Адкрытае акцыянернае таварыства “Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат” (ААТ “Рагачоўскі МКК”) з’яўляецца адным з буйнейшых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь па вытворчасці натуральнай малочнай прадукцыі. Наменклатура тавару: малочныя кансервы, масла сметанковае, сухія малочныя прадукты, цвёрдыя і плаўленыя сыры, маянэз, прадукты для дзіцячага харчавання.
25 верасня 1938 г. загадам № 1046 Наркамата харчовай прамысловасці СССР была арганізавана камісія, якая прымала завод і ўводзіла яго ў эксплуатацыю. 22 кастрычніка 1938 г. прадпрыемства выпусціла першую прадукцыю. Праектныя магчымасці камбіната складалі 11 млн. умоўных банак малочных кансерваў у год. У 1938 г. прадпрыемства выпусціла 4,5 млн. банак малочных кансерваў, у 1940 г. – 9,5 млн. банак. У той час на прадпрыемстве працавала 200 рабочых.
З ліпеня 1941 г. да снежня 1944 г. завод часова прыпыніў сваю дзейнасць, абсталяванне было эвакуіравана.
З 1951 г. па 1961 г. калектыў камбіната прымаў удзел у 23-х міжнародных выстаўках і кірмашах, прадстаўляў сваю прадукцыю ў краінах Еўропы, Азіі і Лацінскай Амерыкі. Кожны год гатовая прадуцыя адгружалася на экспарт. Прадукцыя камбіната вядома ў чатырнаццаці краінах свету: на Кубе, Кіпры, у Алжыры, Егіпце, Эфіопіі, Германіі, Венгрыі, Польшчы, Афганістане, Анголе, В’етнаме, Гвінеі, Сінгапуры. У 1962 г. тэхналагічнае абсталяванне натуральнамалочнага цэха ўведзена ў эксплуатацыю з праектнай магутнасцю пераапрацоўкі 15 тон сыравіны ў змену. У гэтым жа годзе Рагачоўскі малочнакансервавы завод рэарганізаваны ў малочнакансервавы камбінат.
У 1970–1980-я гг. пакладзены пачатак карэннаму тэхнічнаму пераўзбраенню цэхаў, аддзелаў і зоны для пераапрацоўкі сыравіны. У кансервавым цэху былі ўстаноўлены бесперапынна-паточныя лініі з аўтаматызаванай сістэмай кіравання тэхналагічным працэсам па прыёмцы, ачыстцы, ахаладжэнню малака, а таксама па згушчэнні малака з цукрам. У снежні 1982 г. адбыўся запуск цэха сухіх малочных прадуктаў. Узведзены для яго будынак аснасцілі высокапрадукцыйным абсталяваннем, аўтаматыкай для кантролю якасці тэхналагічных працэсаў. З улікам канкрэтных умоў вытворчасці цэх аб’ядналі з цэхам па вытворчасці масла.
У 1998 г. значным дасягненнем камбіната стаў запуск цэха прадуктаў для дзіцячага харчавання. Гэта ўнікальная вытворчасць, аснашчаная абсталяваннем знакамітай шведскай кампаніі “ТэтраПак”, дазваляе выпускаць прадукцыю найвышэйшай якасці. У 2001 г. на прадпрыемстве ўкаранёна і сертыфіцыравана сістэма менеджменту якасці вытворчасці малочных кансерваў на адпаведнасць міжнародным патрабаванням СТБ ISO 9001.
У 2005 г. на прадпрыемстве ўкаранёна і сертыфіцыравана сістэма якасці і бяспекі вытворчасці прадуктаў для дзіцячага харчавання на аснове аналізу рызыкі і крытычных кантрольных кропак (НАССР) у адпаведнасці з СТБ 1470–2004. Адным з апошніх пераўзбраенняў з’яўляецца запуск у 2007 г. новай лініі па вытворчасці бляшанай банкі італьянскай фірмы “CHEVOLANI”.
На сённяшні дзень на прадпрыемстве працуе больш за паўтары тысячы чалавек. Асартымент выпускаемай прадукцыі складае больш за 80 найменняў і пашыраецца з кожным годам. Калектыў камбіната ўзначальвае генеральны дырэктар Дзмітрый Уладзіміравіч Краўчанка.
Матэрыял падрыхтаваны на аснове звестак, прысланых ААТ “Рагачоўскі МКК” у 2009 г.