацыйных рэсурсах адлюстроўваюцца ў фактаграфічнай базе даных Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Библиотеки Республики Беларусь и зарубежных стран” (http://interlib.nlb.by) і на сайце бібліятэкі (http://www.brl.by).
У бібліятэцы – 13 спецыялізаваных аддзелаў, працуюць 3 міні-цэнтры самастойнага вывучэння англійскай, нямецкай і французскай моў. У сакавіку 2010 г. на базе Цэнтра вывучэння нямецкай мовы ў аддзеле літаратуры на замежных мовах адкрыўся “Нямецкі куток”. Акрамя традыцыйных відаў паслуг і карыстання базамі даных уласнай генерацыі і сусветнымі рэсурсамі праз Інтэрнэт бібліятэка аказвае шэраг дадатковых, так званых сэрвісных паслуг. Штогод яе паслугамі карыстаюцца больш за 35 тыс. чалавек, выдача дакументаў складае больш за 630 тыс. адзінак. Штодзённа ў сярэднім – каля 800 наведванняў, больш за 2 тыс. кнігавыдач. Маюць статус ганаровых 60 чытачоў бібліятэкі. Гэта пастаянныя карыстальнікі, якія ўнеслі пэўны ўклад у гісторыю і развіццё ўстановы, папаўняюць яе фонды рэдкімі выданнямі, актыўна ўдзельнічаюць у акцыях і мерапрыемствах бібліятэкі, лабіруюць яе інтарэсы ў дзяржаўных структурах як прадстаўнікі грамадскасці. Ва ўстанове ў аўтаматызаваным рэжыме вядуцца камплектаванне і апрацоўка фондаў; уведзены ў эксплуатацыю аўтаматызаваны комплекс “Абслугоўванне чытачоў”, у тым ліку ў аддзеле літаратуры для дзяцей і юнацтва; аўтаматызаваны комплекс задач МБА і ММБА. У бібліятэцы – 90 камп’ютараў з падключэннем да Інтэрнэту. Каб прывабіць маладых чытачоў у бібліятэку, у канцы 2013 г. адкрылі сектар электронных рэсурсаў, які часткова выконвае ролю інтэрнэт-класа, што працаваў па лініі “Інтэрнэт-2 у Беларусі” (2001–2013). Дзейнічае Публічны цэнтр прававой інфармацыі (ПЦПІ) з доступам да інфармацыі банка даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь “Эталон”, а таксама інфармацыйна-прававой сістэмы па заканадаўстве Беларусі “Эксперт”. Фонд ПЦПІ налічвае каля 4,8 тыс. экзэмпляраў выданняў. З 2009 г. пры ПЦПІ працуе “Юрыдычная клініка”: два разы ў месяц у цэнтры арганізаваны дзяжурствы студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна – будучых юрыстаў. З 2003 г. бібліятэка мае прадстаўніцтва ў Інтэрнэце. У 2008 і 2014 гг. сайт аднаўляўся на новых платформах. На сённяшні час ён прадстаўляе развітую структуру з асноўным даменам і субдаменам “Краязнаўства Берасцейшчыны”, мае больш за 30 раздзелаў. Штогод да яго звяртаецца каля 35 тыс. карыстальнікаў, сярод якіх – жыхары Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. З 2008 г. бібліятэка забяспечвае жыхарам горада і вобласці доступ да сусветных інфармацыйных рэсурсаў з дапамогай віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Сёння дакументныя фонды бібліятэкі налічваюць больш за 860 тыс. адзінак захоўвання, у тым ліку больш за 500 назваў перыядычных выданняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Мэтанакіравана вядзецца работа па фарміраванні кніжных калекцый. Сярод іх – калекцыя рэдкіх выданняў, калекцыя беларускай мастацкай літаратуры, праваслаўная калекцыя, руская калекцыя, калекцыі выданняў на ўкраінскай, польскай, нямецкай, французскай мовах, у тым ліку калекцыя арыгінальных кніг (“Fighting for Freedom” (“Амерыка ў Другой сусветнай вайне”) адзіная ў Рэспубліцы Беларусь). Сярод збораў на замежных мовах – выданні для дзяцей і юнацтва. За работу па фарміраванні кніжных фондаў бібліятэка была ўзнагароджана дыпломам у намінацыі “Бібліятэчная справа” і спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2002), за папулярызацыю рускай класічнай і сучаснай літаратуры юбілейным медалём “70 лет Союзу писателей СССР и его правопреемнику Международному сообществу писательских союзов” (2009). У яе фондзе захоўваецца экзэмпляр Радзівілаўскай Бібліі, узноўленай у 2003 г. намаганнямі прафесара Ягелонскага ўніверсітэта, дырэктара выдавецтва Collegium Columbinum В. Валецкага і мецэната П. Кралікоўскага. У 2014 г. набылі фрагмент Брэсцкай Бібліі 1563 г., які з’яўляецца самым старым выданнем у фондзе бібліятэкі. Наогул, фонд кніг, выдадзеных да 1940 г., складае каля 800 экзэмпляраў.
Установа займаецца навуковай і выдавецкай дзейнасцю, рыхтуе да друку інфармацыйна-аналітычны альманах “Бібліяпанарама”, “Хронiку культурнага жыцця Брэсцкай вобласцi”, “Каляндар знамянальных і памятных дат” і інш. У 2013 г. былі выпушчаны “Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання” (матэрыялы і даклады II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Брэст, 31 мая – 3 чэрвеня 2012 г.), зборнік «Імянныя і геаграфічныя паказальнікі да кніг “Памяць” Брэсцкай вобласці”»; біябібліяграфічны і бібліяграфічны паказальнікі “Алесь Каско” і “Брестский мир: 95 лет со дня подписания”.
Вялікую ўвагу бібліятэка надае сувязям з грамадскасцю і партнёрскім адносінам. Сярод пастаянных партнёраў – Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна, Брэсцкае аддзяленне рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, Брэсцкае аддзяленне рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Русское общество”, рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом “Звязда”», Брэсцкае аддзяленне ўкраінскага аб’яднання “Просвіта”, Ровенская дзяржаўная абласная бібліятэка (Украіна), Інстытут імя Гётэ ў Мінску, Бяла-Падляская гарадская публічная бібліятэка (Польшча), Расійская нацыянальная бібліятэка ў Санкт-Пецярбургу, Цэнтр даследаванняў польскай бібліяграфіі імя Эстрэйхераў (Ягелонскі ўніверсітэт, Кракаў) і інш.
Бібліятэка – сацыякультурны цэнтр рэгіёна. Літаратурныя вечарыны і прэзентацыі кніг, аўтарскія чытанні і фестывалі паэзіі, выязныя выстаўкі для абласных і гарадскіх семінараў, юбілеяў арганізацый і ўстаноў Брэста, навукова-практычныя канферэнцыі – усе мерапрыемствы па папулярызацыі кнігі і чытання, якія праводзіць установа, прыцягваюць да сябе ўвагу спецыялістаў і шырокай грамадскасці. Так, у 2012 г., абвешчаным Годам кнігі ў Рэспубліцы Беларусь, бібліятэка правяла культурна-асветніцкую акцыю “Брэст чытае дзецям”, у 2013 г. міжнародны круглы стол “Брэсцкая Біблія – унікальны помнік культуры XVI ст.” (да 450-годдзя з дня выдання), рыхтуецца да выпуску зборнік матэрыялаў, а ў 2014 г. у гонар вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў патрыятычную акцыю “Чытаем верш па-беларуску” з удзелам знакамітых людзей Брэста.
Установа з’яўляецца навукова-метадычным і каардынацыйным цэнтрам для 583 бібліятэк вобласці сістэмы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама бібліятэк іншых сістэм і ведамстваў, выступае ў ролі цэнтра прафесійнага развіцця бібліятэчных кадраў Брэстчыны. Займаецца навукова-даследчай дзейнасцю. Штогод праводзяцца семінары, круглыя сталы для дырэктараў, спецыялістаў ЦБС.
Супрацоўнікі функцыянальных аддзелаў выступаюць з кансультацыямі на абласных курсах павышэння кваліфікацыі сельскіх бібліятэкараў, у тым ліку бібліятэкараў аграгарадкоў, прымаюць удзел у міжнародных навукова-практычных семінарах і канферэнцыях, з’яўляюцца членамі Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Ва ўстанове працуюць 138 чалавек, з іх – 107 бібліятэчных работнікаў, 84% з якіх маюць вышэйшую адукацыю, 66,4% – вышэйшую бібліятэчную. Сярод іх – вядомыя ў вобласці і рэспубліцы спецыялісты, работа якіх адзначана медалямі, ганаровымі знакамі, граматамі, лістамі падзякі.
У бліжэйшых планах развіцця бібліятэкі – працяг работы ў межах доўгатэрміновых праектаў, пашырэнне кола партнёраў, развіццё культурна-асветніцкіх традыцый, далейшая дзейнасць па пераўтварэнні ўстановы ў інфармацыйны, даследчы, навуковы і асветніцкі цэнтр рэгіёна; працяг аўтаматызацыі і ўкараненне новых інфармацыйных тэхналогій; стварэнне новых баз даных; далейшае развіццё сайта і яго субдаменаў і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.