Воўпа – аграгарадок у Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці, цэнтр Воўпаўскага сельскага савета. Размешчаны на рацэ Ваўпянка.
Паселішча вядома з першай паловы XV ст. як сяло і двор Гродзенскага павета Трокскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), якія ўваходзілі ў склад уладанняў вялікага князя літоўскага і караля Польшчы Казіміра IV Ягелончыка. У 1449 г. ён падараваў Воўпу канцлеру і ваяводзе віленскаму князю А. Гальшанскаму. У канцы XV–пачатку XVI ст. Воўпа ў статусе мястэчка знаходзілася ў складзе Гродзенскага павета. У другой палове XVI ст. паводле тастаментаў Аляксандра і Паўла Гальшанскіх яна зноў стала ўладаннем вялікіх князёў ВКЛ і каралёў Польшчы. У 1624 г. мястэчка, якое было цэнтрам староства, набыў Леў Сапега для свайго сына Казіміра. У 1643 г. тут прымалі караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV. З 1775 г. уладальнікам Воўпы стаў дзяржаўны дзеяч ВКЛ Юзаф Вінцэнт Плятэр. 21 студзеня 1793 г. кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў мястэчку магдэбургскае права і герб з выявай бабра ў блакітным полі.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Воўпа далучана да Расійскай імперыі ў складзе Слонімскай, потым Літоўскай, а з 1801 г. – Гродзенскай губерні. Пасля паўстання 1831 г. была канфіскавана расійскімі ўладамі на карысць дзяржавы. У 1886 г. у мястэчку налічвалася 110 двароў, пражывала 1634 жыхары, дзейнічала валасное кіраванне, працавалі піваварны і 2 гарбарныя заводы, 2 пякарні, 2 булачныя, школа, царква, касцёл, сінагога. У 1905 г. Воўпа стала вёскай і ўвайшла ў склад Мсцібаўскай воласці Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні.
У гады Першай сусветнай вайны з верасня 1915 г. Воўпа была занята германскімі войскамі, 1 студзеня 1919 г. увайшла ў склад БССР. Пасля савецка-польскай вайны (1919–1920) у сакавіку 1921 г. далучана да Польшчы як цэнтр гміны Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства. З лістапада 1939 г. Воўпа зноў увайшла ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 г. яна стала цэнтрам Воўпаўскага сельскага савета Ваўкавыскага раёна Беластоцкай вобласці.
У гады Вялікай Айчыннай вайны з канца чэрвеня 1941 г. да сярэдзіны ліпеня 1944 г. вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сярод нанесеных імі страт спаленая адна з прыгажэйшых і найбуйнейшых на тэрыторыі Беларусі драўляная сінагога, пабудаваная ў першай палове XVIII ст.
З 20 верасня 1944 г. Воўпа знаходзілася ў складзе Гродзенскай вобласці, з 6 студзеня 1965 па 28 ліпеня 1967 г. – у складзе Мастоўскага раёна. У 2010 г. ёй быў нададзены статус аграгарадка. У цяперашні час тут працуюць Дом культуры, школа, аптэка, бібліятэка, амбулаторыя, аддзяленне паштовай сувязі і інш. Устаноўлены помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Асноўнай славутасцю Воўпы з’яўляецца касцёл Яна Хрысціцеля (1773) – помнік драўлянага дойлідства, які захаваўся да нашых дзён. У інтэр’еры касцёла знаходзіцца Воўпаўскі алтар – шэдэўр манументальна-дэкаратыўнай скульптуры ранняга барока, выкананы ў 1640-я гг. невядомымі майстрамі па заказе Казіміра Сапегі. Касцёл, галоўны і бакавы алтары ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Таксама помнікам архітэктуры з’яўляецца Петрапаўлаўская царква (1859).
Матэрыл падрыхтаваны ў 2024 г.