Краткая справка:
заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь
Названия на других языках:
The Gomel Regional Drama Theatre (не определен); Гомельский областной драматический театр (русский);
4597 символов
Справка
Гомельскі абласны драматычны тэатр размясціўся на галоўнай плошчы горада непадалёку ад палаца Румянцавых – Паскевічаў. Яго будынак з’яўляецца архітэктурным помнікам, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Гісторыю тэатра можна падзяліць на два перыяды. Першы пачынаецца ў 1939 г., калі з выпускнікоў студыі курса народнага артыста СССР Л. Леанідава (выкладаў у Маскве ў Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва) быў створаны Гомельскі абласны рускі драматычны тэатр. Яго першай трупай сталі “леанідаўцы” (так з гонарам называлі сябе маладыя артысты). Адкрыццё тэатра адбылося 20 снежня прэм’ерай спектакля “Рэвізор” па п’есе М. Гогаля. Потым з поспехам ішлі пастаноўкі “Васа Жалязнова” М. Горкага, “Чайка” А. Чэхава, “Беспасажніца” А. Астроўскага, “Хто смяецца апошнім” К. Крапівы і інш. У гады Вялікай Айчыннай вайны з акцёраў была сфарміравана брыгада (з 1942 г. існавала як франтавы тэатр), якая выступала перад байцамі з канцэртнымі праграмамі і спектаклямі. Пасля перамогі калектыў аднавіў работу ў Гомелі. Першы спектакль (камедыя “Лгуння” М. Энекена і М. Мэё) адбыўся 30 чэрвеня 1945 г. у памяшканні запалкавай фабрыкі “Везувій”. У 1946 г. тэатр быў пераведзены ў Магілёў.
Другі перыяд у гісторыі тэатра пачынаецца ў лістападзе 1954 г. спектаклем “Гады вандраванняў” А. Арбузава. Новая трупа пад кіраўніцтвам рэжысёра Г. Кацмана была ўкамплектавана акцёрамі з розных тэатральных школ. На гомельскай сцэне ігралі знакамітыя Б. Бабачкін, Н. Алісава; незабыўныя вобразы стваралі М. Цурбакоў, А. Каменскі, Т. Скарута. З плеяды акцёраў 1950–60-х гг. выйшлі народныя артысты Беларусі Н. Карнеева, Л. Корхава, Ю. Шэфер, заслужаныя артысты Беларусі Ф. Іваноў, М. Пало. У тэатры пераважна ставіліся п’есы тагачасных драматургаў – “Гісторыя аднаго кахання” К. Сіманава, “Крылы” А. Карнейчука, “У добры час!” В. Розава і інш. З 1956 г. у рэпертуары з’явіліся спектаклі па творах беларускіх пісьменнікаў – “Глыбокая плынь” паводле І. Шамякіна, “Непрымірымасць” і “У бітве вялікай” А. Маўзона. Зрэдку ставіліся класічныя творы – “Хітрамудрая закаханая” Лопэ дэ Вэгі, “Дон Сезар дэ Базан” А. Дэнеры і Ф. Дзюмануара. Паступова (з умацаваннем мастацкага кіраўніцтва) ішла стабілізацыя творчага працэсу. На стан тэатра канца 1950-х – пачатку 1960-х гг. паўплывала дзейнасць рэжысёра Л. Эльстона. Найбольш значныя яго пастаноўкі “Зімовая казка” У. Шэкспіра, “Сабака на сене” Лопэ дэ Вэгі, “Угрум-рака” Д. Мядзведзева паводле В. Шышкова, “Лявоніха на арбіце” А. Макаёнка. Новы і найбольш плённы этап у дзейнасці тэатра звязаны з рэжысёрам І. Паповым, спектаклі якога вызначаліся творчым пошукам, тонкай распрацоўкай характараў. Сярод іх – “Любоў Яравая” К. Транёва, “Разлом” Б. Лаўранёва, “Атэла” У. Шэкспіра, “Тры сястры” А. Чэхава, “Даходнае месца” А. Астроўскага. Такія спектаклі, як “Жыццё ўсяго адно” А. Маўзона, “Залатая карэта” Л. Лявонава і “Першы грэх” А. Каламійца ў 1972 г. былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. У Гомельскім абласным драматычным тэатры працавала шмат вядомых рэжысёраў: М. Ульянаў, Ю. Арынянскі, К. Пятроў, В. Кручкоў, Г. Прымак, Л. Манакова і інш. З 1993 па 1999 г. калектыў узначальваў У. Караткевіч, які ставіў п’есы Я. Купалы, К. Крапівы, А. Петрашкевіча, М. Матукоўскага, А. Дзялендзіка і іншых беларускіх драматургаў. Яго спектаклі вызначаліся сцэнічнай культурай, навізной, дынамізмам, тонкім зместам. У сярэдзіне 1990-х гг. гомельскія рэжысёры імкнуліся ставіць творы нацыянальнай драматургіі на беларускай мове – “Звар’яцелы Альберт” С. Кавалёва паводле Я. Баршчэўскага, “Распуснікі ў пастцы” С. Кавалёва, “Паўлінка” Я. Купалы, “Купала” А. Дударава, “Дзікае паляванне караля Стаха” паводле У. Караткевіча і інш. За плённую працу ў 1999 г. тэатр атрымаў ганаровае званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”.
Сённяшняя трупа тэатра – гэта таленавіты калектыў, здольны ўвасобіць лепшыя п’есы сусветнай і беларускай драматургіі. З 2010 г. дырэктарам – мастацкім кіраўніком тэатра з’яўляецца заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь В. Чэпелеў. У Гомельскім абласным драматычным тэатры часта працуюць запрошаныя рэжысёры не толькі з Беларусі, але з блізкага і далёкага замежжа. Гэта ўносіць разнастайнасць у рэпертуар і яшчэ больш выклікае цікавасць гледачоў. Лепшыя спектаклі неаднойчы атрымлівалі ўзнагароды і станавіліся лаўрэатамі розных тэатральных форумаў. На базе тэатра раз у тры гады праводзіцца Міжнародны фестываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. Гомельская сцэна прымае гасцей з Мінска, Масквы, Кішынёва, Нежына, Жытоміра, Чарнігава, Бранска і іншых гарадоў.