Краткая справка:
цэнтр беларускага кірылічнага кнігадрукавання пры Аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім манастыры
Названия на других языках:
Кутеинская типография (русский);
1748 символов
Справка
Адным з асноўных цэнтраў беларускага кірылічнага кнігадрукавання ў XVII ст. была Куцеінская друкарня, заснавана ў 1630-х гг. пры Аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім манастыры. Яе ўзначаліў асветнік і друкар С. Собаль. Выдавецкую дзейнасць ён пачынаў у Кіеве пры двары мітрапаліта І. Барэцкага, дзе ў 1628–1630 гг. надрукаваў некалькі кніг. Куцеінская друкарня выпускала навукова-асветніцкую, царкоўна-палемічную, свецкую літаратуру на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах. У ёй С. Собалем былі выдадзены «Брашна духоўнае» (1630), «Малітваслоў» і «Буквар» (1631), «Часаслоў», «Новы запавет і Псалтыр» (1632). Па мастацкай аздобе куцеінскія кнігі вельмі блізкія да кіеўскіх таму, што амаль увесь друкарскі матэрыял быў прывезены адтуль. Пасля пераезду С. Собаля ў 1632 г. у Буйнічы друкарню ўзначаліў ігумен, член Магілёўскага праваслаўнага брацтва І. Труцэвіч. З 1636 г. было выдадзена яшчэ 14 кніг асветніцка-навучальнай, маральна-філасофскай, кананічнай, літургічнай літаратуры, у тым ліку «На ойча наш выклад» І. Златавуста (1636), «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» (помнік перакладной беларускай літаратуры), «Дзідаскалія...» С. Косава (1637), «Псалтыр» (1642), «Актоіх Іаана Дамаскіна» (1646), «Трэфалагіён» (1647), «Дыоптра» (1651), «Лексікон...» П. Бярынды (1653) і інш. Усяго ў друкарні было выдадзена 20 кніг. Яны вылучаліся своеасаблівым графічным афармленнем і распаўсюджваліся ў Рэчы Паспалітай і Расіі. У 1655 г. друкарскае абсталяванне перавезена ў Іверскі Валдайскі манастыр пад Ноўгарадам, потым у Васкрасенскі манастыр пад Масквой, у 1676 г. на Друкарскі двор (Масква). Выдавецкая дзейнасць куцеінскіх друкароў працягвалася, толькі стала часткай кніжнай культуры Маскоўскай Русі.