Дата начала:
24.04.1959 Ліда, г., Гродзенская вобласць
Краткая справка:
дзяржаўная ўстанова, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2009)
Названия на других языках:
Lida Historical and Art Museum (не определен); Лидский историко-художественный музей (русский);
Предыдущие названия:
Лидский краеведческий музей; Лідскі краязнаўчы музей
3872 символа
Справка
Раскрыць самыя цікавыя і значныя падзеі Лідчыны ад старажытных часоў да сучаснасці дапамагае Лідскі гісторыка-мастацкі музей. Заснаваны ў 1939 г. як музей Польскага краязнаўчага таварыства, з 1941 г. – абласны гісторыка-краязнаўчы музей. 10 лютага 1959 г. пастановай Савета Міністраў БССР было прынята рашэнне аб стварэнні ў Лідзе краязнаўчага музея. 24 красавіка адбылося яго адкрыццё. Першымі музейнымі экспанатамі сталі 5нумароў ваеннай газеты «Наперад» (1941–1944), лістоўкі ваеннага часу, перададзеныя рэдактарам газеты Ю. Драгуном. Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей пераслаў калекцыю зброі, чучалы жывёл. Паступілі ў фонды прадметы з Ленінградскага артылерыйскага музея: стрэльбы, шашкі, кулямёты і інш. Тут праводзіліся экскурсіі, піянерскія зборы, сустрэчы з вядомымі людзьмі Лідчыны. Да 1964 г. музей быў размешчаны ў цэнтральнай частцы былога храма, а потым пераведзены ў двухпавярховую прыбудову. На яго месцы ў лістападзе 1964 г. адкрыты планетарый. У 1967 г. арганізавана першая пастаянная экспазіцыя аддзела савецкага перыяду. У 1970 г. – экспазіцыя аддзела прыроды і гісторыі дасавецкага перыяду. Вяліся навукова-даследчая і пошукавая работы. Былі сабраны матэрыялы пра лідскае падполле, даследавалася тэма грамадзянскай вайны і гісторыя прадпрыемстваў краю. У 1990-я гг. музей пераведзены ў будынак Дома сямейных урачыстасцей, дзе ў той час знаходзілася мастацкая галерэя «Лідзея». У 2000 г. галерэя і музей аб’яднаны ў адну ўстанову культуры – Лідскі гісторыка-мастацкі музей. Доўгі час супрацоўнікі праводзілі мерапрыемствы за сценамі музея. Амаль 10 гадоў у памяшканнях вяліся будаўнічыя работы. У гэты перыяд працягвалася праца па даследаванні гісторыі краю, назапашваліся матэрыялы па храналогіі Лідчыны. 8 кастрычніка 2008 г. музей быў адкрыты для наведвання. Яго агульная плошча – 2102,2 кв. м. Асноўны фонд складае 43 069 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – 6519 (на 2018 г.). Музейны збор складаецца з 26 калекцый. Найбольш каштоўная «Археалогія», што сфарміравалася ў выніку раскопак на тэрыторыі раёна і Лідскага замка, налічвае больш за 18 000 адзінак захоўвання (меч з золенгераўскай сталі, шахматная фігурка, шпоры, фрагменты кухоннага і сталовага посуду і інш.). Калекцыя «Нумізматыка» пачала папаўняцца з 1959 г. і змяшчае каля 3000 адзінак захоўвання: соліды, талеры, злотыя, капейкі, рублі, пфенігі і інш. Асаблівую цікавасць уяўляе скарб канца XVIII ст., знойдзены на месцы былога кляштара кармелітаў. Мастацкая калекцыя прадстаўлена аўтарскімі работамі супрацоўнікаў шклозавода «Нёман» Г. Сідарэвіч, У. Мурахвера, Л. Мягковай, разьбяра па дрэве М. Рыжкевіча, творамі мастакоў Р. Грушы, У. Мельнікава, В. Сільвановіча, А. Судара, а таксама габеленамі Н. Вараксы, вырабамі з саломы Н. Ларыёнавай, С. Паплаўскай, В. Цыганец. У музеі захоўваецца багатая калекцыя прадметаў быту, зброі, фотадакументаў, кінафонадакументаў і інш. Створана пастаянная экспазіцыя «Прырода Лідчыны», якая расказвае аб фаўне і флоры раёна. Стацыянарная выстаўка «Прывітанне, ранейшая Ліда» прадстаўлена фотаздымкамі і цікавымі прадметамі гарадскога ўкладу 1920–30-х гг. Праводзяцца перасоўныя выстаўкі: «Прадметы побыту канца XIX ст. – пачатку XX ст.» (асабістая калекцыя А. Фішбайна), «Хрушчоўка 60-х» (з фондаў музея створаны інтэр’ер савецкай кватэры 1960-х гг.). Прапануюцца зменныя выстаўкі, якія знаёмяць з гісторыяй краю, лёсам людзей, творчасцю мясцовых мастакоў.
Супрацоўнікі музея распрацоўваюць і ўкараняюць нетрадыцыйныя і інавацыйныя формы работы з наведвальнікамі. Праводзяцца абрадавыя святы, канцэрты-прэзентацыі музычных альбомаў мясцовых выканаўцаў, літаратурна-музычныя вечары, пленэры для вучняў школ з мастацкім ухілам і інш. У 2009 г. за рэалізацыю праграмы «Старадаўніх муроў адраджэнне» калектыў музея стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.