Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны
Дата начала:
21.06.1930 Гомель, г.
Краткая справка:
вышэйшая навучальная ўстанова
Названия на других языках:
Francisk Skorina Gomel State University (английский); Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины (русский);
Предыдущие названия:
Гомельскі аграпедагагічны інстытут; Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны; Гомельскі педагагічны інстытут імя В.П. Чкалава; Гомельскі ўніверсітэт
5766 символов
Справка
Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны з’яўляецца адным з самых буйных навукова-даследчых, вучэбных і культурных цэнтраў Беларусі. Вышэйшая навучальная ўстанова (ВНУ) рыхтуе выкладчыкаў, спецыялістаў для навуковых устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый. Адукацыйны працэс заўсёды ўдасканальваецца, укараняюцца новыя тэхналогіі і метады.
У 1929 г. пастановай ЦВК БССР было прынята рашэнне аб заснаванні ў Гомелі аграпедагагічнага інстытута. Урачыстае адкрыццё адбылося 8 лістапада 1930 г. Да 1933 г. установа называлася аграпедагагічным інстытутам, затым гэта быў педагагічны інстытут, у 1939 г. яму было прысвоена імя В.П. Чкалава, у 1969 г. стаў універсітэтам, у 1988 г. прысвоена імя Ф. Скарыны. У гады Вялікай Айчыннай вайны інстытут знаходзіўся ў эвакуацыі ў Кіраўскай вобласці. У 1944–1945 гг. ён узнавіў сваю працу. Пасля атрымання статусу ўніверсітэта значна пашырыўся пералік спецыяльнасцей, па якіх вялося навучанне студэнтаў, актывізавалася правядзенне навуковых даследаванняў. У розныя гады ўстанову ўзначальвалі І.Ф. Ермакоў, А.В. Сташэўскі, А.П. Эльман, С.Я. Лебедзеў, М.Ф. Лозбень, Ф.М. Казакоў, М.Ф. Аляксейчык, С.Ф. Ажгірэй, М.М. Івашэнка, У.А. Белы, Б.В. Бокуць, Л.А. Шэмяткоў, А.У. Рагачоў. З 2016 г. рэктарам з’яўляецца С.А. Хахомаў. Ва ўніверсітэце 13 факультэтаў: біялагічны, геолага-геаграфічны, гістарычны, падрыхтоўкі да ВНУ, замежных моў, матэматыкі і тэхналогій праграміравання, псіхалогіі і педагогікі, фізікі і інфармацыйных тэхналогій, фізічнай культуры, філалагічны, эканамічны, юрыдычны і завочны. Дзейнічаюць аспірантура (з 1960 г.), дактарантура (з 1997 г.), магістратура (з 2004 г.), а таксама тры саветы па абароне дысертацый па чатырох спецыяльнасцях, у тым ліку адзін доктарскі. У структуру ўніверсітэта ўваходзяць Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, Інстытут Канфуцыя (дзейнічае сумесна з Нанкінскім універсітэтам навукі і тэхналогіі, г. Нанкін, КНР), а таксама два навукова-даследчыя інстытуты: гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў і фізіка-хімічны. Функцыянуе Цэнтр калектыўнага карыстання па экалагічным маніторынгу і даследаванні саставу і ўласцівасцей рэчываў («Ізамер»). Працуюць музей-лабараторыя Ф. Скарыны, археалагічны музей-лабараторыя, музей «Жывёльны свет Рэспублікі Беларусь», літаратурны музей, літаратурна-асветніцкі цэнтр памяці аб Вялікай Айчыннай вайне «Патрыётыка» і інш. Навучальная ўстанова мае добрую матэрыяльна-тэхнічную базу, сучасную навуковую бібліятэку. Універсітэт выдае навуковыя часопісы «Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины», «Проблемы физики, математики и техники», газету «Гомельскі універсітэт».
Арганізацыйным і каардынацыйным цэнтрам навуковых даследаванняў, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці з’яўляецца навукова-даследчы сектар. Сфарміраваліся і паспяхова працуюць 11 навукова-педагагічных школ і 15 навукова-даследчых лабараторый. Праводзяцца фундаментальныя, пошукавыя і прыкладныя даследаванні, на аснове якіх выдаюцца манаграфіі, падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, зборнікі навуковых прац і матэрыялаў канферэнцый і інш. Кожны год у сакавіку – красавіку ва ўніверсітэце праводзяцца «Дні студэнцкай навукі», у рамках якіх на ўсіх факультэтах праходзяць тэматычныя студэнцкія навуковыя канферэнцыі. Выдаецца зборнік тэзісаў найбольш цікавых дакладаў студэнтаў, аспірантаў і магістрантаў «Дни студенческой науки», а таксама зборнік навуковых работ студэнтаў і аспірантаў «Творчество молодых». Ажыццяўляецца супрацоўніцтва з многімі ВНУ і навуковымі арганізацыямі Беларусі і краін блізкага і далёкага замежжа. Гомельскі ўніверсітэт прыняты ў Еўразійскую асацыяцыю ўніверсітэтаў, уваходзіць у склад кансорцыума ўніверсітэтаў расійска-беларуска-ўкраінскага пагранічча. Цесныя вучэбна-навуковыя сувязі падтрымліваюцца з асобнымі ВНУ Англіі, Германіі, Італіі, Францыі, Кітая, Польшчы і інш. Універсітэт далучыўся да розных міжнародных адукацыйных праектаў і праграм (Erasmus Mundus, TEMPUS, IAESTE, Inter-Academia і інш.). Многія студэнты праходзяць практычнае навучанне за мяжой.
Ва ўніверсітэце створаны неабходныя ўмовы для развіцця творчых і спартыўных здольнасцей навучэнцаў. Арганізацыяй працы па эстэтычным выхаванні займаецца студэнцкі клуб. Існуюць 24 творчыя калектывы розных напрамкаў, 5 з якіх маюць званне «Народны». Маладыя паэты, мастакі, скульптары, дызайнеры, архітэктары, харэографы прымаюць актыўны ўдзел у многіх раённых, гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах. Папулярнымі сталі міжнародныя фестывалі «Арт-сесія» і «Арт-галерэя». За год рэалізуецца больш за 10 сацыяльных праектаў, у якіх прымаюць удзел каля 2,5 тыс. чалавек («Мой летапіс навейшай гісторыі», «Лабараторыя візуальнай гісторыі», «Мы служым дзецям» і інш.). Студэнты ўдзельнічаюць у рэспубліканскай выстаўцы «АРТ-АКАДЭМІЯ», конкурсах «Аўтограф», «АРТ-партал», інтэрнэт-праектах, праектах «100 ідэй для Беларусі», «Інавацыі – справа маладых!» і інш. Кожны год спартыўным клубам праводзіцца больш за 70 мерапрыемстваў: спартакіяды, турніры, Дні здароўя. Зборныя каманды ўніверсітэта прымаюць удзел у гарадской спартакіядзе і Рэспубліканскай універсіядзе сярод ВНУ. Існуе шмат валанцёрскіх фарміраванняў з агульнай колькасцю больш за 4 тыс. чалавек.
15 ліпеня 1999 г. універсітэту быў прысуджаны Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. За заслугі ў развіцці вышэйшай школы, навукі і культуры ён узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Шматгадовая мэтанакіраваная праца, захаванне традыцый, укараненне сучасных падыходаў да вучэбна-выхаваўчага працэсу, актыўнае правядзенне навуковых даследаванняў і выкарыстанне іх вынікаў з кожным годам усё больш павялічваюць прэстыж універсітэта ў рэспубліцы і за мяжой.