Лёзна – гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці, цэнтр Лёзненскага раёна, чыгуначная станцыя на лініі Віцебск – Смаленск. Знаходзіцца за 40 км на паўднёвы ўсход ад Віцебска, аўтадарогамі злучаны з Віцебскам, Смаленскам, Оршай, Арэхаўскам, Янавічамі і інш. Размешчаны на левым беразе р. Мошны.
Па некаторых звестках, паселішча заснавана ў пачатку XVII ст. у Мікулінскай воласці Віцебскага павета Вялікага Княства Літоўскага князем Багданам Агінскім, якому воласць дасталася па пасагу ад жонкі Рэгіны, дачкі смаленскага ваяводы Рыгора Валовіча. У 1654 г. упамінаецца як мястэчка.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Лёзна было далучана да Расійскай імперыі і з’яўлялася цэнтрам воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні. У 1786 г. Агінскімі тут заснавана мураваная праваслаўная царква (разбурана ў 1961 г.). У пачатку ХІХ ст. у выніку грабежніцкай арэнды мясцовае насельніцтва ахапіў голад і галеча. З рэвізіяй становішча ў чэрвені 1800 г. па загадзе імператара Паўла І мястэчка наведаў сенатар, рускі паэт Гаўрыіл Дзяржавін.
У час Айчыннай вайны 1812 г. у Лёзна на працягу двух тыдняў размяшчаўся французскі корпус маршала Мішэля Нея, які ішоў на злучэнне з Напалеонам. З 1831 г. у мястэчку праводзіліся 4 штогадовыя кірмашы, дзе гандлявалі цукрам, кавай, футрам, тытунём, фарфоравым посудам, скурамі і інш. У 1865 г. пачало працаваць народнае вучылішча. У сувязі з адкрыццём у 1866–1867 гг. руху на лініі Рыга-Арлоўскай чыгункі на ўскраіне мястэчка пабудавана чыгуначная станцыя, пры якой у 1875 г. адкрыта царкоўнапрыходская школа. У 1870 г. Лёзна перайшло ва ўласнасць дваран Храпавіцкіх, пазней да палкоўніка Шыбекі. У 1910 г. тут пражывала 2585 жыхароў, дзейнічалі паштова-тэлеграфнае аддзяленне, прыёмны пакой, двухкласнае яўрэйскае і рускае народныя вучылішчы, аднакласная латышская школа, народная бібліятэка, царква, сінагога. Працавалі вадзяны і паравы млыны, ваўначоска, лесапільня, казённая вінная лаўка, крамы па продажы тканін, абутку, прадуктаў харчавання і інш. З 1919 г. Лёзна знаходзілася ў складзе РСФСР, з сакавіка 1924 г. увайшло ў БССР, з 17 ліпеня 1924 да 26 ліпеня 1930 г. з’яўлялася цэнтрам Лёзненскага раёна Віцебскай акругі. У пачатку 1930-х гг. у мястэчку дзейнічалі ільнозавод, рамонтная майстэрня-арцель “Чырвоны металіст”, цагельны завод, хлебапякарня, масласырзавод, рамонтная майстэрня машынна-трактарнай станцыі. З 20 лютага 1938 г. Лёзна ўключана ў склад Віцебскай вобласці, 27 верасня 1938 г. стала гарадскім пасёлкам.
17 ліпеня 1941 г. Лёзна было акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія за гады акупацыі знішчылі тут 1200 чалавек. Пасёлак вызвалены 8 кастрычніка 1943 г. войскамі 84-га стралковага корпуса 39-й арміі і часцямі механізаванай групы Калінінскага фронту. Пяці вайсковым часцям і злучэнням было нададзена ганаровае найменне “лёзненскія”.
Пасёлак развіваўся згодна генеральных планаў, якія распрацоўваліся ў 1972, 1983 і 1998 гг. Тэрыторыю Лёзна з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход перасякае рака, якая падзяляе яго на 2 часткі. Архітэктурна-планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Леніна, Камсамольская і Валадарскага. На іх перакрыжаванні сфарміраваўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр. Пераважае забудова сядзібнага тыпу па індывідуальных праектах. Пабудаваны пешаходныя масты праз чыгуначныя пуці і раку, станцыя абезжалезвання вады, заснаваны парк па вуліцы Калгасная, праведзены рэканструкцыя чыгуначнага вакзала, добраўпарадкаванне цэнтральных вуліц.
У 2006 г. Лёзна атрымала сучасны герб – у блакітным полі іспанскага шчыта залатая кроква, пад ёй герб “Агінец” – чырвоная брама крэпасці, на якой крыж сярэбранага колеру (радавы знак князёў Агінскіх).
У цяперашні час у Лёзне працуюць сярэдняя і базавая школы, 3 дзіцячыя сады, дзіцячая школа мастацтваў, раённы дом культуры, ваенна-гістарычны музей, Дом рамёстваў, цэнтральная раённая бібліятэка, кінатэатр, бальніца. Дзейнічаюць КУП “Лёзненскае ПМС”, ААТ “Лёзненскі райаграсэрвіс”, ТАА “ЭнергакамплектТара”, лясгас, прадпрыемствы гандлю, сувязі, грамадскага харчавання і інш. Выдаецца раённая газета “Сцяг перамогі”.
У пасёлку знаходзяцца праваслаўныя Крыжаўзвіжанская і Вазнясенская цэрквы, касцёл Святога Піо, дзве брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Устаноўлены помнікі вызваліцелям і землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Славуты мастак, адзін з самых вядомых прадстаўнікоў авангарда XX ст. Марк Шагал лічыў Лёзна сваёй малой радзімай.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.