Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, вядучая навукова-даследчая ўстанова, заснаваны ў Мінску ў 1990 г. Перадумовы развіцця сацыялагічнай навукі ў Беларусі былі закладзены яшчэ ў 1921 г., пасля адкрыцця Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Паступова набываўся навуковы вопыт ў галіне сацыялогіі, якая выходзіла на новы ўзровень, што выклікала патрэбу ў арганізацыі даследчага цэнтра. Створаны інстытут па ініцыятыве члена-карэспандэнта АН БССР, доктара філасофскіх навук, прафесара Я.М. Бабосава на базе сацыялагічных аддзелаў Інстытута філасофіі і права АН БССР, аддзела навуказнаўства і часткі аддзела дэмаграфіі і праблем народанасельніцтва Інстытута эканомікі АН БССР. У інстытуце пачалася праца па правядзенні даследаванняў па метадалагічных і тэарэтычных праблемах сацыялогіі асобы, навукі і культуры, працы і дэмаграфіі, моладзі, сацыяльнай структуры беларускага грамадства, дынамікі палітычнай сістэмы Беларусі і інш. Актыўна вывучаліся нацыянальная ідэнтычнасць беларускага народа, эканамічная сацыялогія, сацыяльна-псіхалагічныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы, рэлігія, рэлігійнасць і міжканфесійныя адносіны і інш.
Задача Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі – сістэмнае вывучэнне стану і дынамікі развіцця палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сфер Рэспублікі Беларусь на аснове правядзення рэгулярных фундаментальных і прыкладных сацыялагічных даследаванняў. Сёння асноўнымі кірункамі навуковых даследаванняў з’яўляюцца: філасофска-светапоглядныя перадумовы і логіка-метадалагічныя абгрунтаванні грамадскага прагрэсу і сацыяльнай устойлівасці развіцця асобы, культуры і адукацыі, распрацоўка фундаментальных праблем сацыялогіі, вывучэнне кадравага патэнцыялу беларускай навукі і інш.
У складзе інстытута функцыянуюць: аддзелы сацыялогіі дзяржаўнага кіравання, эканамічнай сацыялогіі, сацыялогіі і сацыяльнай сферы, сацыялогіі культуры, сацыяльнай тэорыі і метадалогіі, рэгіянальнай сацыялогіі, матэматычнага і метадычнага забеспячэння сацыялагічных даследаванняў, аператыўных даследаванняў; цэнтр маніторынгу міграцыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў; чатыры навуковыя школы (сацыялогіі стратыфікацыі, канфліктаў і катастроф, сацыялогіі працы і эканамічнай сацыялогіі, тэорыі і метадалогіі сацыялагічных даследаванняў, сацыялогіі навукі і навуказнаўства); магістратура, аспірантура і дактарантура; Савет па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Супрацоўнікамі, аспірантамі і саіскальнікамі інстытута абаронена больш за 20 доктарскіх і каля 50 кандыдацкіх дысертацый.
Інстытут актыўна займаецца выдавецкай дзейнасцю. Апублікаваны шэраг значных прац, такіх як «Демографические основы народнохозяйственного планирования» А.А. Ракава (1990), «Истоки христианства: культурно-исторический генезис» В.П. Оргіша (1991), «Катастрофы: социологический анализ» (1995) Я.М. Бабосава, «Общественная миссия социологии» С.А. Шавеля (2010), «Диалог церкви и государства: от традиции к современности» М.С. Шчоткіна (2017) «Стратификационная трансформация современной Беларуси» Я.М. Бабосава (2018) і інш. Усяго выдадзена больш за 170 манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Штогод супрацоўнікі інстытута публікуюць больш за 100 навуковых артыкулаў, тэзісаў і дакладаў у розных часопісах краін СНД і замежжа. Інстытутам праводзяцца міжнарожныя навуковыя канферэнцыі, семінары, па выніках якіх выходзяць зборнікі. З 2010 г. выдае штогадовы «Социологический альманах» на англійскай, беларускай і рускай мовах.
Установа аказвае шматлікія даследчыя, аналітычныя і кансультацыйныя паслугі: сацыялагічны маніторынг, апытанне насельніцтва, электаральныя даследаванні, маркетынгавыя даследаванні, экспертная дапамога іншым сацыялагічным установам, аналіз навуковых і эмпірычных даных, падрыхтоўка сацыялагічных кадраў і інш.
Інстытут стаў буйным і прызнаным цэнтрам, адной з галоўных крыніц атрымання сацыяльных ведаў аб чалавеку, яго сацыяльным самаадчуванні; сучасным грамадстве і падзеях, якія адбываюцца ў ім. Сярод навуковых і творчых партнёраў інстытута − Інстытут сацыялогіі і інстытут сацыяльна-палітычных даследаванняў Расійскай акадэміі навук, Інстытут сацыялогіі НАН Украіны, сацыялагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, сацыялагічны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, Варшаўская вышэйшая школа фінансаў і кіравання, шэраг філасофскіх і сацыялагічных кафедраў ВНУ Беларусі і Расіі.
З 1990 па 1998 г. дырэктарам інстытута быў акадэмік НАН Беларусі Я.М. Бабосаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.