Мінскі заапарк быў адкрыты 9 жніўня 1984 г. у дзень 40-годдзя Мінскага аўтамабільнага завода як заасад. Яго заснавальнікам і першым дырэктарам стаў Ф.І. Рэўзін. Каля 30 гадоў ён узначальваў клуб аматараў прыроды завода, сіламі якога, а таксама пры падтрымцы генеральнага дырэктара аб’яднання М.Ф. Лаўрыновіча, ствараўся заасад. У 1987 г.быў падрыхтаваны праект развіцця. Аднак па розных прычынах будаўніцтва не разгарнулася. У гады перабудовы завод спыніў фінансаванне, і заасад з 1989 г. падпарадкаваўся навукова-прамысловаму экацэнтру “Верас-Эка”. Нягледзячы на цяжкае становішча, яго супрацоўнікі рабілі ўсё магчымае каб палепшыць умовы ўтрымання жывёл. На той час там знаходзілася каля 300 асобін звяроў і птушак, сярод якіх былі ламы, дзікаабразы, поні, буры мядведзь, пясцы, чаротавы кот, сурок, паўліны, фазаны, папугаі і інш. Кожны год заасад наведвала больш за 15 тыс. чалавек. Там праводзіліся экскурсіі, працавалі гурткі юных натуралістаў.
У 1997 г. заасад атрымаў статус дзяржаўнага прадпрыемства “Мінскі заапарк”. Праз год пачалася яго рэканструкцыя. На адведзенай тэрыторыі (агульнай плошчай 42 га) размясціліся вальеры з жывёламі, тэрарыум, ветэрынарны корпус, кармакухня, адміністрацыя, кантактная пляцоўка. Заапарк знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы горада ў пойме р. Свіслачы. Тут, сярод ручаёў і вадаёмаў-старыц з адкрытымі да агляду затокамі і зарасткамі расліннасці, жывуць на паўвольных умовах лебедзі-шыпуны, шэрыя гусі, канадскія казаркі, чубатыя чэрнеці, чаротніцы і іншыя птушкі. У заапарку налічваецца больш за 2,5 тыс. жывёл з трапічных джунгляў, глухой тайгі, пустынь, стэпаў, гор. Сярод іх: тыгр, леў, леапард, вярблюд, воўк, ліса, пясец, макака-рэзус, высакародны алень, дзік, шыншыла, паўлін, чорны грыф, зялёная ігуана, бразільскі вуж, жаба-ваданос і інш. У тэрарыуме працуе пастаянная выстаўка, на якой дэманструецца больш за 50 відаў амфібій, рэптылій і беспазваночных. Ёсць ў заапарку жывёлы (28 відаў), якія ўнесены ў Чырвоную кнігу Міжнароднага Саюза аховы прыроды (МСАП): еўрапейскі муфлон, аліўкавы агуці, даўгахвосты сурок, караткавухі слановы скакунчык, каралеўскі і залаты фазаны, мандарынка, цёмны тыгровы пітон і інш. У Чырвоную кнігу Беларусі залічаны 14 відаў жывёл: еўрапейскі зубр, рысь, буры мядведзь, арлан-белахвост, беркут, гусь шэры і інш.
У Мінскім заапарку часта праводзяцца цікавыя акцыі, конкурсы малюнкаў на асфальце, выставы работ юных умельцаў Цэнтра пазашкольнай работы Заводскага раёна сталіцы. Сталі традыцыяй экалагічныя святы Міжнародны дзень птушак, Сусветны дзень навакольнай прыроды, Дзень нараджэння Мінскага заапарка – 9 жніўня, Сусветны дзень жывёл і іншыя, працуе дэльфінарый. З 1997 г. Мінскі заапарк з’яўляецца членам Еўраазіяцкай рэгіянальнай асацыяцыі заапаркаў і акварыумаў (ЕАРАЗА), у якую ўваходзяць 50 заапаркаў, цэнтраў развядзення жывёл, заабатанічных садоў і экалагічных цэнтраў Расіі, Чэхіі, краін СНД і Балтыі, прымае ўдзел у міжнародных праграмах па ахове рэдкіх відаў жывёл.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.