Курган Славы Савецкай Арміі – вызваліцельніцы Беларусі
Дата начала:
05.07.1969 Смалявіцкі раён, Мінская вобласць
Краткая справка:
мемарыяльны комплекс у памяць воінаў 1, 2, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў у Беларускай аперацыі 1944, філіял Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу "Хатынь", унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Краткие названия:
Курган Славы
Названия на других языках:
Mound of Glory of the Soviet Army - the Liberator of Belarus (не определен); Курган Славы Советской Армии – освободительницы Беларуси (русский);
4303 символа
Справка
Са старадаўніх часоў у славян існаваў звычай насыпаць курганы ў памяць аб выдатных гістарычных падзеях, вялікіх бітвах, героях і іх подзвігах. На беларускай зямлі ўзвышаецца шмат такіх помнікаў. Каля 100 з іх захоўваюць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Самы вядомы – Курган Славы, узведзены да 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мемарыяльны комплекс узведзены ў гонар подзвігу воінаў 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў, якія ўдзельнічалі ў стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён» і вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ён находзіцца ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, на 21-м км шашы Мінск — Масква. Пабудаваны на месцы Мінскага катла, дзе ў ліпені 1944 г. у акружэнне трапіла вялікая групоўка гітлераўскіх войскаў.
Ідэя ўзвядзення Кургана Славы з’явілася яшчэ ў пачатку 1960-х гг. Закладзены мемарыяльны комплекс быў 30 верасня 1966 г. прадстаўнікамі Масквы, Ленінграда, Валгаграда, Севастопаля, Адэсы, Кіева, Брэста. У мерапрыемстве прымалі ўдзел працоўныя, навучэнцы, вайскоўцы Мінска і Мінскай вобласці. Зямлю для кургана прывозілі з гарадоў-герояў Савецкага Саюза, а таксама з Смаленска, Мамаева кургана, Піскароўскіх могілак і Брэсцкай крэпасці, іншых памятных мясцін, звязаных з гераічнымі подзвігамі савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Курган Славы адкрылі 5 ліпеня 1969 г. Распрацоўваючы ансамбль мемарыяльнага комплексу, яго стваральнікі – скульптар А. Бембель, архітэктар А. Стаховіч (лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР 1970), а таксама скульптар А. Арцімовіч, архітэктар Л. Міцкевіч, інжынер В. Лапцэвіч (суаўтары) – імкнуліся да суровай і строгай прастаты. Просты і велічны, Курган Славы гарманічна ўпісваецца ў навакольны ландшафт, добра бачны здалёк і з усіх чатырох дарог, на скрыжаванні якіх знаходзіцца.
Помнік уяўляе насыпны ўзгорак канічнай формы вышынёй 35 м. Яго вяршыня ўвенчана 4 штыкамі-абеліскамі (вышыня кожнага — 35,6 м), якія сімвалізуюць франты, што ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. Падмурак абеліскаў абкружаны шырокім каменным кальцом, унутры якога размешчаны мазаічны надпіс «Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы – слава!» і мазаічныя выявы ордэнаў Айчыннай вайны і Славы. На вонакавай паверхні кальца нанесены абліцаваныя залацістай смальтай барэльефныя выявы твараў, якія сімвалізуюць абагульненыя вобразы абаронцаў Айчыны (юная партызанка, стары партызан, лётчык, матрос, танкіст, малады і стары пехацінцы). Да агляднай пляцоўкі на вяршыні Кургана вядуць дзве лесвіцы (241 прыступка кожная). Каля падножжа размешчана гранітная мемарыяльная пліта з інфармацыйным тэкстам. Для таго, каб скульптурная кампазіцыя захоўвала ўстойлівасць, у глыбіні Кургана пастаўлены 30-метровы бетонны слуп, унутры закладзена капсула са зваротам да нашчадкаў.
У 2003—2004 гг. праводзілася рэканструкцыя Кургана Славы. Былі адрамантаваны адміністрацыйныя пабудовы, лесвіцы, інжынерныя сеткі, адрэстаўравана вонкавае дэкаратыўнае кальцо; добраўпарадкавана навакольная тэрыторыя і закладзены парк імя 60-годдзя Перамогі. У гэты час быў створаны музей пад адкрытым небам, дзе выстаўлена ваенная тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны: добра захаваныя цяжкія танкі ІС-2, ІС-3 і легендарны Т-34, самаходная ўстаноўкі ІСУ-152 і СУ-100 і інш. У 2009 г. па рашэнні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу была закладзена Алея Герояў у гонар 119-ці Герояў Савецкага Саюза – ураджэнцаў Мінскай вобласці. Урачыстае адкрыццё адбылося ў маі 2010 г. У 2015 г. помнік зноў рэстаўравалі: аднавілі мазаічнае пано, адрамантавалі лесвіцы, засеялі газон на схілах узгорка. Рэканструкцыі праводзіліся Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.
Разам з Хатынню і Брэсцкай крэпасцю Курган Славы стаў адным з самых знакамітых помнікаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны, не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ля помніка штогод праходзяць урачыстыя мітынгі, прымеркаваныя да Дня Перамогі, цырымоніі прыняцця прысягі ваеннаслужачымі, урачыстыя сустрэчы ветэранаў і іншыя мерапрыемствы. Кожны месяц мемарыяльны комплекс наведвае каля 4 тыс. чалавек.
Курган Славы Савецкай Арміі – вызваліцельніцы Беларусі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г., актуалізаваны ў 2020 г.