Вялікая Бераставіца – гарадскі пасёлак у Гродзенскай вобласці, цэнтр Бераставіцкага раёна. Знаходзіцца за 63 км на поўдзень ад Гродна, у 10 км ад чыгуначнай станцыі Бераставіца. Размешчаны на рацэ Бераставічанцы (басейн ракі Нёмана).
Мяркуецца, што назва “Бераставіца” ўтварылася ад слова “бераст” (разнавіднасць вяза) ці ад слова “бяроста” (кара бярозы). Згодна легендзе, назва пайшла ад імён заснавальнікаў паселішча, якіх называлі Бераст і Тавіца. Археалагічныя знаходкі сведчаць, што людзі на гэтым месцы жылі яшчэ ў XI–XII ст. Упершыню ў гістарычных дакументах Вялікая Бераставіца згадваецца ў 1506 г. як шляхецкі маёнтак у складзе Гродзенскага павета Трокскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Маёнтак з’яўляўся ўладаннем навагрудскага ваяводы Аляксандра Хадкевіча, які атрымаў яго ад вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Аляксандра Ягелончыка. Пазней Вялікая Бераставіца ў розны час належала прадстаўнікам шляхты: Тышкевічам, Мнішкам, Патоцкім, Касакоўскім. На карце ВКЛ, надрукаванай у 1613 г. у Амстэрдаме картографам Тамашам Макоўскім, пазначана як мястэчка (афіцыйна гэты статус зацверджаны ў 1725 г. паводле прывілея караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ). У 1754 г. Вялікая Бераставіца атрымала магдэбургскае права.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. далучана да Расійскай імперыі ў складзе Гродзенскага павета. У час вайны 1812 г. у ліпені – снежні мястэчка было занята французскімі войскамі. У 1813 г. тут пачало дзейнічаць прыходскае вучылішча. Паводле перапісу 1897 г. у мястэчку налічвалася 493 двары, пражывала 1576 жыхароў, працавалі 2 праваслаўныя царквы, сінагога, паштова-тэлеграфная станцыя, народнае вучылішча, збожжазапасная крама і інш.
З 1 студзеня 1919 г. Вялікая Бераставіца ўвайшла ў склад БССР. Пасля савецка-польскай вайны (1919¬–1920) у сакавіку 1921 г. далучана да Польшчы як цэнтр гміны Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства. З 1939 г. зноў у БССР, з 15 студзеня 1940 г. мястэчка пераведзена ў разрад вёскі і ўключана ў склад Крынкаўскага раёна.
У чэрвені 1941 г. Вялікая Бераставіца акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, была цэнтрам гміны Саколкаўскага павета акругі “Беласток”, якая ўваходзіла ў склад Усходняй Прусіі. Вызвалена 17 ліпеня 1944 г. часцямі 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі. 20 верасня 1944 г. Вялікая Бераставіца стала цэнтрам Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці, з 19 лютага 1947 г. атрымала статус гарадскога пасёлка.
У 1979 і 2008 гг. былі распрацаваны яго генеральныя планы. Галоўнай кампазіцыйнай воссю пасёлка з’яўляецца вуліца Леніна, якая ў паўднёвай частцы завяршаецца плошчай – грамадска-адміністрацыйным і культурна-гандлёвым цэнтрам.
У 2006 г. Вялікая Бераставіца атрымала сучасны герб – у сярэбраным полі барочнага шчыта выява вавёркі чырвонага колеру, над якой залатая карона.
У цяперашні час у гарадскім пасёлку працуюць дзяржаўны каледж, сярэдняя агульнаадукацыйная школа, дзіцячая школа мастацтваў, раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, Дом культуры, цэнтральная раённая бібліятэка, Музей Вавёркі, бальніца. Дзейнічаюць птушкафабрыка, прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва, лясніцтва і інш. Выдаецца “Бераставіцкая газета”. У Вялікай Бераставіцы знаходзяцца брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну, Свята-Мікалаеўская царква (1868), касцёл Праабражэння Гасподняга (1912). Часткова захаваўся касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Дзевы Марыі – помнік архітэктуры ў стылі ранняга барока, пабудаваны ў 1615 г. (унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь). У 2006 г. у гонар 500-годдзя раённага цэнтра ў скверы ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя “Дрэва жыцця” (скульптар У.В. Церабун).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.