Дата начала:
XІІІ ст. Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка:
аграгарадок у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці
Названия на других языках:
Крево (русский);
4157 символов
Справка
Крэва... Гэта назва назаўсёды ўвайшла ў нашу гісторыю, гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Першыя згадкі ў нямецкіх хроніках пра Крэва адносяцца да ХІІІ ст. У гэты перыяд Крэва – сталіца Нальшчан, горад князя Даўмонта. У 1258 г. на Нальшчаны і іх сталіцу напалі мангола-татары разам з валынскім князем Васількам Раманавічам. У 1264 г. вялікі князь літоўскі Войшалк заваяваў Нальшчаны і ўключыў іх у склад ВКЛ. Напачатку ХІV ст. Крэва стала галоўным горадам удзельнага Крэўскага княства і перадавалася ў спадчыну сынам вялікіх князёў. У 1338 г. яго атрымаў сын Гедыміна князь Альгерд, потым – сын Альгерда Ягайла.
У час праўлення Альгерда быў пабудаваны Крэўскі замак, адзін з дзяржаўных замкаў ВКЛ і першы жылы мураваны замак на беларускіх землях. Галоўным будаўнічым матэрыялам для замка служылі велізарныя валуны, вага якіх дасягала некалькіх соцень кілаграмаў, якія шчыльна ўкладваліся ў сцены на вышыню 4 м, далей сцяну да вышыні 12 – 13 м. прадаўжалі цэглай. Па сваёй форме Крэўскі замак нагадваў замак у Лідзе: у аснове меў няправільны чатырохвугольнік са сценамі рознай даўжыні.
На працягу многіх стагоддзяў Крэўскі замак быў сведкам многіх гістарычных падзей. У ХІV–ХVІІ стст. ён з'яўляўся рэзідэнцыяй вялікіх князёў, дзе адбываліся ўрачыстыя сустрэчы, заключаліся пагадненні. 14 жніўня 1385 г. у Крэўскім замку была заключана унія (дзяржаўны саюз) паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. Гэты саюз дазволіў аб'яднаць сілы палякаў, беларусаў і літоўцаў у барацьбе супраць нямецкай агрэсіі. Перамога пры Грунвальдзе 15 ліпеня 1410 г. на 500 гадоў спыніла спробы германскіх войскаў захапіць беларускія землі.
У 1503–1506 гг. Крэўскі замак абкладалі і значна разбурылі перакопскія татары, у 1519 г. яго захапілі войскі маскоўскіх ваявод. Шмат разбурэнняў замак атрымаў падчас руска-польскай вайны 1654–1667 гг. і Паўночнай вайны 1700–1721 гг. Аднак самыя моцныя, непапраўныя страты прынесла Крэўскаму замку Першая сусветная вайна: тры гады Крэва знаходзілася на лініі фронту. Сёння на месцы замка засталіся толькі руіны, кансервацыя якіх была праведзена ў 1929 г.
У 1387 г. у Крэве быў пабудаваны адзін з першых у ВКЛ касцёлаў. З 1391 г. Крэва – цэнтр староства, з 1486 г. – мястэчка, у другой палове ХV – першай палове ХVІ ст. – цэнтр павета. 7 красавіка 1559 г. мястэчку дадзена права на самакіраванне. З другой паловы ХVІ ст. Крэва знаходзіцца ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства, у ХVІІ–ХVІІІ стст. – уладанне памешчыкаў Нарушэвічаў, Францкевічаў, Слізняў, Важынскіх. У выніку Люблінскай уніі ад 1 ліпеня 1569 г. Крэва, як і ўся тэрыторыя ВКЛ, уваходзіць у склад федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай. У 1795 г. пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка апынулася ў складзе Расійскай Імперыі і з’яўлялася цэнтрам воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні.
У ХІХ – першай палове ХХ ст. Крэва – буйны цэнтр па вытворчасці ганчарных вырабаў, а таксама і гандлёвы цэнтр: праводзілася па 5 кірмашоў на год.
У 1918 г. мястэчка акупіравана германскімі войскамі, у 1919–1920 гг. занята Чырвонай Арміяй, польскім войскам. У 1921–1922 гг. Крэва ў складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 да 1939 г. – у складзе Польшчы. З 1939 г. Крэва адыходзіць да БССР, з 12 кастрычника 1940 г. з’яўляецца цэнтрам сельскага савета Смаргонскага раёна. У час Вялікай Айчыннай вайны Крэва акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Сёння Крэва – аграгарадок у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці, цэнтр сельсавета. У 2006 г. у Крэве было 699 жыхароў. У вёсцы працуюць кафляны цэх, дрэваапрацоўчы цэх “Крэва”, лясніцтва, камбінат бытавога абслугоўвання, дзейнічаюць установы адукацыі, аховы здароўя, прадпрыемствы сувязі, харчавання.
Акрамя фрагментаў Крэўскага замка пад аховай дзяржавы знаходзіцца царква Аляксандра Неўскага, пабудаваная ў 1854 г. На паўночнай ускраіне вёскі знаходзяцца брацкія могілкі салдат расійскай арміі, загінуўшых у час Першай сусветнай вайны, ёсць помнік землякам, загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны.
Час няспынна ідзе наперад, толькі муры Крэўскага замка спакойна пазіраюць у будучыню.