Інстытут лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вядучая навукова-даследчая ўстанова Рэспублікі Беларусь у галіне лясной гаспадаркі, створаны 13 лістапада 1930 г. у Гомелі на базе ляснога аддзела Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі і Цэнтральнай лясной доследнай станцыі (у 1933–1992 гг. называўся Беларускі навукова-даследчы інстытут лясной гаспадаркі, з 1992 г. – дзяржаўная навуковая ўстанова з сучаснай назвай, з 2007 г. у складзе дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах»). Першапачаткова ў складзе інстытута функцыянавала пяць сектараў (сыравінны, лесаэсплуатацыйны, лесамеханічны, лесахімічны, лесаэканамічны), перад якімі стаяў шэраг задач па правядзенні лесабіялагічных даследаванняў і вырашэнні пытанняў лясной прамысловасці. Асноўнай мэтай дзейнасці інстытута стала распрацоўка на навуковай аснове нарматыўна-тэхнічнай базы для лесагаспадарчай вытворчасці. Значная ўвага ў даследчай дзейнасці па лесагаспадарцы ў той час надавалася вывучэнню прыродных асаблівасцей беларускіх лясоў, правядзенню стацыянарных метэаралагічных і феналагічных назіранняў. Ля вытокаў стварэння інстытута стаялі такія вучоныя як У.У. Шкатэлаў, П.П. Рагавой, І.Д. Юркевіч, В.І. Пераход, Ф.Т. Касцюковіч і інш.
У час Вялікай Айчыннай вайны інстытут знаходзіўся ў эвакуацыі ў Чкалаўскай (цяпер Арэнбургская) вобласці. Яго дзейнасць была накіравана на вырашэнне праблем выкарыстання лесасыравінных рэсурсаў для патрэб абарончай прамысловасці. У пасляваенныя гады інстытут вярнуўся ў Гомель, і калектыў установы накіраваў намаганні на ўзнаўленне пацярпелых у час вайны лясоў і павышэнне іх прадукцыйнасці і ўстойлівасці.
У 1960 – 80 гг. інстытутам ажыццёўлены шэраг важных распрацовак: сфарміравана нарматыўна-прававая база па рубцы лесу, механізацыі лесагаспадарчых і лесакультурных работ; распрацаваны метады асваення зямель, якія выйшлі з-пад торфараспрацовак; прадстаўлены шырокамаштабныя даследаванні ў галіне лесазнаўства, лясной селекцыі, лясной экалогіі, біялагічных метадаў барацьбы са шкоднікамі лесу. Праведзены работы па стандартызацыі ў лясной гаспадарцы, пачаты даследаванні па лясной генетыцы, недраўнянай прадукцыі лесу, вывучаліся дубравы. Створана сетка навуковых вопытных аб'ектаў.
Неабходнасць пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986 г. падштурхнула да развіцця ў інстытуце новага навуковага кірунку – лясная радыеэкалогія. Актыўна распрацоўваліся тэхналогіі па паніжэнні радыеактыўнага ўздзеяння. Актуальнасць набылі пытанні лесааднаўлення і лесаразвядзення, вывядзення здаровых лясных парод, для чаго выкарыстоўваліся дасягненні лясной селекцыі і генетыкі. Да значных дасягненняў тых гадоў адносяцца распрацоўка метадаў лясной біятэхналогіі; сродкаў, метадаў і тэхналогій барацьбы з ляснымі пажарамі. Даследчыкі інстытута выканалі навуковыя распрацоўкі па ахове, генетыцы лесу, развядзенню ядомых і лекавых грыбоў, культываванні лясных ягадных раслін.
Зараз Інстытут лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – адзіная ў рэспубліцы спецыялізаваная навукова-даследчая ўстанова, дзейнасць якой накіравана на забеспячэнне высокага ўзроўню навукова-тэхнічнага і інавацыйнага развіцця лясной гаспадаркі краіны.
Інстытут займаецца правядзеннем даследаванняў генетычных, фізіялагічных і біяхімічных механізмаў фарміравання прадукцыйнасці і ўстойлівасці лясоў. Удасканальваюцца навуковыя асновы ўзнаўлення і рацыянальнага выкарыстання лясных рэсурсаў. Распрацоўваюцца тэхналогіі, метады і сродкі па разнастайных напрамках лесазнаўства, лесаводства і лесакарыстання, абароне і ахове лесу. Практычна ўся тэхнічная нарматыўна-прававая база для лесагаспадарчай галіны распрацавана інстытутам ці пры яго актыўным удзеле. У ліку важных дасягненняў – распрацоўка і ўкараненне «Рекомендаций по развитию экологического туризма в лесном хозяйстве Беларуси».
У інстытуце наладжана сістэма падрыхтоўкі навуковых кадраў: з 1944 г. у структуры ўстановы функцыянуе аспірантура, з 1996 г. – дактарантура. Працуе савет па абароне дысертацый. Сфарміраваны навуковыя школы па лесазнаўстве і лесаводстве, узнаўленні лясоў метадамі селекцыі і генетыкі, лесаўпарадкаванні, лясной таксацыі і кіраванні лясамі, абароне і ахове лесу, радыеэкалогіі і радыяцыйным лесаводстве. Выпускаецца штогадовы зборнік навуковых прац «Проблемы лесоведения и лесоводства», які ўключаны ў спіс навуковых выданняў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі.
Важным звяном у структуры інстытута, якое забяспечвае інфармацыйную падтрымку навуковай і даследчай дзейнасці, з’яўляецца бібліятэка. Унікальныя экспанаты знаходзяцца ў музеі. З мэтай захавання генафонду створаны Генетычны банк лясных раслін.
Інстытут супрацоўнічае з навукова-даследчымі інстытутамі і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краін СНД і далёкага замежжа. Мае тры эксперыментальня лясныя базы: Дзвінская, Жорнаўская і Каранеўская.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.