Дата начала: 06.11.1987 Дзяржынск, г., Мінская вобласць
Краткая справка: дзяржаўная ўстанова
Названия на других языках: Дзержинский районный историко-краеведческий музей (русский);
Музей заснаваны ў г. Дзяржынску ў 1985 г. Яго аснову склалі дакументы і матэрыялы, сабраныя з 1963 г. вучнямі сярэдняй школы №3 пад кіраўніцтвам яе дырэктара І.І. Лысака, які ў далейшым узначаліў музей. Адкрыты для наведвальнікаў 6 лістапада 1987 г. Да 2005 г. музей з'яўляўся структурным падраздзяленнем аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама, з 16 лістапада таго ж года рэфармаваны ў дзяржаўную ўстанову з сучаснай назвай. 3 1988 г. дырэктарам з’яўляецца В.Ф. Чарненка. Музейны фонд складае каля 10 826 адзінак захоўвання. З іх асноўны налічвае 7 150 адзінак, навукова-дапаможны – 3 676. Агульная плошча музея 530 м2. Асноўная экспазіцыя размешчана ў трох гісторыка-краязнаўчых залах: зале прыроды, выставачнай і лекцыйнай (плошча 276 м2).
У фондах музея больш за 20 калекцый: нумізматыка, жывапіс і графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дакументы, друкаваныя выданні, рукапісы, археалогія, баністыка, фалерыстыка, зброя, адзенне, музычныя інструменты, прадметы этнаграфіі і побыту, фотадакументы, іканапіс, кераміка, сцягі, плакаты, матэрыяльныя помнікі, філакартыя, прадметы рэлігійнага ўжытку і народнага мастацтва. Найбольш цікавымі музейнымі экспанатамі з'яўляюцца: кіепадобная шпілька 2–3 чвэрці І-га тыс. н.э., знойдзеная пры раскопках ва ўрочышчы Кальвіншчына ў 1995 г., манетны скарб XVI–XVII стст., «Земледельческий журнал» 1840 г., «Гісторыя лейб-гвардыі сапёрнага батальёна 1812–1852. З планамі і малюнкамі» 1852 г., звон 1802 г., знойдзены пры будаўніцтве дарогі, грамафон канца XIХ ст., малыя скульптуры “Пустэльнік” і “Летапісец” В. Чарнабрысава, калекцыя рускіх абразоў XIХ ст. і інш.
У першай зале музея прадстаўлены экспанаты, якія расказваюць аб гісторыі Дзяржыншчыны са старажытнасці да 1917 г. У іх ліку прадметы, знойдзеныя ў час археалагічных раскопак, якія адносяцца да эпохі неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў (фрагменты арнаментаванага керамічнага посуду, каменныя сякеры, бронзавая фібула, сердалікавыя пацеркі) і з раскопак кальвінскага збору; матэрыялы пра вайну 1812 г., дакументы аб будаўніцтве Маскоўска-Брэсцкай чыгункі на тэрыторыі Койданаўскай воласці. Адноўлены інтэр'ер беларускай сялянскай хаты, дзе экспануюцца прадметы матэрыяльнай культуры Беларусі канца XIХ – пачатку XХ ст.: прылады працы, вырабы народнай творчасці, хатнія рэчы і інш. Другая зала ахоплівае перыяд з 1917 па 1941 гг. Тут прадстаўлены дакументы і матэрыялы, прысвечаныя падзеям Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны 1918–1920 гг., германскай і польскай акупацыі, пра дзяржаўную граніцу з Польшчай у 1921–1939 гг., 16-ы Дзяржынскі пагранатрад, калектывізацыю ў раёне, пра першую ў Беларусі Койданаўскую машынна-трактарную станцыю і Дзяржынскі польскі нацыянальны раён. Трэцяя зала знаёміць з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Там экспануюцца асабістыя рэчы Герояў Савецкага Саюза А.К. Бурака, М.М. Гармозы, А.І. Гурына, М.І. Казея, І.С. Леановіча, Я.І. Фаміных, М.Ф. Шарко, а таксама франтавікоў, удзельнікаў падпольнага і партызанскага руху. Цэнтральную частку экспазіцыі займае макет партызанскай зямлянкі. Прадстаўлены матэрыялы аб знакамітых земляках, сярод якіх пісьменнікі К. Каганец, Л. Калюга, А. Глобус, фантаст Ю. Брайдэр, гісторык і археограф М.М. Улашчык, акадэмік НАН Беларусі Ф.С. Марцінкевіч, М.І. Міцкевіч, В.У. Івашын, М.В. Бірыла і інш. Адлюстравана таксама культура раёна. Адукацыі і ахове здароўя прысвечаны асобныя раздзелы экспазіцыі. У зале прыроды прадстаўлены флора і фаўна раёна.
У выставачнай зале музея арганізуюцца выстаўкі разнастайнага накірунку – мастацкія, этнаграфічныя, дзіцячай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, з замежных пасольстваў. Праводзяцца таксама тэматычныя экскурсіі: «Наш край у далёкім мінулым», «Мястэчкі ў Беларусі», «Народныя рамёствы», «Вялікая Айчынная вайна на тэрыторыі раёна»; музейна-педагагічныя заняткі, кіналекторыі, віктарыны, семінары, прэзентацыі і інш. Музей арганізуе выязныя выстаўкі: “Афганский разлом”, “Судьбою связаны с Дзержинщиной”, “Великая Отечественная война в Дзержинском районе”, “Дзержинщина: прошлое и настоящее”, “Памятники истории Дзержинского района”, “Я родился в СССР” і іншыя, праводзіць сумесныя мерапрыемствы з Палацам культуры, бібліятэкай і кінатэатрам.
На сучасным этапе ідзе рэстаўрацыя музея. Падрыхтоўваецца да адкрыцця зал прыроды і яшчэ адна выставачная зала.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 годзе Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.