Дата начала: пад 1447
Краткая справка: гарадскі пасёлак, цэнтр раёна Віцебскай вобласці
Варианты названия: Бешанкавічы
Названия на других языках: Biesankovicy (не определен); Бешенковичи (русский);
Бешанковічы – гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці, цэнтр Бешанковіцкага раёна. Знаходзіцца за 51 км на паўднёвы захад ад Віцебска, 38 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі на лініі Орша – Лепель. Вузел аўтадарог на Віцебск, Сянно, Чашнікі, Лепель, Улу, Шуміліна.
Згодна з даследаваннямі гісторыка, археографа А.П. Сапунова, паселішча ўпершыню згадваецца пад 1447 г., паводле даследаванняў вучонага-гісторыка В.В. Турчыновіча, яно ўпамінаецца пад 1460 г., калі кароль польскі, вялікі князь літоўскі Казімір IV заснаваў тут Ільінскую царкву ў гонар выратавання яго жонкі ад патаплення ў Ільін дзень. У пачатку XVI ст. Бешанковічы былі вёскай у Полацкім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, належалі князям Друцкім-Сакалінскім. У 1605 г. з’яўляліся ўладаннем шляхціцаў Язерскіх, з 1615 г. – аршанскага маршалка М. Андравонжа. У 1630 г. Бешанковічы куплены віленскім ваяводам К.Л. Сапегам, пры якім пачалі хутка развівацца, сталі мястэчкам, у 1634 г. атрымалі магдэбургскае права. Важнае значэнне для эканамічнага развіцця меў Бешанковіцкі кірмаш (зваўся яшчэ Петрапаўлаўскі) – адзін з буйнейшых на Беларусі штогадовых кірмашоў, на які з’язджаліся беларускія, рускія і нават заходнееўрапейскія купцы.
З канца XVII ст. належалі князям Агінскім, з 1783 г. – магнацкаму роду Храптовічаў. У 1708 г. у час Паўночнай вайны (1700–1721) тут размяшчаліся рускія войскі, мястэчка тройчы наведваў Пётр І. З сярэдзіны XVIII ст. Бешанковічы сталі горадам, які налічваў 1,5 тыс. двароў, 5–6 тыс. жыхароў і з’яўляўся цэнтрам ганчарнага і мылаварнага рамёстваў, вырабу гонты. У 1770-я гг. пабудаваны палацава-паркавы ансамбль, у склад якога ўваходзілі палац, парк з вадаёмам, гаспадарчыя пабудовы.
Пасля першага (1772) і другога (1793) падзелаў Рэчы Паспалітай увайшлі ў склад Расійскай імперыі як мястэчка ў Лепельскім павеце Полацкай, з 1796 г. – Беларускай, з 1802 г. – Віцебскай губерняў. На працягу 1772–1793 гг. дзяржаўная мяжа, якая праходзіла па Заходняй Дзвіне, падзяляла Бешанковічы на “рускую” Задзвінскую слабаду і “польскую” левабярэжную частку. У час вайны 1812 г. у ліпені мястэчка было занята французскімі войскамі, некаторы час тут размяшчаўся штаб імператара Напалеона. Вызвалены 20 кастрычніка 1812 г. рускай арміяй пад камандаваннем П.Х. Вітгенштэйна. Да сярэдзіны XIX ст. у мястэчку былі забрукаваны галоўныя вуліцы, дзейнічалі прыстань на Заходняй Дзвіне, паромная пераправа і інш. Жылая забудова канцэнтравалася ўздоўж дарогі Віцебск – Лепель. У 1866–1870 гг. на месцы былога храма (XVст.) была пабудавана новая Ільінская царква. У 1906 г. у Бешанковічах налічвалася 7 мураваных і 1243 драўляныя дамы, пражывала 3987 жыхароў, дзейнічалі 2 царквы, касцёл, паштовае аддзяленне, тэлеграфная кантора, 3 народныя вучылішчы, царкоўнапрыходская школа, паштовая станцыя, аптэка і інш. У час Першай сусветнай вайны пасля акупацыі Лепеля германскімі войскамі ў лютым–верасні 1918 г. часова былі цэнтрам Лепельскага павета. У 1919–1924 гг. Бешанковічы знаходзіліся ў складзе РСФСР. З 3 сакавіка 1924 г. увайшлі ў БССР, з 17 ліпеня 1924 да 26 ліпеня 1930 г. з’яўляліся цэнтрам Бешанковіцкага раёна Віцебскай акругі. 27 верасня 1938 г. Бешанковічы сталі гарадскім пасёлкам у складзе Віцебскай вобласці.
6 ліпеня 1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія за гады Вялікай Айчыннай вайны амаль поўнасцю разбурылі і спалілі пасёлак, знішчылі ў ім і раёне 10 276 чалавек. Вызвалены 25 чэрвеня 1944 г. войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі.
Архітэктурна-планіровачную структуру сучаснага пасёлка вызначаюць Віцебская шаша, вуліцы Камуністычная, Свабоды, Чарняхоўскага і іншыя, якія ўтвараюць прамавугольную рэгулярную сетку з дробнымі кварталамі, забудаванымі пераважна аднапавярховымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Цэнтральная частка забудавана двух- і трохпавярховымі дамамі, грамадскім цэнтрам з’яўляецца плошча Леніна.
У 2006 г. Бешанковічы атрымалі герб – у сярэбраным полі іспанскага шчыта на пяці блакітных хвалях выява чырвонай ладдзі з залатым грузам, на чырвоным парусе – герб “Ліс” (радавы знак шляхецкага роду Сапегаў).
У цяперашні час у пасёлку дзейнічаюць 2 сярэднія школы, 3 дашкольныя ўстановы, дзіцячая школа мастацтваў, раённы цэнтр культуры, Дом рамёстваў, гісторыка-краязнаўчы музей, цэнтральная раённая бібліятэка, бальніца. Працуюць навукова-вытворчае прадпрыемства “Белкатламаш”, лясгас і інш. Выдаецца раённая грамадска-палітычная газета “Зара”.
У Бешанковічах знаходзяцца брацкая магіла савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні Бешанковіцкага раёна (сярод пахаваных Героі Савецкага Саюза М.П. Лугоўскі, Р.І. Спольнік, Г.Ф. Хараборкін, М.Ф. Шварцман), магілы ахвяр фашызму, Курган Славы. Захаваліся помнікі архітэктуры – палацава-паркавы ансамбль (канец XVII – другая палова XVIII ст.), Свята-Ільінская царква (1870).
Бешанковічы з’яўляюцца радзімай Героя Савецкага Саюза М.М. Ткачэнкі, скульптара І.У. Казака, графіка С.Б. Юдовіна, паэтаў А.А. Гейнэ і Г.І. Казака.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.