Дата начала: 17.09.1830 Гродна, г.
Краткая справка: дзяржаўная ўстанова культуры, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2008)
Краткие названия: ГАНБ імя Я.Ф. Карскага
Названия на других языках: Гродненская областная научная библиотека имени Е.Ф. Карского (русский);
Предыдущие названия: Гродзенская абласная бібліятэка; Гродненская областная библиотека
Дзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага” – першая публічная бібліятэка, якая была адкрыта на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Як сведчаць матэрыялы архіваў, рашэнне аб яе заснаванні было прынята ў верасні 1830 г. на нарадзе ў гродзенскага генерал-губернатара М. Т. Бабяцінскага. Аснову фонду склалі добраахвотныя ахвяраванні дваран – кнігі і афіцыйныя перыядычныя выданні. Доступ да бібліятэчных дакументаў быў адкрыты толькі невялікай катэгорыі асоб з вышэйшых слаёў насельніцтва: чыноўнікам, дваранам, памешчыкам. Першапачаткова ёй карысталася ўсяго 40 чытачоў. Доўгі час бібліятэка не мела свайго памяшкання, фонд папаўняўся вельмі слаба, ніякіх грашовых сродкаў ад дзяржавы не паступала. Каб паправіць стан установы, у 1859 г. гродзенскі губернатар прапанаваў усім служачым горада ахвяраваць на яе ўтрыманне 1% са свайго заработку. На сабраныя грошы былі выпісаны перыядычныя выданні і куплены некалькі дзесяткаў кніг. Людзі, якія ўдзельнічалі ў акцыі, мелі права карыстацца бібліятэкай бясплатна, а астатнія маглі стаць чытачамі толькі за плату. У 1865 г. Міністэрствам унутраных спраў быў зацверджаны Статут бібліятэкі. З 1877 г. установа пачынае атрымліваць урадавую субсідыю ў памеры 800 руб. у год. З Гродзенскай публічнай бібліятэкай быў цесна звязаны лёс А. Я. Багдановіча, бацькі славутага беларускага паэта М. Багдановіча, вучонага, педагога, грамадскага дзеяча, які ў 1892–1895 гг. яе ўзначальваў.
З устанаўленнем у 1920 г. савецкай улады да ўстановы далучыліся бібліятэкі мужчынскай гімназіі, яўрэйскага аб’яднання “Кунет”, прыватныя бібліятэкі знакамітых людзей. Загадчыкам стала С. Энштэйн. У канцы 1920-х гг. назіраецца рост колькасці чытачоў, у сувязі з чым быў створаны філіял у Занёманскай частцы горада, які праіснаваў да 1937 г. 1 мая 1940 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё бібліятэкі для шырокага кола чытачоў. Кнігі пачалі выдавацца бясплатна. Трагічнымі для бібліятэкі сталі гады Вялікай Айчыннай вайны: памяшканне занялі немцы, большасць кніг была спалена, астатнія перавезены на вуліцу Паўночную ў будынак школы. Частку кніг для захавання ўзяў у сваю кватэру супрацоўнік бібліятэкі М. А. Чарвякоўскі, які, рызыкуючы жыццём, выдаваў іх нават партызанам. На дзесяты дзень пасля вызвалення горада ўстанова пачала працаваць. Нягледзячы на цяжкія ўмовы існавання, праводзілася выдача кніг, чытальная зала была перапоўнена. 15 лютага 1957 г. згодна з пастановай Гродзенскага абласнога савета дэпутатаў працоўных і бюро абкома КПБ бібліятэцы было прысвоена імя Я. Ф. Карскага, першага беларускага акадэміка, заснавальніка беларускага мовазнаўства і філалогіі, ураджэнца Гродзеншчыны. З кожным годам аўтарытэт бібліятэкі ў грамадстве павялічваўся. Праводзіліся чытацкія канферэнцыі, цыклы лекцый па праблемах развіцця навукі, тэхнікі, мастацтва, сустрэчы са знакамітымі людзьмі, бібліяграфічныя агляды літаратуры на прадпрыемствах горада і г. д.
Сёння дзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага” з’яўляецца буйнейшым кнігасховішчам, вядучым інфармацыйным, адукацыйным і сацыяльна-культурным цэнтрам, лідэрам бібліятэчнай палітыкі ў вобласці. Штогод да паслуг бібліятэкі звяртаецца звыш 43 тыс. карыстальнікаў: навукоўцы, творчая інтэлігенцыя, спецыялісты народнай гаспадаркі, моладзь, дзеці і інш. Ім выдаецца 880 тыс. адзінак дакументаў. Штодзённа рэгіструецца больш за 900 наведванняў бібліятэкі. Універсальны фонд налічвае 640 тыс. экз. дакументаў на традыцыйных і электронных носьбітах і задавальняе самыя рознабаковыя запыты. Інфармацыйныя рэсурсы фарміруюцца ў адпаведнасці з сацыяльна-эканамічным профілем развіцця рэгіёна і запытамі насельніцтва. Бібліятэка валодае багацейшай калекцыяй дакументаў пра рэгіён, сярод якіх – рэдкія выданні канца ХІХ – пачатку ХХ ст.: працы губернскага статыстычнага камітэта, памятныя кніжкі Гродзенскай губерні, рэдкія манаграфіі, агляды, дакументы дарэвалюцыйнага і даваеннага перыядаў і г. д. Мастацкая і галіновая сусветная літаратура прадстаўлена на беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, французскай, польскай, літоўскай мовах, даведачныя выданні – на 37 мовах свету. У аддзеле мастацтва ёсць унікальныя дакументальныя запісы ваенных гадоў: радыёзварот Сталіна да савецкага народа 3 ліпеня 1941 г.; паведамленні Інфармбюро, агучаныя Левітанам; выступленні і ўспаміны военачальнікаў; запісы ваенных песень у выкананні М. Бернеса, К. Шульжэнка, Л. Зыкінай, А. Несцярэнкі і г. д.
Бібліятэка аснашчана 116 камп’ютэрамі. Ва ўсіх аддзелах абслугоўванне вядзецца ў аўтаматызаваным рэжыме. Да паслуг карыстальнікаў – 30 аўтаматызаваных рабочых месцаў, 27 з якіх маюць выхад у Інтэрнэт. Праводзіцца алічбоўка музычных запісаў. З 2008 г. бібліятэка забяспечвае жыхарам Гродзеншчыны доступ да інфармацыйных рэсурсаў сусветных вытворцаў з дапамогай віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі . Электронны каталог адлюстроўвае 98% усяго фонду, выстаўлены на web-сайце бібліятэкі. Ствараюцца базы даных “Гродзенская вобласць”, “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага”, “Дзіцячая літаратура”, “Мастацтва”, “Памяць Гродзеншчыны” і інш. На сённяшні дзень іх 12. Як цэнтр каталагізацыі для бібліятэчных устаноў вобласці бібліятэка перадала базу даных “Рэтраспекцыя” ўсім 18 цэнтральным бібліятэкам. З 2008 г. яна стала паўнапраўным членам рэспубліканскага бібліятэчнага кансорцыума па аналітычным роспісе перыядычных выданняў LIBKARD. Паспяхова дзейнічаюць тры мультымедыйныя цэнтры. У 2009 г. створаны інфармацыйна-адукацыйны цэнтр – комплекс, які ўключае традыцыйныя бібліятэчныя паслугі, аўтаматызаваныя рабочыя месцы з выхадам у Інтэрнэт, спецыялізаваныя рабочыя месцы для работы людзей з аслабленым зрокам, гурток па вывучэнні замежных моў, мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці сусветна вядомай пісьменніцы Э. Ажэшка. Шырокі доступ карыстальнікам да прававой інфармацыі забяспечвае Публічны цэнтр прававой інфармацыі. З 2003 г. плённа працуе грамадская прыёмная, дзе бясплатную юрыдычную кансультацыю аказваюць юрысты-практыкі юрыдычных службаў горада. Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў бібліятэкі і Інавацыйнага цэнтра юрыдычнай адукацыі УА “Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я. Купалы” публічныя бібліятэкі Гродзеншчыны працуюць па праграме “Адвакат па перапісцы”, што дазваляе юрыстам аказваць дыстанцыйную прававую дапамогу жыхарам аддаленых населеных пунктаў. Сваю дзейнасць калектыў бібліятэкі каардынуе з грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі, установамі і творчымі саюзамі. За год праводзіцца звыш 240 мерапрыемстваў, сярод іх – краязнаўчыя чытанні, выстаўкі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва народных майстроў Гродзеншчыны, інфармацыйныя тыдні, дні інфармацыі, літаратурныя вечарыны, прэзентацыі кніг і творчыя сустрэчы з удзелам паэтаў і пісьменнікаў Гродзенскай вобласці. Пры бібліятэцы працуюць чатыры аматарскія аб’яднанні. Вялікая ўвага надаецца духоўна-маральнаму выхаванню моладзі на аснове хрысціянскіх каштоўнасцей. На працягу апошніх сямі гадоў распрацоўваюцца дабрачынныя праграмы, асноўная мэта якіх – аказанне падтрымкі сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва і выхаванне высокіх маральных якасцей у моладзі і падлеткаў. Праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя супраць п’янства, алкагалізму і брыдкаслоўя, дабрачынныя акцыі для дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў.
Бібліятэка ажыццяўляе метадычнае забеспячэнне дзейнасці 455 публічных бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама бібліятэк іншых сістэм і ведамстваў: аказвае метадычную і практычную дапамогу, абагульняе і ўкараняе перадавы вопыт работы бібліятэк, арганізуе і праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне кваліфікацыі бібліятэчных работнікаў. Яна была ініцыятарам правядзення абласных акцый “Усё лепшае дзецям”, “Новае пакаленне выбірае здароўе”, “У нашых сэрцах памяць…”. Адным з галоўных кірункаў дзейнасці з’яўляецца навукова-даследчая работа. За апошні час праведзены даследаванні “Стан і перспектывы развіцця інфармацыйных патрабаванняў чытачоў абласной бібліятэкі”, “Цэнтральная бібліятэка як метадычны цэнтр рэгіёна”, “Социальные причины сиротства: мнение молодежи”. Штогод выдаецца каля 20 творчых прац: бібліяграфічны паказальнік “Новая літаратура аб Гродзенскай вобласці”, аналітычны матэрыял “Бібліятэкі Гродзеншчыны за… год” з дадаткамі, штоквартальны бюлетэнь “З жыцця бібліятэк вобласці”, інфармацыйны зборнік “У дапамогу метадысту”, краязнаўчы каляндар і інш.
За добрасумленную, творчую працу калектыў установы неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і дыпломамі, сярод якіх – Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Пісьмо-падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншыя, а па выніках работы ў 2008 г. стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Дзякуючы плённай працы людзей, якія ўсе свае веды, майстэрства, творчасць аддаюць асвеце грамадства, павышэнню яго культуры і развіццю духоўнасці Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага адпавядае свайму галоўнаму прызначэнню – быць скарбніцай духоўнай памяці беларускага народа.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г. Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя Я. Ф. Карскага.