Дата начала: 1486 Мастоўскі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка: цэнтр раёна Гродзенскай вобласці
Названия на других языках: Мосты (русский);
Масты – горад у Гродзенскай вобласці, цэнтр Мастоўскага раёна, размешчаны на рацэ Нёман пры ўпадзенні ў яе ракі Зальвянкі, вузел чыгуначных і аўтамабільных дарог на Гродна, Ліду, Ваўкавыск, Слонім.
Упершыню згадваецца ў 1486 г. у Літоўскай метрыцы як мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага павета Троцкага ваяводства. У 1514 г. мястэчка пазначана як адміністрацыйны цэнтр велікакняжацкага ўладання. Паводле рэвізіі 1561 г. у Мастах налічвалася 9 вуліц па абодвух берагах Нёмана, дзейнічалі прыстань і паром. Пасля 1589 г. мястэчка з’яўлялася цэнтрам воласці Гродзенскай эканоміі. Граматамі каралёў Рэчы Паспалітай 1601, 1633, 1653 і 1677 гг. жыхары атрымалі некаторыя прывілеі паводле магдэбургскага права. З 1633 г. згодна з каралеўскай граматай у Мастах праводзіліся штотыднёвыя базары і 2 кірмашы ў год. Значнае месца ў гандлі займаў лес, які сплаўлялі па Нёмане ў Гродна, Коўна, Кёнігсберг, таксама былі развіты сельская гаспадарка і рамяство.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Масты далучаны да Расійскай імперыі ў склад Гродзенскага павета Слонімскай, з 1797 г. – Літоўскай, з 1801 г. – Гродзенскай губерняў. У канцы XVIII ст. царскім урадам мястэчка падаравана калежскаму саветніку Літке, пазней належала стацкаму саветніку Шэвальё Далью, мытнаму інспектару Мураўёву і інш. У канцы чэрвеня 1812 г. Масты былі заняты французскімі войскамі, у кастрычніку вызвалены рускай арміяй. У першай палове XIX ст. значна павялічылася суднаходства і сплаў лесу па Нёмане. Праз Масты таксама праходзілі важныя сухапутныя шляхі на Гродна, Вільню і Слонім. У другой палове XIX ст. вялікае значэнне мела мастоўская гандлёвая дарога – працяг тракту ад Мінска да Слоніма (Дзярэчын – Масты). У 1885 г. у мястэчку налічвалася 113 двароў, 1262 жыхара, дзейнічалі валасное праўленне, прыстань на рацэ Нёман, касцёл, 2 сінагогі, 3 яўрэйскія малітоўныя дамы, народнае вучылішча, 8 лавак, 5 піцейных дамоў і інш. У пачатку XX ст. Масты пераўтварыліся ў важны чыгуначны вузел, які звязваў мястэчка з Гроднам, Лідай, Ваўкавыскам.
У Першую сусветную вайну з верасня 1915 г. па снежань 1918 г. Масты былі заняты германскімі войскамі. З 1 студзеня 1919 г. увайшлі ў склад БССР, у 1921 г. паводле Рыжскага мірнага дагавора далучаны да Польшчы і сталі цэнтрам гміны Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства. У 1927 г. у мястэчку дзейнічала пачатковая школа, была пабудавана фанерная фабрыка, якая забяспечвала сваёй прадукцыяй авіяцыйную прамысловасць. У 1931 г. на фабрыцы працавала 400 рабочых, выраблялася 7 тыс. кубаметраў фанеры. У канцы 1939 г. Масты зноў увайшлі ў склад БССР. З 12 кастрычніка 1940 г. сталі рабочым пасёлкам, цэнтрам Мастоўскага раёна Баранавіцкай вобласці. У 1940 г. у Мастах акрамя фанернай фабрыкі працавалі лесапільны завод, паравы і электрычны млыны, чыгуначная станцыя, дзейнічалі клуб, бібліятэка, 2 школы, 6 крам і інш.
25 чэрвеня 1941 г. пасёлак быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі і ўключаны ў акругу “Беласток” правінцыі Усходняя Прусія. У гады акупацыі ў Мастах і раёне гітлераўцамі быў знішчаны 2681 чалавек. Пасёлак вызвалены 13 ліпеня 1944 г. войскамі 2-га Беларускага фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі. З 20 верасня 1944 г. Масты ўключаны ў склад Гродзенскай вобласці. У студзені 1949 г. сталі гарадскім пасёлкам, 22 ліпеня 1955 г. атрымалі статус горада. З 25 снежня 1962 г. знаходзіліся ў Ваўкавыскім раёне, з 6 студзеня 1965 г. увайшлі ў склад Мастоўскага раёна.
У 1971, 1980 і 2014 гг. былі распрацаваны генеральныя планы горада. Планіровачная структура Мастоў у асноўным прамавугольная, з дробнымі кварталамі. Забудова пераважна драўляная, сядзібнага тыпу. У цэнтры горада ўзведзены двух-і пяціпавярховыя будынкі.
У 2006 г. Масты атрымалі герб, які ўяўляе сабой перасечаны варажскі шчыт, у верхнім чырвоным полі якога выява залатога маста, у ніжнім блакітным – плыт з шасці бярвён сярэбранага колеру.
У цяперашні час у горадзе працуюць прамысловыя прадпрыемствы ААТ “Мастоўдрэў”, “Матэкс”, “Мастоўскі рамонтны завод”, сумеснае ТАА “Байдзімэкс”, камунальнае вытворчае УП “Мастоўская сельгастэхніка” і інш. Дзейнічаюць бальніца, паліклініка, раённая бібліятэка, Дом быту, гімназія, 3 сярэднія школы, 6 дашкольных устаноў, раённыя Цэнтр культуры і Цэнтр рамёстваў, Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”. Выдаецца раённая газета “Зара над Нёманам”. У 2024 г. пасля рэканструкцыі быў адкрыты стадыён. У горадзе знаходзяцца касцёл Маці Божай, царква ў гонар абраза Маці Божай “Усіх гаротных Радасць”, помнік землякам, загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну, брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў ліпені 1944 г. пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Помнікамі архітэктуры з’яўляюцца будынак чыгуначнага вакзала (1904–1905), Ільінская царква (1910).
Адна з галоўных славутасцей горада – падвесны пешаходны мост праз Нёман, працягласцю 193 м і шырынёй 1,5 м, які быў пабудаваны ў 1972 г. і звязаў 2 часткі горада. З’яўляецца самым доўгім мостам такога тыпу ў Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
