Дата начала: 04.12.1939
Краткая справка: адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Рэспублікі Беларусь
Краткие названия: Брэсц. вобл.
Названия на других языках: Брестская область (русский);
Брэсцкая вобласць з'яўляецца адной з шасці абласцей Рэспублікі Беларусь. Утворана 4 снежня 1939 г. на тэрыторыі былых Брэсцкага, Кобрынскага і Пружанскага паветаў Палескага ваяводства Польшчы. Размешчана на паўднёвым захадзе краіны, паміж рэкамі Заходні Буг і Случ, займае плошчу 32,8 тыс. кв. км. Вобласць мяжуе з Польшчай і Украінай, з Гродзенскай, Мінскай і Гомельскай абласцямі. Горад Брэст з'яўляецца цэнтрам вобласці. У складзе рэгіёна 16 адміністрацыйна-тэрытарыяльных раёнаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі; 20 гарадоў, у тым ліку 5 абласнога падпарадкавання – Брэст, Баранавічы, Кобрын, Лунінец, Пінск, 9 пасёлкаў гарадскога тыпу, 2178 сельскіх населеных пунктаў. Асноўнае насельніцтва складаюць беларусы, жывуць таксама рускія, украінцы, палякі і інш.
Тэрыторыя Брэсцкай вобласці за сваю гісторыю ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай Імперыі, Савецкага Саюза. У Брэсце была заключана Брэсцкая унія (1596), Брэсцкі мір (1918). На тэрыторыі Пружанскага раёна падпісана Віскулёўскае пагадненне аб стварэнні СНД (1991). Вобласць шырока вядома па-за межамі рэспублікі: на тэрыторыі Брэста знаходзіцца мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». 22 чэрвеня 1941 г. гарнізон крэпасці над Бугам першым прыняў удар нямецка-фашысцкіх захопнікаў і больш за месяц гераічна трымаў абарону. Уся тэрыторыя вобласці ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны была акупіравана гітлераўскімі войскамі і стала месцам жорсткіх баёў з ворагам. З першых дзён вайны на Брэстчыне пачаў разгортвацца партызанскі рух. У гарадах актыўна дзейнічала антыфашысцкае падполле. Тэрыторыя вобласці была вызвалена ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 г.
Брэстчына – край цудоўнай прыроды, які славіцца сваімі густымі лясамі і блакітнымі азёрамі. На паўночным захадзе на тэрыторыі Камянецкага і Пружанскага раёнаў раскінулася частка ўнікальнага помніка прыроды з шырокімі паляўнічымі ўгоддзямі, аднаго з самых старажытных лясных запаведнікаў Еўропы – Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Нацыянальны парк «Белавежская пушча». Па багацці і захаванасці біяразнастайнасці ў 1992 г. ЮНЕСКА ўключыла Белавежскую пушчу ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны чалавецтва. Тут у прыродным асяроддзі жывуць зубры, высакародныя алені, дзікі, ласі, казулі, бабры. Для захавання каштоўных прыродных аб'ектаў утвораны 17 заказнікаў рэспубліканскага і 29 мясцовага значэння, 30 помнікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння.
Рэгіён мае добра развітую прамысловую інфраструктуру. Вядучае месца належыць харчовай і лёгкай прамысловасці. Вобласць спецыялізуецца таксама на вытворчасці прадукцыі машынабудавання, лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці, вырабе будаўнічых матэрыялаў, што пастаўляюцца на беларускі рынак, у краіны СНД і інш. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы, збожжавых культур і цукровых буракоў. З году ў год узрастае цікавасць да рэгіёна з боку замежных інвестараў. Візітнай карткай інвестыцыйнага патэнцыялу вобласці з'яўляецца свабодная эканамічная зона «Брэст». Эканамічныя сувязі з іншымі краінамі развіваюцца ў рамках еўрарэгіёна «Буг». Па тэрыторыі вобласці праходзяць нафтаправод «Дружба», газаправод Таржок – Мінск – Івацэвічы з адгалінаваннем на Кобрын – Брэст – Варшаву.
Брэсцкая вобласць – заходнія вароты краіны – размешчана на перакрыжаванні ажыўленых шляхоў з усходу на захад і з поўначы на ўсход. Брэсцкі чыгуначны вузел з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Цэнтральнай Еўропе і цалкам забяспечвае транзіт краін СНД з краінамі Заходняй Еўропы на Маскоўскім і Санкт-Пецярбургскім напрамках. Асаблівую важнасць мае транзітны калідор Берлін – Варшава – Брэст – Мінск – Масква, а таксама прамы шлях у Вільнюс і Кіеў. Вялікае значэнне мае водны транспарт. У межах вобласці суднаходныя Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы. У Брэсце дзейнічае аэрапорт.
З пачаткам утварэння вобласці звязаны працэс станаўлення сістэмы адукацыі. Першай вышэйшай навучальнай установай (ВНУ) у 1945 г. стаў Брэсцкі педагагічны інстытут (цяпер Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Пушкіна), у 1966 г. прыняў першых студэнтаў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут (цяпер Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт). Сёння падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй на Брэстчыне ажыццяўляецца ў чатырох ВНУ. Акрамя вышэйназваных дабавіліся ўніверсітэты ў Баранавічах (2004) і Пінску (2006). Працуюць таксама агульнаадукацыйныя школы, сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы, сярод якіх Баранавіцкае музычнае вучылішча, Брэсцкі музычны каледж, Пінскае вучылішча мастацтваў і інш. Дзейнічаюць установы культуры: бібліятэкі, клубы, кінатэатры, тэатры, абласная філармонія, музеі і інш. Традыцыйнымі сталі шматлікія святы, праводзяцца фестывалі рознага ўзроўню. Найбольш вядомыя з іх: Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа», Міжнародны музычны фестываль «Студзеньскія музычныя вечары», фестываль рэгіянальнага фальклору «Палескі карагод» і інш. Функцыянуюць абласныя філіі Беларускага саюза журналістаў, Беларускага саюза архітэктараў, Беларускага саюза мастакоў, абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Працуе абласное радыё, абласная студыя тэлебачання. Жыццё вобласці асвятляецца на старонках газет, у тым ліку абласных «Заря», «Народная трыбуна»; рэгіянальнай «Вечерний Брест», баранавіцкай аб'яднанай газеты «Наш край»; раённых перыядычных выданняў і інш.
На Берасцейшчыне нямала памятных месцаў, звязаных з імёнамі Л. Сапегі, А. Міцкевіча, Н. Орды, Т. Касцюшкі, К. Лышчынскага, У. Галубка, Р. Шырмы, М. Пташука, С. Грыцаўца, П. Клімука, У. Карвата і іншых знакамітых асоб. Вобласць валодае вялікім культурна-гістарычным патэнцыялам. Шмат аб'ектаў занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, сярод якіх Геадэзічная дуга Струве, Ружанскі палац роду Сапегаў, Камянецкая вежа, Косаўскі палацава-паркавы ансамбль і інш. Шматвяковая гісторыя Брэсцкай вобласці зафіксавана ў больш чым 1200 помніках гісторыі, 280 археалагічных помніках і 300 помніках архітэктуры.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.