Цырк, цырк, цырк… Магічныя словы родам з дзяцінства, самага прыемнага, яркага і непаўторнага перыяду чалавечага жыцця. Менавіта ў маленстве знаёмяцца з гэтым цудоўным жанрам мастацтва. Колькі прыемных уражанняў, яркіх эмоцый і светлых пачуццяў выклікае цырк. І кожны дарослы, прыходзячы на прадстаўленне ўжо са сваімі дзецьмі альбо ўнукамі, нібы вандруе праз час і прастору ў далёкае шчаслівае дзяцінства.
На Беларусі элементы цыркавога мастацтва існавалі яшчэ ў сярэдневякоўі і выявіліся ў творчасці скамарохаў. З XVII ст. вядомы спецыяльная школа вяровачных скакуноў і штукароў мястэчка Семежава Капыльскага раёна, славутая на ўсю Еўропу “Смаргонская акадэмія”, дзе займаліся дрэсіроўкай мядзведзяў. На Беларусі адбываліся гастролі замежных цыркавых труп і асобных выканаўцаў. У 1884 г. у Мінску адкрыўся першы зімовы стацыянарны “Рускі цырк братоў Нікіціных”.
На пачатку XX ст. у Мінску, у гарадскім садзе (цяпер парк імя М. Горкага), пабудавалі цырк летняга тыпу. Пад яго купалам гледачы бачылі цыркавую дынастыю Дуравых, дрэсіроўшчыкаў М. Гладзільшчыкава і Б. Эдэра, клоуна-скакуна В. Лазарэнку і інш. У гады вайны будынак Мінскага цырка быў зруйнаваны. У 1947 г. пасля вайны на тэрыторыі парку адкрыўся цырк часовага тыпу. Генеральны план па аднаўленню пасляваеннага горада прадугледжваў і ўзвядзенне стацыянарнага будынка цырка. Месца для будаўніцтва было выбрана ўдала – у самым цэнтры праспекта (цяпер ужо праспекта Незалежнасці). Выдатнай падзеяй у культурным жыцці мінчан стаў дзень 11 лютага 1959 г., калі новы цырк гасцінна расчыніў дзверы. Пабудаваны па праекту архітэктара В. Жукава Мінскі дзяржаўны цырк стаў упрыгожаннем архітэктурнага ансамбля беларускай сталіцы, месцам прыцягнення для дзяцей і дарослых. Трохпавярховы аб’ём, у якім выкарыстаны формы і дэкор класічнай спадчыны, накрыты сферычным купалам. Галоўны ўваход вылучаны шматкалонным порцікам карынфскага ордэра. Сцены па перыметры будынка аздоблены пілястрамі. Глядзельная зала мае арэну дыяметрам 13 метраў, 1668 месцаў, размешчаных амфітэатрам. Вакол відовішчнай часткі знаходзяцца фае, гардэробы, памяшканні для артыстаў і абслуговага персаналу, залы для рэпетыцый, спецыяльныя памяшканні для жывёлы і інш. Да дня адкрыцця цырка было прымеркавана стварэнне Першага цыркавога беларускага калектыву. Першая праграма новага цырка так і называлася “Беларускі цыркавы калектыў”. Гэты калектыў праіснаваў да 1974 г. У розныя гады ім кіравалі Я. Мілаеў, А. Шаг, К. Аўерына, Ю. Аўерына. М. Марусалаў, які з’яўляўся на той час дырэктарам, здабыў цырку права на самастойныя пастаноўкі. У 1961 г. адбылася прэм’ера нацыянальнай праграмы “Бывайце здаровы!”. У 1963 г. Б. Манжэлі з гуртам беласнежных коней-прыгажуноў ажыццявіў пастаноўку “Бахчысарайскай легенды” паводле А. Пушкіна, у 1967 г. М. Лукавецкі паставіў “Партызанскую баладу” з арыгінальнай музыкай Я. Глебава, пазней – спектакль для дзяцей “Беласнежка і сем гномаў”. У тыя часы пры Мінскім цырку адкрылася студыя, навучэнцы якой прымалі ўдзел у пастаноўках як статысты. Вучылі іх вопытныя майстры, якія працавалі ў цырку. У 1968 г. выйшла на манеж цырка першая група ў якасці артыстаў “Саюздзяржцырка” ў спектаклі “Квітней, родная Беларусь!”. Мінскі цырк усё назапашваў выпуск нумароў, атракцыёнаў і пастановак. Сярод паказаў – нумары “Паветранае адажыо” (1985), “Паветраная гімнастка” (1998), “Акрабатычны дуэт” (1999), “Дрэсіраваныя мядзведзі” (2003), спектаклі “Збройнік Праспера” (1985), “Заўсёды свята” (1992), “Вясёлы Рымша” (1994), “Карлсан у цырку” (1999), “Планета радасці” (2000), “Айбаліт-2001” (2001), “Маскарад” (2002), “Зімовая казка” (2003), атракцыён “Ілюзія” (2003) і інш.
У 1997 г. Мінскі дзяржаўны цырк быў перайменаваны ў Дзяржаўную відовішчную ўстанову “Беларускі дзяржаўны цырк”. Па ініцыятыве дырэктара і мастацкага кіраўніка Белдзяржцырка Т. Бандарчук у 2004 г. створана першая стацыянарная беларуская трупа “Зоркі Беларусі”. Першую праграму паказалі ў тым жа годзе. Яна была прысвечана 60-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і мела тры часткі: “Прысвячэнне”, “Ведай нашых”, “Першы беларускі”. З гэтай праграмай калектыў гастраляваў па краінах блізкага замежжа, асобныя нумары былі прадстаўлены ў Японіі, Егіпце, Карэі, Арабскіх Эміратах.
Беларускі дзяржаўны цырк працуе ў двух накірунках: арганізуе і праводзіць гастролі міжнародных цыркавых праграм і займаецца пракатам праграм першага беларускага калектыву “Зоркі Беларусі” за межамі краіны. Сёння цырк папулярны не толькі сярод сталічных жыхароў, але і гасцей, якія прыязджаюць з розных куткоў краіны. Толькі за два апошнія гады гледачы змаглі ўбачыць міжнародныя праграмы, удзел у якіх прымалі артысты з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Латвіі, Венгрыі, Балгарыі, Кеніі, Кітая. Артысты цырка ўдзельнічаюць у цыркавых фестывалях. У 2007 г. акрабаты занялі трэцяе месца на Сусветным фестывалі-конкурсе цыркавога мастацтва ў Маскве на Паклоннай гары, а ў 2008 г. у Будапешце – другое месца. З Усерасійскага фестывалю цыркавога мастацтва маладыя дрэсіроўшчыкі прывезлі бронзавага слана. Калектыў артыстаў цырка ў 2007 г. атрымаў першае месца на прэстыжным фестывалі CHIGAY Asias Girandest Street & Floats Parade ў Сінгапуры.
Беларускі дзяржаўны цырк з’яўляецца адзіным цыркам не толькі ў рэспубліцы, але і ў краінах СНД, які працягвае праводзіць дабрачынныя спектаклі для дзяцей-інвалідаў, дзяцей аб’яднання “Чарнобыльскі шлях”, ветэранаў вайны і інш. У час гастроляў па Украіне быў дадзены спектакль для жыхароў і дзяцей Беслана і Уладзікаўказа, якія знаходзіліся на рэабілітацыі ў Крыме.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2008 г.