Краткая справка:
установа культуры, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь
Названия на других языках:
The Magileu Regional Drama Theatre (не определен); Могилёвский областной драматический театр (русский);
Предыдущие названия:
Пінскі абласны драматычны тэатр
4556 символов
Справка
Горад Магілёў мае багатую тэатральную гісторыю. Ужо ў XVII ст. на яго рыначнай плошчы разыгрываліся п’есы-дыялогі. З канца XVIII ст. пры гімназіі езуіцкага калегіума існаваў Магілёўскі школьны тэатр, дзейнічаў уласны тэатр архіепіскапа С. Богуша-Сестранцэвіча, пазней адбываліся выступленні батлейшчыкаў. У якасці асноўнага тэатральнага памяшкання выкарыстоўваўся драўляны будынак 1780 г. Спектаклі наладжваліся таксама ў семінарыі, прыватных дамах, казармах. У 1888 г. быў узведзены мураваны будынак гарадскога тэатра, у якім цяпер працуе Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
Створаны ў 1954 г. на базе пераведзенага ў Магілёў Пінскага абласнога драматычнага тэатра імя Я. Купалы, ён адкрыўся 29 кастрычніка прэм’ерай спектакля “Гісторыя аднаго кахання” К. Сіманава. Аснову трупы складалі акцёры С. Бульчык, Ю. Гальперына, А. Даніловіч, С. Яворскі, А. Яфрэменка і інш. Калектыў узначаліў рэжысёр В. Шутаў. У першыя гады існавання ў рэпертуар тэатра ўваходзілі пераважна творы беларускіх драматургаў. Пільная ўвага ўдзялялася нацыянальнай гісторыі, асабліва падзеям, звязаным з мінулым Магілёва, што знайшло адлюстраванне ў спектаклях “Гэта было ў Магілёве” Я. Тарасава, “Мурын бор” І. Ісачанкі, “Уваскрэшанне” (“Следчая справа Вашчылы”) І. Чыгрынава. У 1957 г. В. Шутаў паставіў драму К. Губарэвіча “Галоўная стаўка”, якая на многія гады ўвайшла ў рэпертуар калектыву. Значную ролю ў творчасці тэатра адыграў рэжысёр Б. Валадарскі. Ён імкнуўся найбольш поўна выявіць мастацкія магчымасці трупы, надаць творам сучаснае гучанне. Сярод пастановак вылучаюцца “Разлом” Б. Лаўранёва, “Ягор Булычоў і іншыя” М. Горкага, “Хітрамудрая закаханая” Лопэ дэ Вэгі і інш. Асаблівую ўвагу рэжысёр звяртаў на фарміраванне беларускага рэпертуару. Ён паставіў спектаклі “Сэрца на далоні” паводле І. Шамякіна, “Гады навальнічныя” К. Губарэвіча, “Усяго адно жыццё” А. Маўзона і інш.
Плённым перыядам у дзейнасці тэатра з’яўляюцца 1970-я гг., калі яго ўзначальвалі У. Караткевіч і Ю. Міроненка. Трупа папоўнілася маладымі акцёрамі, павысілася агульная культура тэатра. Новае арыгінальнае сцэнічнае прачытанне атрымала “Паўлінка” Я. Купалы. У рэпертуары з’явіліся такія цікавыя пастаноўкі, як “Клоп” У. Маякоўскага, “Таполька мая ў чырвонай касынцы” паводле Ч. Айтматава, “Гарачае сэрца” А. Астроўскага і інш. На сцэне тэатра ставіліся спектаклі “Сотнікаў” паводле В. Быкава, «Аперацыя “Мнагажэнец”» і “Апошнія суніцы ў жніўні” А. Дзялендзіка, а таксама па творах А. Макаёнка, М. Матукоўскага, Л. Родзевіча, А. Петрашкевіча. Ажыццёўленыя Ю. Міроненкам пастаноўкі ўражвалі неадназначнасцю і своеасаблівасцю (“Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе” Г. Баравіка, “За ўсё добрае – смерць” Р. Ібрагімбекава, “Арфей спускаецца ў пекла” Т. Уільямса і інш.).
Новае ў творчасць тэатра ўнёс рэжысёр В. Маслюк. У яго лепшых спектаклях (“Візіт дамы” Ф. Дзюрэнмата, “Каханне, джаз і чорт” Ю. Грушаса, “А хтосьці выпаў з гнязда” паводле Д. Васермана і інш.) спалучаліся ў адзіную гарманічную структуру ўсе пастановачныя кампаненты (музыка, святло, сцэнаграфія), яркая тэатральнасць і глыбока псіхалагічна раскрытыя характары. Пасля некалькіх гадоў плённага супрацоўніцтва з цікавымі кіраўнікамі для тэатра насталі цяжкія часы. З сярэдзіны 1980-х гг. ён не меў уласнага памяшкання (будынак знаходзіўся на рэканструкцыі) і да 2000 г. калектыў працаваў у былым Доме партасветы, не прыстасаваным для работы прафесійнага тэатра. Рэпертуар быў прадстаўлены творамі айчынных і замежных аўтараў. Пасля рамонту тэатр вярнуўся ў сваё памяшканне і новы сезон адкрыў яркім маляўнічым спектаклем “Прынцэса Турандот” К. Гоцы, пастаўленым рэжысёрам А. Жугждам.
У апошняе дзесяцігоддзе калектыў напружана і плённа працаваў. На працягу кожнага сезона выпускалася некалькі новых спектакляў, на пастаноўку якіх запрашаліся спецыялісты з нашай краіны і з-за мяжы. Творчыя стасункі звязваюць тэатр з вядомым літоўскім рэжысёрам С. Варнасам (паставіў у 2010 г. спектакль “Смерць Тарэлкіна”А. Сухаво-Кабыліна і “Фрэкен Жулі” А. Стрындберга ў 2013 г.). У студзені 2014 г. ён прызначаны галоўным рэжысёрам тэатра. Сёння рэпертуар тэатра ўпрыгожваюць цікавыя, яркія, пазначаныя таленавітымі акцёрскімі работамі пастаноўкі – “Сільвія” А. Герні, “Не такі, як усе” А. Слапоўскага, “Прыдуркаваты Журдэн” М. Булгакава, “Боінг-боінг” М. Камалеці, “Норд-Ост” Т. Бухштайнера і інш. Тэатр з’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў. У 2006 г. ён стаў заснавальнікам і арганізатарам Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага фестывалю “M.@rt.кантакт”.