Дата начала:
10.08.1995 Браслаўскі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка:
дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова
Краткие названия:
Браславские озёра
Названия на других языках:
Государственное природоохранное учреждение "Национальный парк "Браславские озера" (русский); Национальный парк "Браславские озера" (русский);
3519 символов
Справка
На паўночным захадзе Беларусі размяшчаецца унікальны Нацыянальны парк, роўнага якому не было ў Саюзе і зараз няма ў краінах СНД. Гэта Дзяржаўны нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”. Створаны ён быў у 1995 г. з мэтай захавання тыповага для Беларускага Паазер’я комплексу Браслаўскай групы азёр, якая аб’ядноўвае 50 вадаёмаў агульнай плошчай 130 км2. Узніклі яны ў выніку ледніковага перыяду, і вада ў іх такая чыстая, што мясцовыя жыхары і турысты п’юць яе без усялякай рызыкі. Найбольшыя з азёр — Дрывяты, Снуды, Струста, Воласа Паўночны і Воласа Паўднёвы і інш. Кожнае з іх адрозніваецца сваімі асаблівасцямі, сваёй непаўторнасцю: возера Дрывяты ў сонечны дзень адлівае пазалотай, суседняе невялікае возера Цно сустракае бледна-зялёным колерам, возера Войса — цёмнае, Струста — блакітнае, самае паўночнае возера Снуды ўражвае яркай сінню. Найбольш жывапіснае — возера Струста, з вельмі зрэзанымі берагамі, на якіх расце густы хваёвы лес і маюцца прасторныя прыродныя пляжы. Па возеры раскідана шмат лясістых астравоў. Самае вялікае — возера Дрывяты. На яго паўночным беразе размяшчаецца адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі — Браслаў. Менавіта тут знаходзіцца адміністрацыйны цэнтр Нацыянальнага парку. Акрамя азёр рэльеф тэрыторыі прадстаўлены марэннымі градамі, пагоркамі, якія мяжуюцца з глыбокімі міжпагоркавымі паніжэннямі з азёрамі, мноствам камавых узгоркаў, озаў. Якасць вады азёраў абумоўлівае разнастайнасць і непаўторнасць іх флоры. У цэлым тут налічваецца 30 відаў рыб, 27 з якіх абарыгены, а трысіг чудскі, карась серабрысты, сазан — акліматызаваныя. У возеры Волас Паўднёвы (адзіным у Беларусі) маецца поўны комплекс ракападобных. Рэлікты чацвярцічнага перыяду сустракаюцца ў азёрах Рычы, Снуды, Струста, Дрывяты і інш. Месцамі жыве вугор. Расліннасць Нацыянальнага парку прадстаўлена больш чым 500 відамі, з якіх 20 — рэдкія. Апошнія распаўсюджаны шырока, але вылучаюцца мясціны, дзе яны сустракаюцца больш часта: старажытны парк “Бальмонт” лістоўніца сібірская, лясны масіў “Ракіцкі бор” — папуляцыі лілеі паўночнай, узбярэжжа возера Воласа Паўночны — біягрупа бярозы павіслай, яна ж сустракаецца на ўзбярэжжы возера Снуды, там таксама расце бяроза карэльская, ліпа драбналістая, торфарэла кучаравая і інш. Арніталагічная каштоўнасць рэгіёна абумоўлена тым, што тут налічваецца да 85 працэнтаў птушак, якія гняздзяцца на Беларусі. Гэта беркут, арлан-белахвост, скапа, чорны бусел, малая паганка, чорнаваллёвая гагара, залацісты сявец і інш. 45 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. З млекакормячых у Нацыянальным парку распаўсюджаны дзік, казуля, лось, янотападобны сабака, бабёр, норка, лясная куніца, рысь, барсук, звычайная ляцяга. У вальеры жыве буры мядзведзь. Высокі эстэтычны кошт прыродных ландшафтаў, а таксама наяўнасць на тэрыторыі парка цікавых археалагічных помнікаў (неалітычных стаянак, гарадзішча ранняга жалезнага веку, курганоў-магільнікаў і інш.), помнікаў гісторыі (абеліскаў, памятных знакаў, помнікаў-валуноў з надпісамі і інш) і архітэктуры: культавых забудоў, прысядзібна-паркавай архітэктуры; помнікаў горадабудаўніцтва спрыяе развіццю тут зоны адпачынку, турызму, воднага спорту. Увазе наведвальнікаў прапануюцца турыстычныя маршруты (пешыя, конныя, аўтамабільныя, водныя). У парку размешчаны турбаза “Браслаўскія азёры”, лагеры адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў Беларускай акадэміі фізічнага выхавання і спорту і Беларускага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, дзіцячы санаторый “Браслаў”. Маецца гасцініца, добраабсталяваныя платныя аўтастаянкі.