Часопіс «Здравоохранение» мае працяглую і цікавую гісторыю. Ідэя стварэння спецыялізаванага перыядычнага выдання па медыцыне ўзнікла пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, паколькі сацыяльна-эканамічныя цяжкасці выклікалі ўздым захворванняў інфекцыйнымі хваробамі, а матэрыяльная база сістэмы аховы здароўя пацярпела ад баявых дзеянняў. Значная заслуга ў заснаванні выдання належыць Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту (БДУ). У жніўні 1921 г. было прынята рашэнне аб стварэнні штомесячнага навукова-папулярнага часопіса, на які ўскладалася роля афіцыйнага органа Народнага камісарыята аховы здароўя. Асноўнай яго мэтай стала аб’яднанне навуковай медыцынскай думкі з практычнымі патрэбамі рэспублікі. У верасні 1924 г. выйшаў у свет першы выпуск часопіса пад назвай «Белорусская медицинская мысль». Яго рэдактарамі сталі намеснік Народнага камісарыята аховы здароўя БССР Е. Ю. Зэліксон і дэкан медыцынскага факультэта БДУ, прафесар М. Б. Кроль. Затым часопіс узначаліў наркам аховы здароўя, дацэнт М. І. Барсукоў. Калектыў шмат намаганняў прыклаў для таго, каб выданне стала высокаякасным. Сярод рэдактараў аддзелаў часопіса былі выкладчыкі і прафесары БДУ. На яго старонках апублікавана шмат навуковых артыкулаў, прысвечаных праблемам тэарэтычнай, эксперыментальнай і клінічнай медыцыны, эпідэміялогіі, медыка-санітарнаму абслугоўванню насельніцтва, развіццю сістэмы аховы здароўя. Друкаваліся даведкі пра вакансіі для ўрачоў, даныя пра бюджэт аховы здароўя, дзейнасць Вучонага медыцынскага савета Народнага камісарыята аховы здароўя і Мінскага таварыства ўрачоў. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць матэрыялы пра рэдкія выпадкі з практыкі ўрачоў. У 1925‒1929 гг. часопіс выдаваўся на беларускай і рускай мовах. У 1929‒1937 гг. з-за матэрыяльных праблем не выходзіў. У 1938‒1941 гг. называўся «Медицинский журнал БССР».
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны выпуск выдання зноў быў прыпынены. З 1955 г. стаў выходзіць пад назвай «Здравоохранение Белоруссии» як навукова-практычны медыцынскі часопіс Міністэрства аховы здароўя БССР. У ім публікаваліся матэрыялы па пытаннях павышэння якасці медыцынскай дапамогі, дыспансернага абслугоўвання сельскага насельніцтва, гісторыі медыцыны. Асаблівая ўвага надавалася дзейнасці Міністэрства аховы здароўя БССР і яго мясцовых органаў. У 1970‒80-я гг. часопіс адыграў важную ролю ў фарміраванні культуры аказання медыцынскай дапамогі, павышэнні кваліфікацыі медыцынскага персаналу. На яго старонках актыўна папулярызаваліся навуковыя дасягненні ў галіне медыцынскай кібернетыкі, генетыкі, расказвалася пра метады лячэння анкалагічных, неўралагічных, уралагічных, інфекцыйных хвароб ішэмічнай хваробы галаўнога мозга. У 1974 г. часопіс узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і спецыяльным дыпломам Міністэрства аховы здароўя БССР.
З 1992 г. часопіс называўся «Здравоохранение Беларуси», з 1995 г. ‒ «Здравоохранение». На яго старонках асвятляюцца агульныя пытанні медыцыны, публікуюцца матэрыялы па метадалагічных пытаннях медыцыны, медыцынскай сацыялогіі, праблемах узаемадзеяння пацыентаў і урачоў, гісторыі медыцыны Беларусі, а таксама біяграфіі знакамітых урачоў і арганізатараў сістэмы аховы здароўя, лекцыі і навуковыя агляды. Выданне разлічана на ўрачоў шырокага профілю. У 2009 г. часопіс узнагароджаны Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2012 г. стаў пераможцам VIII Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Ліцера» ў намінацыі «Лепшае спецыялізаванае, галіновае выданне».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.