Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей імя П.І. Баграціёна, УК
Дата начала:
1935 Ваўкавыск, г., Гродзенская вобласць
Краткая справка:
установа культуры
Названия на других языках:
Vaukavysk Military-Historical Museum named P.I. Bagratsiyon (не определен); Wolkovysk war and history muzeum named after P. Bagration (не определен); Волковысский военно-исторический музей (русский); Волковысский военно-исторический музей имени П.И. Багратиона (русский);
Предыдущие названия:
Ваўкавыскі дзяржаўны ваенна-гістарычны музей імя П.І. Баграціёна; Ваўкавыскі дзяржаўны краязнаўчы музей; Волковысский районный краеведческий музей
3432 символа
Справка
Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей імя П.І. Баграціёна быў заснаваны ў 1935 г. як краязнаўчы музей на грамадскіх пачатках. Паводле пастановы СНК БССР ад 01.01.1940 г. набыў статус дзяржаўнага. Яго заснавальнікам і першым дырэктарам быў мясцовы краязнавец і археолаг Г. І. Пех. Асновай экспазіцый сталі калекцыі, створаныя Г. І. Пехам, найбольшая ўвага ў якіх удзялялася старажытнаму Ваўкавыску, яго археалагічнаму комплексу. У Вялікую Айчынную вайну музей быў разрабаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Паводле рашэння Ваўкавыскага райвыканкама ад 16.04.1946 г. і Гродзенскага аблвыканкама ад 09.08.1946 г. адноўлены як Ваўкавыскі раённы краязнаўчы музей. Для наведвальнікаў адкрыты 01.09.1948 г. Рашэннем Ваўкавыскага райвыканкама ад 15.02.1949 г. музею перададзены будынак былога сядзібнага дома, пабудаванага ў 1805 г., дзе ў вайну 1812 г. знаходзілася штаб-кватэра камандуючага 2-й Заходняй арміяй генерала П. І. Баграціёна. У 1950 г. перад будынкам музея ўстаноўлены бронзавы бюст П. І. Баграціёна ( скульптар З. Азгур). Загадам камітэта па справах культурна-асветных устаноў пры Савеце Міністраў БССР ад 23.02.1953 г. краязнаўчы музей пераўтвораны ў ваенна-гістарычны з прысваеннем яму імя П. І. Баграціёна.
Фонды музея налічваюць 47,1 тыс. адзінак захоўвання. Ён мае 8 экспазіцыйных і выставачную залу. У калекцыях музея – археалагічныя знаходкі, зброя, ваенны рыштунак, рукапісныя і друкаваныя дакументы, фотаздымкі, нумізматыка, творы жывапісу і графікі першай паловы ХІХ ст. Экспануецца старажытнае ўзбраенне: лук і арбалет, баявыя сякеры, кальчуга і меч старажытнага рускага воіна, даспехі нямецкага рыцара і крыжацкі меч часоў Грунвальдскай бітвы 1410 г., у якой прымала ўдзел ваўкавыская харугва. Халодная зброя ХVI – пачатку ХІХ ст. прадстаўлена алебардамі, палашамі, пратазанамі, шаблямі; агнястрэльная – пісталетамі, стрэльбамі, гарматай, адлітай у 1778 г.
У экспазіцыйных залах, прысвечаных тэме “Вайна 1812 года”, змешчаны мундзіры і галаўныя ўборы рускай і напалеонаўскай армій, гусарскія даламаны і менцікі, экспанаты, якія расказваюць пра баявыя дзеянні 2-й Заходняй арміі на тэрыторыі Беларусі ў час наступлення і адступлення войскаў Напалеона, пра Ваўкавыскі бой 1812 г. Экспануецца копія карціны П. Дэлароша “Напалеон у Фантэнбло”.
У 2001 г. музей атрымаў яшчэ адзін будынак, у якім размясціліся матэрыялы экспазіцыі “Войны ХХ стагоддзя”. Яны расказваюць аб падзеях Першай і Другой сусветных войнаў на тэрыторыі Ваўкавыскага раёна ( у тым ліку пра аперацыю “Баграціён”, вызваленне Ваўкавыска ў 1944 г.). Дэманструюцца дакументы, фотаздымкі тых часоў, лістоўкі, рэчы вязняў Ваўкавыскага лагера ваеннапалонных і яўрэйскага гета і інш.
У экспазіцыі “Старажытны Ваўкавыск” прадстаўлены прадметы з археалагічных раскопак паселішчаў “Шведская гара”, “Замчышча”, “Муравельнік”. Гэта вырабы ваўкавыскіх кавалёў (нажы, ключы, наканечнікі коп’яў і інш.), кастарэзаў (грабяні, гузікі і інш.), ганчароў (фрагменты посуду, гліняная цацка і інш.). Ёсць таксама жаночыя ўпрагажэнні, прадметы культурнага ўжытку і інш.
У музеі працуе выставачная зала, дзе праводзяцца выстаўкі з асабістых фондаў і фондаў іншых музеяў. Вядзецца навукова-даследчая і навукова-фондавая работа, арганізоўваюцца дні памяці, лекцыі. У навукова-асветніцкай рабоце пераважае экскурсійная дзейнасць. У 1987 г. музеем выдадзены даведнік па залах музея.