Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна была заснавана ў 1899 г. у гонар 100-гадовага юбілею з дня нараджэння паэта. Гэта першая гарадская публічная бібліятэка ў Мінску, афіцыйнае адкрыццё якой адбылося 25 снежня 1900 г. У той час установа знаходзілася на Захар’еўскай вуліцы (цяпер праспект Незалежнасці), узначальваў яе савет, прызначаны гарадской думай, першым кіраўніком якога быў дырэктар рэальнага вучылішча І.І. Самойла. У 1900 г. быў надрукаваны Статут Мінскай гарадской публічнай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна, у якім былі акрэслены задачы бібліятэкі, правы і абавязкі чытачоў. У той час бібліятэкай карысталіся навучэнцы, урачы, інжынеры і служачыя. У час рэвалюцыйных падзей 1905–1907 гг. бібліятэка стала адным з палітычных цэнтраў горада, месцам сустрэч рэвалюцыянераў. У 1909 г. ганаровым членам бібліятэкі быў абраны Л.М. Талстой. У 1938 г. бібліятэка атрымала статус Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна. У гады Вялікай Айчыннай вайны яе фонд (каля 170 тыс. экз.) быў знішчаны і разрабаваны, а памяшканне разбурана. З 1944 г. пачалося адраджэнне бібліятэкі. У лістападзе 1971 г. яна атрымала новае памяшканне на вуліцы Гікалы, што дазволіла стварыць спрыяльныя ўмовы для размяшчэння фондаў і работы з чытачамі.
Сёння бібліятэка з’яўляецца не толькі буйнейшым у вобласці кнігасховішчам, але і інфармацыйным, адукацыйным, сацыяльна-культурным цэнтрам. Універсальным фондам, аб’ём якога складае каля 644 тыс. экз. дакументаў на традыцыйных і электронных носьбітах (у т. л. больш за 500 назваў перыядычных выданняў), карыстаюцца штогод больш за 30 тыс. наведвальнікаў. Сярод рэдкіх выданняў – камплекты часопісаў ХІХ – пачатку ХХ ст. “Исторический вестник”, “Русская мысль”, “Современник” і інш. Да паслуг карыстальнікаў – індывідуальны абанемент, шэраг галіновых і спецыялізаваных чытальных залаў, аддзел абслугоўвання дзіцячага чытача. Актыўны працэс інфарматызацыі грамадства паспрыяў мадэрнізацыі абласной бібліятэкі, укараненню новых інфармацыйных тэхналогій, што павысіла якасць абслугоўвання наведвальнікаў. У 1996 г. быў створаны электронны каталог Мінскай абласной бібліятэкі, з 2003 г. у Інтэрнеце з’явіўся сайт установы, вядуцца бібліяграфічныя базы даных “Пушкініяна”, “Краязнаўства”, “Аналітыка”, фактаграфічныя БД “Памяць Міншчыны”, “Героі Савецкага Саюза – ураджэнцы Мінскай вобласці” і інш. Праз віртуальную чытальную залу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Мінская абласная бібліятэка прадастаўляе сваім карыстальнікам доступ да сусветных інфармацыйных рэсурсаў. З 2007 г. установа ўваходзіць у рэспубліканскі бібліятэчны кансорцыум LIBKARD. За 2019 г. супрацоўнікі Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна стварылі 1615 бібліяграфічных запісаў на артыкулы з перыядычных выданняў.
Аптымальныя ўмовы для атрымання прававой інфармацыі стварае публічны цэнтр прававой інфармацыі бібліятэкі. Да 200-гадовага юбілею з дня нараджэння А.С. Пушкіна Мінскай абласной бібліятэкай быў створаны Пушкінскі інфармацыйны асветніцкі цэнтр, які займаецца папулярызацыяй творчай спадчыны паэта, вядзе базу даных “Пушкініяна”. Супрацоўнікамі цэнтра падрыхтаваны і выдадзены зводны каталог “Дарэвалюцыйныя выданні А.С. Пушкіна і літаратура пра яго з фондаў бібліятэк, музеяў і архіваў Беларусі”, зборнік “А.С. Пушкін і Беларусь”, падрыхтаваны сумесна з Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтрам імя Ф. Скарыны.
З 1996 г. у абласной бібліятэцы дзейнічае клуб “Кніга і мы”. У яго пасяджэннях прымалі ўдзел вядомыя літаратары, дзеячы культуры і мастацтва В. Альшэўскі, Р. Баравікова, А. Бадак, Л. Дранько-майсюк, А. Дудараў, М. Захарэвіч, А. Кашкурэвіч, Л. Рублеўская, В. Шніп і інш.
У выніку супрацоўніцтва аддзела замежнай літаратуры Мінскай абласной бібліятэкі з культурнымі цэнтрамі замежных краін у Беларусі была створана Франка-Беларуская зала інфармацыі аб сучаснай Францыі. Наведвальнікі бібліятэкі маюць магчымасць удасканальваць веды па замежных мовах у клубах "English Debating Club", “Fun with Words: American English through books and games” (для дзяцей 5-7 гадоў), “Minsk Public Speaking Club”, “Conversational English Club”, “Monday Talks”, “Deutscher Sprachklub”. Тых, хто цікавіцца культурай Кітая, запрашае клуб кітайскай культуры «Цан Цзе». Студэнты з замежных краін могуць удасканальваць веды па рускай мове ў клубе “Russian for Foreigners”. Аддзел замежнай літаратуры рэгулярна праводзіць сустрэчы з дзеячамі навукі і культуры, робіць прэзентацыі і выставы, арганізоўвае прагляд і абмеркаванне фільмаў.
Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна з’яўляецца навукова-метадычным цэнтрам для 445 публічных бібліятэк вобласці, займаецца павышэннем кваліфікацыі спецыялістаў, арганізацыяй і правядзеннем семінараў, конкурсаў прафесійнага майстэрства, форумаў маладых паэтаў Міншчыны “Слова Купалы да творчасці кліча”, працуе над рэалізацыяй шэрага праграм.
Штогод Мінская абласная бібліятэка выпускае 15–18 бібліяграфічных і метадычных дапаможнікаў, сярод якіх інфармацыйны зборнік “Бібліятэчны веснік”, аналітычны матэрыял “Бібліятэкі Міншчыны ў ... годзе: агляд дзейнасці”, шэраг бібліяграфічных паказальнікаў і г. д.
За гады свайго існавання Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна стала галоўнай бібліятэкай Міншчыны, рэгіянальным кнігасховішчам, інфармацыйным, метадычным і краязнаўчым цэнтрам.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г. Мінскай абласной бібліятэкай імя А.С. Пушкіна, актуалізаваны ў 2020 г.