Кожны з раёнаў Беларусі мае свае ўласцівыя рысы і багатую гісторыю. У летапіс нашай краіны шмат цікавых старонак упісана Мінскім раёнам.
Размясціўся ён у цэнтры Мінскай вобласці і быў утвораны 29 чэрвеня 1934 г. як Прыгарадны (перайменаваны ў Мінскі 26 чэрвеня 1935 г.). У сучасных межах з 2003 г. Плошча раёна 1,94 тыс. кв.км, цэнтр – г. Мінск. У раён уваходзяць 362 населеныя пункты. Адміністрацыйна падзяляецца на г. Заслаўль (далучаны 8 жніўня 1959 г.), Мачулішчанскі пасялковы савет і 18 сельсаветаў.
Большая частка тэрыторыі раёна размешчана ў межах Мінскага ўзвышша, паўднёва-ўсходняя – на Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Пераважаюць вышыні 180-250 м над узроўнем мора. Найвышэйшая кропка – Лысая гара (342 м) у Юзуфоўскім сельсавеце. Па Мінскаму раёну працякаюць рэкі: Свіслач (з прытокамі Вяча, Чарняўка, Волма і інш.), Птіч, Усяжа. Пабудаваны штучныя вадасховішчы: Заслаўскае (Мінскае мора), Воўкавічы, Вяча, Дразды, Крылова, Крыніца, Цнянскае. У раёне знаходзяцца заказнікі рэспубліканскага значэння: ландшафтныя – Купалаўскі, Прылепскі, Прылуцкі, Траскоўшчына; біялагічныя – Глебкаўка, Кайкоўскі, Лебедзяны, Пасады, Юхнаўскі; а таксама помнікі прыроды: батанічныя – Шчомысліцкая дубрава, ельнік Раднікі (Старасельскае лясніцтва); геалагічныя – агаленне азёрна-балотных адкладаў Заслаўе; гідралагічны – Святыя крыніцы (Краснасельскае лясніцтва).
Плошча сельгасугоддзяў Мінскага раёна складае 106 тыс. га. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі. Вырошчваюцца збожжавыя і кармавыя культуры, бульба. У раёне працуюць прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, харчовай, паліграфічнай, мэблевай, металаапрацоўчай прамысловасці. Праз тэрыторыю раёна праходзяць чыгункі на Віцебск, Брэст, Магілёў, Гродна. Мінск – вузел электрыфікаваных дарог на Маладзечна, Оршу, Асіповічы, Барановічы і аўтамабільных, якія злучае Мінская кальцавая дарога працягласцю 56 км.
Раён з’яўляецца буйным навуковым і навучальным цэнтрам, дзе працуюць навукова-даследчыя інстытуты бульбаводства, пладаводства, агародніцтва (в. Самахвалавічы), медіка-сацыяльнай экспертызы (п. Аксакаўшчына), анкалогіі і медыцынскай радыялогіі (п. Лясны) і інш. Медыцынскую дапамогу насельніцтву аказваюць цэнтральная раённая бальніца ў в. Бараўляны і 2-я раённая у в. Атоліна. На тэрыторыі раёна размешчаны зоны адпачынку мясцовага значэння: Мінскае мора, Зялёны Гай, Пціч, Стайкі, Раўбічы, Вязынка, Мядовыя Росы і інш. Сістэма асветы прадстаўлена дзіцячымі дашкольнымі ўстановамі, сярэднімі школамі, гімназіямі і інш. Дзейнічаюць раённы цэнтр культуры, клубы, бібліятэкі, гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Музей беларускага мастацтва, гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”.
У раёне налічваецца 169 помнікаў гісторыі і культуры. Сярод іх – археалагічныя (селішча Дворыцкая Слабада, гарадзішчы Банцароўшчына, Збаровічы, Лабеншчына, Гарадзішча), курганныя могільнікі (Анусіна, Бузы, Нялідавічы, Скорнічы); архітэктурныя – Прылуцкі палацава-паркавы ансамбль, сядзіба і парк в. Сёмкава (абодва 2-я палова ХVІІІ ст.). касцёл у в. Раўбічы (пабудаваны ў 1852-1862 гг.) і іншыя; помнікі ахвярам фашызму ў в.Вялікі Трасцянец (тут загінула больш за 206 тыс. чалавек у лагеры смерці у час Вялікай Айчыннай вайны) і мемарыяльны комплекс 17 Героям Савецкага Саюза (ваеннаслужачым авіячасці ў г.п. Мачулішчы) і інш.
У Мінскім раёне нарадзіліся Героі Савецкага Саюза: І. А. Бельскі, В. М. Гінтаўт, І. В. Матрунчык, С. Д. Карыцкі. В. П. Карповіч і іншыя, поўны кавалер ордэна Славы М. Г. Ціхановіч. Міншчына – радзіма беларускіх пісьменнікаў Я. Пушчы, Х. Шынклера, І. Грамовіча, мастака З. Паплаўскага.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.
* Усе фактаграфічныя звесткі падаюцца па: Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. – Т. 8. Мінская вобласць. – Кн. 3. – Мінск, 2012. – С. 348–352.