Баева – вёска ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 28 км на паўднёвы ўсход ад Дуброўна, 135 км ад Віцебска, 30 км ад чыгуначнай станцыі Пагодзіна на лініі Орша – Крычаў.
Вёска мае даўняе паходжанне. Першыя пісьмовыя ўпамінанні аб ёй адносяцца да XVI ст. Гэта пасяленне ўказана ў інвентары 1560 г. як уладанне Яна Глябовіча ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства. У 1574 г. у лісце Філона Кміта да Мікалая Радзівіла (Рудога) назва Баева знаходзіцца сярод пераліку знішчаных маскоўскімі войскамі населеных пунктаў у ваколіцах Оршы і Дуброўны. Яшчэ адным аргументам існавання Баева ў тыя часы з’яўляюцца даведкі аб сустрэчы менавіта ў Баеве ў 1609 г. польскай Рады з рускімі пасламі.
У XVIII ст. Баева было ўжо ў статусе мястэчка і належала роду Сапегаў у межах Дубровенскага графства. У 1772 г. пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай Баева адыйшло ў склад Расійскай Імперыі і на працягу другой паловы XVIII і пачатку ХІХ ст. не раз мянялася яго тэрытарыяльная прыналежнасць у рамках Магілёўскай губерні. Спачатку Баева было ў складзе Аршанскай правінцыі (1772–1777), потым у Аршанскім павеце Магілеўскага намесніцтва (1778–1796), з 1796 па 1802 г. – у Аршанскім павеце Магілёўскай губерні, у якой было цэнтрам воласці Копыскага, а з 1861 г. Горацкага паветаў.
У Расійскай імперыі мястэчка па-ранейшаму было памешчыцкім уладаннем. У 1792 г. яно стала ўласнасцю прадстаўнікоў княжацкага роду Любамірскіх. Тут было 2 царквы, яўрэйская малітоўная школа, вадзяны млын, валасное праўленне, 7 крам. У 1869 г. пабудавалі народнае вучылішча, у 1886 г. – багадзельню.
Згодна з першым перапісам Расійскай імперыі 1897 г. Баева стала цэнтрам воласці з 892 жыхарамі і 145 дварамі. 16 студзеня 1919 г. яно ўвайшло ў склад РСФСР і праз 2 месяцы было аднесена да Гомельскай губерні, з 1922 г. стала валасным цэнтрам Смаленскай губерні, у лютым 1923 г. страціла гэты статус і было ўключана ў склад Ляднанскай воласці Горацкага павета.
У сакавіку 1924 г. Баева зноў стала адносіцца да БССР, а ў жніўні было пераўтворана ў вёску – цэнтр сельсавета Ляднянскага раёна Аршанскай акругі (да 26 ліпеня 1930 г.), 20 лютага 1931 г. уведзена ў склад Дубровенскага раёна, які з 20 лютага 1938 г. адносіўся да Віцебскай вобласці. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Баеве было 1095 жыхароў і налічвалася 220 двароў.
17 ліпеня 1941 г. вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія сталі ажыццяўляць палітыку генацыду ў дачыненні да насельніцтва. За перыяд акупацыі было забіта 110 мясцовых жыхароў, а сама вёска спалена. 30 верасня 1943 г. Баева было вызвалена часцямі войск Заходняга фронту. Памяці забітых мясцовых жыхароў прысвечаны помнік і брацкая магіла, у якой пахаваны 700 воінаў, загінуўшых у баях за вызваленне вёскі і яе ваколіц.
Пасля вызвалення пачалося аднаўленне Баева. У 1970 г. тут былі бібліятэка, Дом культуры, фельчарска-акушэрскі пункт. У 2010 г. пражывала 144 чалавекі, працавалі 8-мігадовая школа, бібліятэка, Дом культуры, ферма буйнай рагатай жывёлы, зернавы ток.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.