РУП “Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод” мае шматгадовую гісторыю. У снежні 1918 г. былы арцельшчык Іван Рыгоравіч Саўчанка арганізаваў у Гомелі майстэрні па рамонце металічных судоў, якія належалі прыватным уладальнікам. Менавіта гэта падзея з'яўляецца афіцыйнай датай заснавання прадпрыемства. У лютым 1919 г. прыватнаўласніцкі флот у г. Гомелі нацыяналізаваны і было прынята рашэнне аб пашырэнні суднарамонтных майстэрняў. Восенню 1921 г. абсталявана сілавая станцыя, дрэваапрацоўчы цэх з лесапільнай рамай і невялікай колькасцю станкоў, механічны і арматурна-слясарны цэхі.
У 1920–1921-я гг. было адрамантавана 49 адзінак флоту, у тым ліку 11 адзінак Дняпроўскай ваеннай флатыліі. У 1922 г. у майстэрнях упершыню арганізаваны рамонт суднаў у зімовых умовах.
У гады Вялікай Айчыннай вайны абсталяванне і матэрыялы завода эвакуіраваны ў г. Сталiнград, дзе калектыў завода выпускаў боепрыпасы для фронту, будаваў браніраваныя катэры і браніраваў грамадзянскія судны для ваеннага флоту. У 1942 г. завод эвакуіраваны ў Расію (г. Чыстопаль), дзе быў наладжаны рамонт флоту, выраб прылад для вывазу параненых, iншага абсталявання, неабходнага для фронту.
Будаўніцтва сучаснага завода пачалося ў 1945 г. Да пачатку лета 1950 г. былі пабудаваны механічны, корпусна-зварачны цэхі; блок паракацельнай з кампрэсарнай і трансфарматарнай; склад завода і сліп.
На новым заводзе пачалося засваенне пабудовы новых тыпаў суднаў: трохтонных плаўкранаў, буксірных цеплаходаў; прадукцыі машынабудавання: паравых помпаў, паравых машын, дваццацітонных дамкратаў. Ішло далейшае развіццё вытворчых магчымасцей завода: узведзены ліцейны цэх, асвоены новыя тэхналагічныя працэсы.
У канцы 1957 г. Гомельскі суднарамонтны завод перайменаваны ў рамонтна-эксплуатацыйную базу флоту, што выклікана неабходнасцю лепшай арганізацыі работы флоту, які быў перададзены заводу. У 1959 г. калектыў завода ўпершыню ў СССР асвоіў будаўніцтва цеплаходаў “Ракета”. У гэты перыяд наладжваецца серыйны выпуск катэраў “Волга” на падводных крылах.
У пачатку 1961 г. рамонтна-эксплуатацыйная база флоту перайменавана ў суднабудаўніча-суднарамонтны завод. Да 1968 г. завод выпусціў 8 саракамесных цеплаходаў “Беларусь”, 120 катэраў “Волга”, плаўперагружальнік, дызель-электрычную машыну, правёў вялікую работу па рамонту флоту. За дасягнутыя поспехі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР у 1968 г. заводу было прысвоена ганаровае найменне “Імя 50-годдзя Беларускай ССР”.
У 2000 г. РУП “Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод” зарэгістравана рашэннем Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта ад 25.08.2000 г. № 522 у Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (скарочаная назва РУП “Гомельскі ССРЗ”).
На сучасным этапе свайго развіцця завод вырабляе лодкі з алюмініева-магніевага сплаву, катэры i iнш., займаецца рамонтам рознай складанасці.
У апошні час распрацоўваюцца новыя напрамкі дзейнасці, у тым лiку: выраб прыцэп-вагонаў і металаканструкцый рознага прызначэння са звычайнай і нержавеючай сталей, алюмінію і тытану.
Матэрыялы падрыхтаваны РУП “Гомельскі ССРЗ” у 2010 г.