Дата начала: пасля 1765 г. Гродна, г.
Дата окончания: пасля 1780 г.
Краткая справка: прамысловыя прадпрыемствы ў Гродзенскай эканоміі
Варианты названия: Гродзенская каралеўская бялільня воску; Гродзенская каралеўская гарбарная мануфактура; Гродзенская каралеўская залататкацкая мануфактура; Гродзенская каралеўская камлотавая мануфактура; Гродзенская каралеўская карункавая мануфактура; Гродзенская каралеўская карэтная мануфактура; Гродзенская каралеўская мануфактура металічных вырабаў; Гродзенская каралеўская мануфактура шкляных пацерак; Гродзенская каралеўская палатняная мануфактура; Гродзенская каралеўская панчошная мануфактура; Гродзенская каралеўская тонкасуконная мануфактура; Гродзенская каралеўская фарбавальная мануфактура; Гродзенская каралеўская шаўкаткацкая мануфактура; Гродзенскія каралеўскія мануфактуры яго Каралеўскай Міласці
Названия на других языках: Grodzieńskie manufaktury Królewskie (польский); Гродненские королевские мануфактуры (русский);
Адной з важных новых з’яў у сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі ў XVIII ст. стала стварэнне прамысловых вытворчасцей, заснаваных на ручной працы наёмных работнікаў і яе падзеле. Гэты працэс непарыўна звязаны з імем Антонія Тызенгаўза – дзяржаўнага і гаспадарчага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага. Прызначаны ў 1765 г. на пасаду гродзенскага старосты і надворнага літоўскага падскарбія, ён сваю ўвагу сканцэнтраваў на развіцці рамёстваў і прамысловасці, арганізаваў шэраг вытворчасцей, так званых “Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур яго Каралеўскай Міласці” з цэнтрам у Гродне. Прывілеем караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, яны былі перададзены ў поўнае распараджэнне А. Тызенгаўза, а ўсё неабходнае для арганізацыі вытворчага працэсу, што ўвозілася з-за мяжы, вызвалена ад мытных падаткаў. Для фінансавання гэтай працы таксама быў узяты дзяржаўны крэдыт у Галандскім банку ў 10 млн злотых.
Згодна з гістарычнымі крыніцамі, ствараць мануфактуры А. Тызенгаўз пачаў адразу пасля свайго прызначэння. Аднак прасачыць паслядоўнасць адкрыцця больш як 20 вытворчасцей з-за адсутнасці звестак амаль немагчыма. З гаспадарчых інвентароў за 1771 г. вядома, што ў гэты час у Гродзенскай эканоміі ўжо функцыянавалі залатая, шаўковая, суконная, камлотавая, панчошная, палатняная і фарбавальная фабрыкі. У далейшым з’явіліся льняная, карункавая, капялюшная, карэтная, картачная і збройная, прадпрыемствы па выпуску шпілек, напільнікаў, стальных прылад і прадметаў з медзі, бялільня воску, гарбарны завод, у Брэсцкай эканоміі – суконная фабрыка і жалезны завод, у Шавельскай – палатняная мануфактура. Акрамя пералічаных былі яшчэ дапаможныя вытворчасці – шавецкая і кравецкая майстэрні, пякарня, сталярня, слясарня, кузня і інш.
Спачатку цэхі размяшчаліся ў былых канюшнях коннай гвардыі караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІІ у Гродне. З часам з-за недахопу месца А. Тызенгаўз прыняў рашэнне аб пабудове невялікіх пасяленняў непадалёк ад горада ў прадмесці Гарадніца і фальварку Ласосна (цяпер усё ў межах Гродна). Вытворчыя памяшканні ўзводзіліся з бутавага каменю, жылыя пабудовы – з цэглы. Спецыяльна пад патрэбы мануфактур умацаваны берагі р. Ласосна, а яе цячэнне накіравана так, каб абслугоўваць усе прамысловыя патрэбы. У 1777 г. сюды былі перанесены гарбарны завод, васковая і капялюшная, а праз 2 гады – суконная, залатая, шаўковая і палатняная мануфактуры. У горадзе засталіся картачнае і збройнае прадпрыемствы.
Усяго на мануфактурах працавала каля 1500 чалавек і столькі ж было падсобных рабочых і надомных прадзільшчыц. Вучняў (хлопцаў і дзяўчат) прымусова набіралі пераважна з сем’яў прыпісных дзяржаўных сялян. Рабочым і майстрам выплачвалі заработную плату, выдавалі харчовыя прыпасы, дровы і свечкі, забяспечвалі жыллём, вучням выдавалі толькі вопратку і ежу. Мануфактуры працавалі 6 дзён на тыдні, акрамя святочных. Працоўны дзень доўжыўся больш за 13 гадзін з перапынкамі на абед і вячэру. Кіравалі прадпрыемствамі 70 кваліфікаваных майстроў, запрошаных з Францыі, Швейцарыі, Германіі і Расіі. З імі заключаліся доўгатэрміновыя кантракты, згодна з якімі яны абавязваліся выконваць усе віды неабходных работ, а таксама навучаць свайму майстэрству работнікаў-вучняў. Звычайна замежныя майстры прывозілі з сабой свае прылады працы і варштаты, таму тэхніка вытворчасці ў Гродне не адрознівалася ад той, што выкарыстоўвалася ў краінах Заходняй Еўропы. Колькасць машын, аднак, была мізэрнай і асноўная праца выконвалася ручным спосабам. Большасць неабходнага матэрыялу (каля 70%) таксама дастаўлялася з-за мяжы. У гаспадарчых вопісах Гродзенскай эканоміі пазначаны закупкі золата, серабра, шоўку, жалеза, свінца, фарбаў, воўны, нітак, воску. З ваколіц пастаўляліся дровы, вугаль, дошкі, кнаты, смолы і інш. Сярод прадукцыі, што выпускалася – шаўковыя тканіны, дываны, панчохі, капелюшы, карункі, кунтушныя паясы, ювелірныя вырабы, карэты, ігральныя карты, свечкі і інш. Значная частка вырабаў з’яўлялася прадметам раскошы і была арыентавана выключна на заможных спажыўцоў. У Гродне, Паставах і Быцене А. Тызенгаўз адкрыў таксама крамы, а праз замежных купцоў дастаўляў тавары на еўрапейскія кірмашы.
Адной з першых у Гродзенскай эканоміі была заснавана шаўкаткацкая мануфактура. З гістарычных крыніц вядома, што ў Гарадніцы яна размяшчалася ў двух вялікіх памяшканнях і мела 62 варштаты. Вытворчасцю кіравалі спецыялісты, запрошаныя з Ліёна (Францыя). Працавала тут каля 150 чалавек, навучанне якіх ажыццяўлялі некалькі замежных майстроў. На мануфактуры выраблялі шаўковыя тканіны, аксаміт, шпалеры, ворсавыя дываны, камізэлькі, жупаны, кунтушныя паясы, хусткі, шалікі, стужкі. Асабліва славіліся гродзенскія шпалеры і дываны, адметныя высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. Іх кампазіцыі ў блакітнай і залацістай каляровай гаме складаліся з раскіданых па полі букетаў, перавязаных стужкамі, вазонаў і кошыкаў з кветкамі. Значную частку прадукцыі складалі таксама шаўковыя паясы, якія ткалі на 24 варштатах. У якасці прыкладу для іх стварэння была ўзята арнаментальная структура, памер і кампазіцыя слуцкіх паясоў. Аднак арнамент сярэдняй часткі і матывы на канцах паясоў выконваліся паводле французскіх і ўсходніх узораў. Росквіт гродзенскай “персіярні” прыйшоўся на 1774–1778 гг. і быў звязаны з дзейнасцю ліёнскага майстра Ф. Селімана. Створаныя ім паясы вызначаліся гарманічнасцю кампазіцыі, лёгкім малюнкам, вытанчанасцю каларыту. У 1778–1783 гг. мануфактуру ўзначальваў яго суайчыннік – Ф. Дзюпінэ, які ўвёў у афармленне новыя ўсходнія матывы. У 1783 г. выраб паясоў быў спынены. Калекцыя паясоў, вытканых у Гродне, у цяперашні час зберагаецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі Расіі ў Маскве.
Адной з найбольш буйных вытворчасцей у Гродзенскай эканоміі з’яўлялася тонкасуконная мануфактура, на якой было ўстаноўлена 40 варштатаў. Працавала тут да 150 рабочых, сярод майстроў пераважалі немцы. Прадпрыемства займала мураваны і некалькі драўляных будынкаў, у якіх меліся асобныя ўчасткі – прадзільня з 75 верацёнамі, варсавальня, валяльня, стрыгальня, фарбавальня і інш. Фарбавальнае аддзяленне з часам выдзелілася ў асобную мануфактуру. Воўна ў асноўным дастаўлялася з Любліна, а мясцовую сыравіну выкарыстоўвалі толькі ў нязначнай колькасці. Выпускалі тут розныя сукны і камлот – шарсцяную тканіну з дамешкам шаўковай або баваўнянай ніці. Тэхніка вырабу і якасць тканін была на вельмі высокім узроўні. Галоўным пакупніком яе з’яўляўся каралеўскі двор. Сярод іншых кліентаў, пазначаных у інвентары, – другі полк літоўскай пяхоты, пяцігорская брыгада, полацкі архірэй, а таксама мясцовыя купцы. Мануфактура мела аддзяленне ў Брэсце, абсталяванае 7 варштатамі. У 1780-я гг. прадпрыемства знаходзілася на мяжы закрыцця, аднак потым, аддадзенае на ўтрыманне мяшчанам, адноўлена. У 1796 г. пераставала існаваць, работнікі распушчаны, абсталяванне і пабудовы прададзены. Частку варштатаў набыў нямецкі купец, які запрасіў вольнанаёмных работнікаў і да 1860 г. выпускаў байку, коўдры і сукно для арміі. У сярэдзіне ХІХ ст. сукно, вытканае тут, лічылася найлепшым.
Побач з суконнай размяшчаліся два карпусы палатнянай мануфактуры. Вядома, што тут былі арганізаваны прадзільны, ткацкі і бялільны ўчасткі, на якіх працавала больш за 50 рабочых, кіравалі вытворчасцю майстры з Расіі і Швейцарыі. Выраблялі на прадпрыемстве муслін, батыст, палатно для абрусаў і сурвэтак.
Панчошная мануфактура выпускала галоўным чынам шаўковыя панчохі. Сярод прадукцыі былі таксама шарсцяныя і баваўняныя панчохі і шкарпэткі. Пры фабрыцы дзейнічаў магазін для іх продажу. Вядома, што перад закрыццём у 1783 г. тут працавала больш за 50 работнікаў.
На залатой каралеўскай мануфактуры вырабляліся тонкія залатыя і сярэбраныя ніткі, ордэны, галуны, ювелірныя ўпрыгожанні. Тут мелася 10 варштатаў, на якіх пад кіраўніцтвам майстра-ювеліра працавалі спецыялісты з Гданьска і Гамбурга. Колькасць работнікаў складала каля 30 чалавек.
Карункавая мануфактура ткала карункі па брусельскім узоры. Сярод іх былі нават вельмі дарагія віды з золата і серабра. Вядома, што ў 1780 г. тут мелася 10 ткацкіх варштатаў, на якіх працавала каля 30 рабочых.
Арганізоўваючы ў 1770 г. вытворчасць на “Фабрыцы экіпажаў накшталт парыжскіх”, А. Тызенгаўз выпісаў з Англіі каля 20 шыкоўных карэт для прыкладу. Прадпрыемства выпускала на заказ вельмі дарагія экіпажы, кошт якіх дасягаў 3–4,5 тыс. злотых, а таксама збрую. Працавала на карэтнай мануфактуры каля 50 рабочых, вытворчасцю кіравалі майстры з Францыі і Галандыі.
Мануфактура шкляных пацерак пад кіраўніцтвам нямецкіх спецыялістаў пачала дзейнічаць у 1770 г. Сярод прадукцыі, што выпускалася, – шклянкі, бакалы, келіхі з лейка- і звонападобнымі кубкамі, у форме ўсечанага конуса, пляшкі і штофы ў форме чатырохгранных квартаў. На посудзе гравіраваліся буйнамаштабныя раслінныя кампазіцыі, архітэктурныя пейзажы, выявы людзей і птушак, надпісы. У раслінныя кампазіцыі ўключаліся таксама дэкаратыўныя лінзы ў тэхніцы гранення.
Гарбарная мануфактура дзейнічала спачатку ў Гродне, з 1777 г – у Гарадніцы. Працавала тут больш за 50 рабочых. У 1790 г. прадпрыемства было перададзена пад апеку пайшчыкаў, аднак у 1796 г. закрыта. Пазней на яе базе да 1860 г. дзейнічала іншая гарбарная вытворчасць.
Мануфактура металічных вырабаў выпускала жалезныя і медныя цвікі, замкі, рыдлёўкі, дзвярныя завесы, напільнікі, іголкі і шпількі.
Гродзенскія каралеўскія мануфактуры сталі аднымі з першых прадпрыемстваў капіталістычнага тыпу ў Вялікім Княстве Літоўскім. Планы па іх развіцці ў А. Тызенгаўза былі вялікімі, але здзейсніць іх да канца ён не здолеў. Дзейнасць мануфактур не была добра наладжана і пасля адстаўкі ў 1780 г. гродзенскага старосты, абвінавачанага ў падлогах на мытні, утойванні грошай і перавышэнні паўнамоцтваў, яны паступова пачалі прыходзіць у заняпад. Да таго ж даследчыкі адзначаюць некампетэнтнасць А. Тызенгаўза ў эканамічных пытаннях і такія адмоўныя якасці характару як саманадзейнасць у прыняцці рашэнняў, дэспатызм і нецярплівасць. Усё гэта дрэнна сказвалася на вытворчасці, дэфіцыт бюджэту якой склаў каля 190 тыс. злотых. Работнікам часта затрымлівалі зарплату, пастаўкі дроў і харчавання, парушалі тэрміны кантрактаў, прымянялі цяжкія пакаранні. Замежныя майстры пачалі пакідаць Гродна разам са сваім прыладамі працы. Да таго ж прадукцыя не мела збыту, бо значная частка мясцовага насельніцтва была вельмі беднай і ўсе неабходныя прадметы (тканіна, скура, мэбля, посуд, гаспадарчыя прылады і інш.) у большай частцы вырабляла дома. Адзінымі спажыўцамі з’яўляліся магнаты, каралеўскі двор і войска, якія разам складалі вельмі нязначную частку насельніцтва. З-за вялікіх транспартных выдаткаў і большага кошту на замежную сыравіну, гродзенскія тавары каштавалі даражэй, чым прывезеныя з-за мяжы. Усё гэта, разам з памылкамі ў агульнай пастаноўцы спраў (канцэнтрацыя прамысловасці амаль выключна ў Гродне, прымусовая праца работнікаў і інш.), прывяло да таго, што ў 1780–1790-я гг. большасць прадпрыемстваў спыніла дзейнасць, работнікі былі распушчаны, памяшканні і абсталяванне прададзены або здадзены ў арэнду. У інвентары 1783 г. сярод тых, што дзейнічаюць, пазначаны толькі залатая, шаўковая, картачная, суконная з фарбавальняй, карэтная ў Гродне і прадзільная ў Брэсце.
Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі дзейнасць некаторых вытворчасцей была адноўлена новымі ўладальнікамі на аснове наёмнай працы. Нягледзячы на кароткі тэрмін існавання, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры садзейнічалі ўдасканаленню рамёстваў і стымулявалі далейшае развіццё розных галін эканомікі ўнутры краіны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
