Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі
Дата начала:
16.02.1925 Мінск, г.
Краткая справка:
культурная ўстанова
Краткие названия:
ЦНБ НАН Беларусі
Варианты названия:
Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Названия на других языках:
Центральная научная библиотека имени Я. Коласа НАН Беларуси (русский); Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси (русский);
Предыдущие названия:
Библиотека Института белорусской культуры; Бібліятэка Інстытута беларускай культуры; Фундаментальная библиотека имени Я. Коласа АН Беларуси; Фундаментальная бібіліятэка імя Я. Коласа АН Беларусі
7160 символов
Справка
Адна са старэйшых бібліятэк рэспублікі – Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі) – была заснавана ў лютым 1925 г. пры Інстытуце беларускай культуры (у 1929 г. пераўтвораны ў Акадэмію навук). З 1990 г. ЦНБ НАН Беларусі з’яўляецца навукова-даследчай установай у галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, гісторыі кнігі і інфармацыйнай дзейнасці, у 2011 г. прайшла акрэдытаванне ў якасці навуковай арганізацыі.
Асноўныя кірункі дзейнасці бібліятэкі: навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў галіне гісторыі кніжнай культуры і бібліятэчнай справы, вывучэнне заканамернасцей фарміравання і выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў, саставу чытачоў і інфармацыйных патрэб вучоных і спецыялістаў, бібліяметрычныя даследаванні; прадастаўленне інфармацыйна-бібліятэчных паслуг; фарміраванне фонду навуковых дакументаў, забеспячэнне аддаленага доступу да навуковых інфармацыйных рэсурсаў і інш.
У 2010 г. у дзейнасць ЦНБ НАН Беларусі ўкаранёна сістэма менеджменту якасці. У 2011 г. установа атрымала сертыфікат адпаведнасці, які сведчыць, што сістэма менеджменту якасці па прадастаўленні інфармацыйна-бібліятэчных паслуг і правядзенні навукова-даследчай дзейнасці ў галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, гісторыі кнігі і інфармацыйнай дзейнасці адпавядае патрабаванням СТБ ISO 9001–2009. Атрыманне такога сертыфіката пацвярджае высокі ўзровень паслуг і работ, якія ажыццяўляе бібліятэка, садзейнічае пашырэнню яе міжнародных сувязей.
Фонд бібліятэкі налічвае каля 5 млн экзэмпляраў дакументаў розных відаў: навуковую і навукова-папулярную літаратуру ўніверсальнай тэматыкі, даведачна-бібліяграфічныя выданні, матэрыялы на мікрафарматах, CD-ROMах, DVD-ROMах. Установа мае вялікі і ў многім унікальны ў Беларусі збор навуковай замежнай літаратуры. У ЦНБ НАН Беларусі захоўваюцца калекцыі заходнееўрапейскіх выданняў XV–XVIII стст., збор кніг кірылічнага друку XVIII – першай чвэрці XІX ст., калекцыя “Беларусазнаўства” XV–XX стст., звыш 60 рукапісных архіваў беларускіх вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх дзеячаў (каля 2 млн лістоў дакументаў), архіўны збор выданняў НАН Беларусі. Найбольш каштоўнымі калекцыямі з’яўляюцца кнігазбор Нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў, унікальная калекцыя рукапісных кніг канца XVII – пачатку XX ст., напісаных на беларускай мове арабскай графікай, асабістыя зборы беларускага фалькларыста і этнографа А. Багдановіча, расійскага літаратуразнаўца, бібліёграфа, гісторыка кнігі, члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР П. Беркава, беларускага паэта, акадэміка Акадэміі навук БССР П. Глебкі (у бібліятэцы створаны яго мемарыяльны пакой) і інш.
Дзейнасць ЦНБ НАН Беларусі накіравана на інфармацыйнае забеспячэнне патрэбнасцей вучоных і спецыялістаў Рэспублікі Беларусь. Карыстальнікі маюць магчымасць доступу да шырокага пераліку інфармацыйных рэсурсаў: ад бібліяграфічных баз даных да паўнатэкставых версій дакументаў, да больш за 20 найважнейшых зарубежных навуковых баз даных, такіх як Science Direct, Reaxys, EBSCO, Springer, электронных калекцый часопісаў Інстытута фізікі Вялікабрытаніі, амерыканскіх фізічнага, хімічнага, аптычнага таварыстваў і іншых электронных інфармацыйных рэсурсаў. Бібліятэка ажыццяўляе доступ да аўтарытэтных баз даных па навуковым цытаванні Scopus выдавецтва “Elsevier” і Web of Science кампаніі “Thomson Reuters”. Інфармацыйнае асяроддзе ўстановы і сучасныя тэхналогіі даюць магчымасць кожнаму карыстальніку знайсці сваю інфармацыю. Бібліятэка, якая з’яўляецца пасрэднікам паміж інфармацыяй і яе атрымальнікам, паступова змяняецца, пераходзячы ад прынцыпу валодання дакументам да прынцыпу доступу да яго ў аддаленым рэжыме. Усё гэта выклікае з’яўленне новых метадаў работы. Сёння для ЦНБ НАН Беларусі робяцца звычайнымі паслугі, што падаюцца карыстальніку віртуальна. Папулярнай з’яўляецца электронная дастаўка дакументаў (ЭДД). З 2013 г. аплаціць паслугі службы ЭДД магчыма з дапамогай банкаўскай плацежнай карткі праз сетку Інтэрнэт. Запатрабаванай застаецца і віртуальная даведачная служба. З яе дапамогай бясплатна ажыццяўляецца аператыўная і прафесійная дапамога ў выкананні разавых запытаў аддаленых карыстальнікаў па пошуку неабходнай фактаграфічнай, тэматычнай і бібліяграфічнай інфармацыі ў рэжыме “запыт – адказ”. З мэтай інтэграцыі акадэмічных электронных інфармацыйных рэсурсаў у лічбавую прастору і прапаганды дасягненняў беларускай навукі ЦНБ НАН Беларусі стварыла і падтрымлівае электронны архіў навуковых перыядычных выданняў, заснавальнікам якога з’яўляецца НАН Беларусі. Доступ да поўных тэкстаў ажыццяўляецца праз сайт бібліятэкі. У адкрытым доступе знаходзяцца поўныя тэксты акадэмічных часопісаў з 2009 г.
У 2012 г. рэалізаваны праект па стварэнні базы даных “Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ў СМІ”, якая прадстаўлена ў сетцы Інтэрнэт. Доступ да яе можна атрымаць з галоўнай старонкі сайта бібліятэкі. База ўтрымлівае больш за 11 тыс. поўных тэкстаў публікацый у газетах, часопісах, інтэрнэт-рэсурсах, што адносяцца да НАН Беларусі.
На інфармацыйным сайце бібліятэкі створаны раздзел “Публікацыйная актыўнасць вучоных Беларусі”, у які ўваходзяць наступныя рубрыкі: “Рэйтынг арганізацый Беларусі па індэксе Хірша і агульнай колькасці спасылак на артыкулы ў Scopus”; “Пералік перыядычных выданняў для публікацыі вынікаў навуковых даследаванняў па найбольш актуальных напрамках (па Web of Science)”; “Артыкулы вучоных НАН Беларусі, што прадстаўлены ў Scopus”; “Рэкамендацыі для рэдакцый навуковых часопісаў для ўключэння ў сусветныя базы даных па цытаванні, матэрыялы для аўтараў, якія жадаюць павялічыць цытаванасць сваіх артыкулаў”.
ЦНБ НАН Беларусі – удзельніца сістэмы карпаратыўнай каталагізацыі і вядзення зводнага электроннага каталога Беларусі, інфармацыйную аснову якога складаюць лакальныя інфармацыйныя рэсурсы бібліятэк-удзельніц, у тым ліку і электронны каталог ЦНБ НАН Беларусі, што вядзецца з 1994 г. Ва ўстанове ствараецца сучасны праграмна-тэхнічны комплекс, які ў аўтаматызаваным рэжыме забяспечвае на базе RFID-тэхналогій кантроль кніжнага фонду і дзеянняў чытачоў. Сістэма інтэгравана з аўтаматызаванай бібліятэчнай сістэмай БІТ-2000u, што падтрымлівае нацыянальны фармат прадстаўлення бібліяграфічных даных BELMARC, іншымі дзеючымі сродкамі аўтаматызацыі ЦНБ НАН Беларусі і забяспечвае нязменнасць асноўных тэхналагічных працэсаў работы бібліятэкі.
ЦНБ НАН Беларусі – член Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі і Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук, з’яўляецца цэнтрам правядзення рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый і семінараў па актуальных праблемах бібліятэчнай справы і інфармацыйнай дзейнасці.
Вынікі навуковых даследаванняў афармляюцца ў выглядзе справаздач аб навукова-даследчых работах, навуковых манаграфій, артыкулаў у навуковых зборніках, перыядычных выданнях, дакладаў на міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях. На працягу 90 гадоў ЦНБ НАН Беларусі паспяхова выконвае пастаўленую перад ёй мэту – задавальняе інфармацыйныя патрэбнасці вучоных і спецыялістаў, ажыццяўляе навуковыя даследаванні ў галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, гісторыі кнігі і інфармацыйнай дзейнасці.