Гарадзея – гарадскі пасёлак у Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Гарадзейскага сельсавета, мае аднайменную чыгуначную станцыю на лініі Мінск – Баранавічы. Пасёлак знаходзіцца за 14 км на паўночны захад ад Нясвіжа, размешчаны на р. Гарадзейцы.
Гарадзея вядома з XVI ст. як сяло ў складзе Навагрудскага павета Вялікага Княства Літоўскага. Упершыню ўпамінаецца ў 1530 г. у судовых дакументах. У тыя часы – уласнасць Чыжоў, Пратасовічаў, Ганусовічаў. З 1575 г. (па іншых звестках, з 1589 г.) Гарадзея належала магнацкаму роду Радзівілаў.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. яна далучана да Расійскай імперыі. Да 1797 г. уваходзіла ў склад Навагрудскага павета Слонімскай, да 1801 г. – Літоўскай, да 1842 г. – Гродзенскай, затым – Мінскай губерні (з 1861 г. была цэнтрам воласці). У 1809 г. тут налічвалася 38 двароў, пражывала 208 жыхароў. З 1852 г. Гарадзея (фальварак і вёска) знаходзілася ва ўласнасці палкоўніка Брахоцкага. У 1860-я гг. гэтыя мясціны наведаў Н. Орда. Каля вёскі праходзіў паштовы шлях Слуцк – Нясвіж – Мір – Навагрудак, што спрыяла яе эканамічнаму развіццю. У 1871 г. пабудавана аднайменная станцыя Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, якая стала пунктам гандлю збожжам і іншымі сельскагаспадарчымі прадуктамі. У 1869 г. у Гарадзеі заснавана народнае вучылішча, у 1888 г. адкрыта школа граматы. У 1892 г. пабудаваны бровар с паравым млыном, дзе працавала 7 рабочых. Згодна з перапісам 1897 г. тут пражывала 719 жыхароў, дзейнічалі царква, малітоўны дом, аптэка, 17 крам, 5 піцейных дамоў і інш. У пачатку ХХ ст. Гарадзея называлася Замір’е (ад імя маёнтка князя Вітгенштэйна).
У Першую сусветную вайну ў 1914–1917 гг. у Гарадзеі размяшчаліся часці расійскай арміі, непадалёку праходзіла лінія фронту. З лютага да снежня 1918 г. яе займалі германскія, са жніўня 1919 г. да 6 жніўня 1920 г. і з кастрычніка 1920 г. – польскія войскі. Летам і восенню 1918 г. у раёне Гарадзеі дзейнічалі партызанскія атрады. З 1919 г. Гарадзея знаходзілася ў складзе БССР. У 1921 г. згодна з Рыжскім мірным дагаворам далучана да Польшчы як мястэчка, цэнтр гміны Нясвіжскага павета Навагрудскага ваяводства. У 1921 г. тут дзейнічалі касцёл, 2 сінагогі, гмінная ўправа, аддзяленне сувязі, кожны тыдзень адбываліся таргі. У лістападзе 1939 г. Гарадзея зноў увайшла ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 г. атрымала статус гарадскога пасёлка і стала цэнтрам сельсавета ў Нясвіжскім раёне Баранавіцкай вобласці. У 1940 г. у Гарадзеі пражывала 1719 жыхароў, працавалі 10 дробных прадпрыемстваў, 4 млыны, 2 няпоўныя сярэднія школы, бібліятэка, клуб, бальніца, радзільны дом і інш. У гэтым жа годзе арганізаваны калгас “1 Мая”.
У час Вялікай Айчыннай вайны з 26 чэрвеня 1941 г. да 4 ліпеня 1944 г. Гарадзея знаходзілася пад акупацыяй нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гітлераўцы стварылі ў пасёлку гета, дзе ў ліпені 1942 г. расстралялі 1137 чалавек.
Пасля вайны Гарадзея пачала аднаўляцца, адкрыліся прадпрыемствы, культурна-асветніцкія ўстановы. У 1947 г. працавала школа сельскай моладзі, хата-чытальня. У 1949–1950 гг. створана машынна-трактарная станцыя, якая абслугоўвала 6 сельсаветаў, 34 населеныя пункты, 26 калгасаў. З 8 студзеня 1954 г. Гарадзея ўвайшла ў склад Мінскай вобласці. У 2001 г. атрымала афіцыйны герб з выявай двух сярэбраных паясоў і жазла залатога колеру.
У Гарадзеі знаходзяцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, магіла ахвяр фашызму. У 2004 г. на ўскраіне пасёлка ў памяць аб расстраляных вязнях гета быў узведзены мемарыяльны комплекс (аўтар Л. М. Левін). Захаваліся помнікі архітэктуры: Спаса-Праабражэнская царква (ХІХ ст.), капліца (1874), касцёл Святога Іосіфа (пачатак ХХ ст.).
У цяперашні час у Гарадзеі працуюць 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, школа мастацтваў, Дом культуры, гарпасялковая і дзіцячая бібліятэкі, бальніца, гасцініца, стадыён. Дзейнічаюць ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”, сельскагаспадарчае прадпрыемства “Аблрапсаграсэрвіс”, лясніцтва і інш. Вядомы аматарскія творчыя калектывы: вакальны ансамбль “Забава”, танцавальны калектыў “Узорыца”, дзіцячы духавы аркестр.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.