Бібліятэка ў в. Астрамечава Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкі раён Брэсцкай вобласці) была адкрыта восенню 1905 г. на сродкі з фонду вядомага рускага кнігавыдаўца Фларэнція Фёдаравіча Паўленкава. Гэта ўстанова адыграла значную ролю ў культурным і грамадскім жыцці жыхароў Астрамечава і навакольных вёсак. Яе стварэнню садзейнічалі студэнты Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, сыны свяшчэнніка з Астрамечава Л. Раманскага Сяргей і Мікалай, два іх сябры з Брэста – Сяргей Басякоў і Яўген Жуковіч і вясковыя настаўнікі. Загадчыкам бібліятэкі быў назначаны Л. Раманскі, а наглядальнікам – настаўнік народнага вучылішча Антон Паўлавіч Зянкевіч, які і ўвайшоў у гісторыю як яе першы бібліятэкар.
Акрамя кніг, атрыманых з фонду Ф.Ф. Паўленкава, у Астрамечаўскай бібліятэцы захоўваліся кнігі с хатніх бібліятэк заснавальнікаў, а таксама набытыя на ахвяраванні мясцовай інтэлігенцыі. Бібліятэка-чытальня мела асобны пакой у будынку школы, кнігі размяшчаліся ў дзвюх вялікіх шафах. У 1907 г., ужо праз два гады пасля адкрыцця, фонд бібліятэкі налічваў амаль 2 тысячы кніг. Да нашых дзён збераглася толькі адна з іх – “Лечебник домашних животных” А. Сцяпанава, выдадзеная ў 1903 г. (знаходзіцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі). На тытульным лісце захавалася авальная пячатка з тэкстам: “Народная бібліятэка імя Ф.Ф. Паўленкава ў вёсцы Астрамечава”.
Кніжным фондам установы карысталіся таксама жыхары суседніх вёсак. У 1908 г. бібліятэка мела 240 чытачоў, якім за год было выдадзена 2,5 тыс. экзэмпляраў.
Валодаючы багатым фондам рускай і замежнай літаратуры, Астрамечаўская бібліятэка далучала мясцовае насельніцтва да скарбаў сусветнай культуры. У яе фондах знаходзіліся творы А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Гогаля, Л. Талстога, Гёте, Дантэ, Дэфо, а таксама беларускіх пісьменнікаў – Я. Купалы, Я. Коласа і інш. Бібліятэка стала культурным цэнтрам, які аб’ядноўваў не толькі моладзь, але і дарослае насельніцтва. Пры ёй дзейнічалі сельскагаспадарчае таварыства, школа рукадзелля, працавала аптэка.
У 1915 г. у час Першай сусветнай вайны тэрыторыя Гродзенскай губерні была захоплена германскімі войскамі. Што стала з бібліятэкай у час нямецкай акупацыі, дакладна невядома. Відавочна, што як культурна-асветніцкая ўстанова яна спыніла сваё існаванне. У канцы 1920-х гг. зноў пачала працаваць, у 1934 г. закрыта польскімі ўладамі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, у 1946 г., Астрамечаўская сельская бібліятэка была адноўлена.
У 1955 г. установа адзначала свой юбілей, і адным з ганаровых гасцей на свяце быў яе першы бібліятэкар А.П. Зянкевіч, які ў сувязі з 50-годдзем заснавання народнай бібліятэкі ў Астрамечаве атрымаў Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР. У 1978 г. бібліятэка ўвайшла ў склад Брэсцкай раённай цэнтралізаванай сістэмы. З сакавіка 1995 г. яна размяшчаецца ў памяшканні будынка Дома культуры. У розныя гады пры бібліятэцы дзейнічалі лялечны тэатр, аматарскія аб’яднанні па вывучэнні гісторыі роднага краю, праводзіліся шматлікія літаратурныя вечарыны, выстаўкі і іншыя мерапрыемствы.
У цяперашні час Астрамечаўская бібліятэка з’яўляецца інфармацыйным, культурным і краязнаўчым цэнтрам.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.