Краткая справка:
кананічнае царкоўна-адміністрацыйнае аб'яднанне праваслаўных епархій у межах Беларусі
Краткие названия:
БПЦ
Варианты названия:
Беларуская Праваслаўная Царква; Беларускі экзархат Маскоўскага Патрыярхата; Беларускі Экзархат Маскоўскага Патрыярхата
Названия на других языках:
Белорусская Православная Церковь (русский); Белорусская Православная Церковь (русский); Белорусский экзархат Московского Патриархата (русский); Белорусский Экзархат Московского Патриархата (русский);
6634 символа
Справка
Гісторыя беларускай царквы бярэ пачатак з заснавання ў 992 г. Полацкай епархіі. Яе межы супадалі з межамі княства, якім кіраваў Ізяслаў Уладзіміравіч, сын вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча, хрысціцеля Русі (кананізаваны ў XIII ст.). У 1005 г. на беларускіх землях была створана Тураўская епархія, што разам з Полацкай уваходзіла ў Кіеўскую мітраполію. Гэтыя епархіі дзейнічаюць у наш час і з’яўляюцца самымі старажытнымі ў Беларусі. Іх архіпастыры – свяціцелі Міна, Дыянісій, Сімяон (Полацкія), а таксама Кірыла і Лаўрэнцій (Тураўскія) – ушаноўваюцца царквой як кананізаваныя святыя. Яны сваім жыццём і служэннем спрыялі распаўсюджванню праваслаўнай веры на беларускіх землях у XII–XIII стст. Да гэтага перыяду адносіцца і асветніцкая дзейнасць прападобных Марціна Тураўскага, Ефрасінні Полацкай, Елісея Лаўрышаўскага. У XII ст. існавала яшчэ адна епархія – Смаленская. Тут праславіўся дабрадзейнасцю і праведнасцю князь кіеўскі і смаленскі Расціслаў Мсціславіч (уваходзіць у Сабор беларускіх святых).
У сувязі з раздзяленнем Кіеўскай мітраполіі на праваслаўную царкву ў межах Маскоўскага княства і праваслаўную царкву Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) (Літоўская мітраполія, 1316) Полацкая, а з 1347 г. і Тураўская епархіі ўвайшлі ў склад апошняй. У 1459 г. адбылося канчатковае аддзяленне Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі ад Маскоўскай. У сярэдзіне XVI ст. у склад Літоўска-Наваградскай мітраполіі (цэнтр у Навагрудку, потым у Вільні) уваходзілі 10 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзімір-Валынская. Праваслаўная вера хутка распаўсюджвалася на паўночна-заходніх землях ВКЛ. Будаваліся храмы, манастыры, якія з’яўляліся цэнтрамі адукацыі, асветы, духоўнасці, культуры. Там працавалі майстэрні, скрыпторыі, збіраліся бібліятэкі, ствараліся школы. Асімілюючы дасягненні еўрапейскай цывілізацыі, рэлігійныя дзеячы, асветнікі, кнігадрукары неслі веды суайчыннікам, далучаючы іх да набыткаў агульначалавечай культуры. Сярод іх вылучаліся Ф. Скарына, І. Фёдараў, П. Мсціславец, князь К. Астрожскі і інш. Школа, кніга і асвета на працягу некалькіх стагоддзяў (аж да XVIII) заставаліся царкоўнымі, а архітэктура, жывапіс, прыкладное мастацтва, харавая музыка, літаратура, палітычная думка, багаслоўе старажытнай Беларусі былі еўрапейскага ўзроўню.
Цяжкім выпрабаваннем для праваслаўя стала унія 1596 г. У выніку рашэння Брэсцкага царкоўнага Сінода праваслаўная царква ў ВКЛ як кананічна цэлае перастала існаваць. Зноў заснаваная ў 1632 г. Магілёўская (Беларуская) епархія была адзінай праваслаўнай епархіяй на беларускіх землях да канца XVIII ст. Яе ўзначаліў у 1755 г. епіскап Георгій Каніскі (кананізаваны ў 1993 г.), які самааддана змагаўся за захаванне і адраджэнне праваслаўя ў Беларусі. Нягледзячы на жорсткія ўмовы, у многіх храмах адбываліся богаслужэнні, працягвалі дзейнічаць манастыры. Сваёй стойкасцю і адданасцю праваслаўнай веры праславіліся ў той час праведная Соф’я Слуцкая, прападобнапакутнік Макарый Канеўскі, ігумен Пінскі (яны ўваходзяць у Сабор беларускіх святых), Афанасій Брэсцкі (кананізаваны паміж 1658 і 1666 гг.). Вялікая роля ў жыцці праваслаўя, асабліва ў галіне духоўнай асветы, належала праваслаўным брацтвам, якія ствараліся пры цэрквах і манастырах. Выдатнымі дзеячамі брацкага руху ў Беларусі з’яўляліся Стафан Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, Лявонцій Карповіч, Спірыдон Собаль і інш.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. і ўключэння беларускіх тэрыторый у склад Расіі ў грамадскім жыцці Беларусі пачала пашырацца роля праваслаўнай царквы. Для яе кіравання Свяшчэнны Сінод заснаваў 33-ю па ліку ў Расійскай дзяржаве епархію – Мінскую. У 1833 г. была адноўлена Полацкая, створаны Віленская (1840), Гродзенская (1900) епархіі. У Брэсце, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-расійскай царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода. Да пачатку Першай сусветнай вайны ў пяці праваслаўных епархіях дзейнічалі 3552 храмы і 35 манастыроў, тры духоўныя семінарыі. Кожная епархія мела свае перыядычныя выданні. У Заходняй Беларусі, якая ў 1921 г. адышла да Польшчы, епархіі (Віленская, Гродзенская і Палеская) знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Польскай аўтакефальнай царквы. У БССР у 1922 г. была ўтворана Беларуская праваслаўная мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам Паеўскім, які меў тытул “мінскі і беларускі”. У склад мітраполіі ўваходзілі Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. Аднак рэпрэсіўная палітыка прыпыніла царкоўнае жыццё. Новыя цяжкія выпрабаванні выпалі на долю вернікаў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны (1941–1945). Пасля нядоўгай “адлігі” пасляваеннага часу ў 1960-я гг. зноў пачалося ганенне на царкву, а так званы застойны перыяд (да 1988 г.) быў насычаны атэістычнай прапагандай.
Толькі ў канцы 1980-х гг. пачалося адраджэнне Беларускай праваслаўнай царквы. За некалькі гадоў было адноўлена 11 епархій, якія ўвайшлі ў створаны ў 1989 г. Беларускі экзархат. Яго ўзначаліў Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі (з 1992 г. поўны тытул – Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, свяшчэннаархімандрыт Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра), пастаянны член Сінода Рускай праваслаўнай царквы, старшыня Сінода Беларускага экзархата (матэрыял пра Філарэта гл. у “Новых кнігах”, 2010, № 1, дадатак на с. 11–13). Па яго ініцыятыве адроджаны ўсе старажытныя епіскапскія кафедры, а многія помнікі гісторыі і культуры, якія некалі ствараліся як храмы, былі вернуты вернікам. Сярод іх – Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі і Гродзенскі Ражства Прасвятой Багародзіцы жаночыя манастыры. За кароткі тэрмін у рэспубліцы пабудавана і адкрыта шмат новых храмаў. Вялікая ўвага надаецца царкоўнай адукацыі. 1 верасня 1989 г. аднавіліся заняткі ў Мінскай духоўнай семінарыі (у 1991 г. пераўтворана з сярэдняй у вышэйшую навучальную ўстанову), у 1993 г. пачаў дзейнічаць Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірылы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а з 1996 г. працуе Мінская духоўная акадэмія. Адначасова наладжвалася цеснае ўзаемадзеянне з вядучымі багаслоўскімі асветніцкімі цэнтрамі. Супрацоўніцтва з імі стала падмуркам, на якім аднавілася і цяпер развіваецца традыцыя беларускага праваслаўнага багаслоўя.
Сёння Беларуская праваслаўная царква іграе значную ролю ў культурным, грамадскім і дзяржаўным жыцці нашай краіны. Яе дзейнасць мае вялікае значэнне для выхавання моладзі, фарміравання духоўнасці, дабрачыннасці, маральна-этычных поглядаў, патрыятызму і любові да Радзімы.