Дата начала: 15.07.1410
Краткая справка: вырашальная бітва Вялікай вайны 1409–1411 гг. паміж ВКЛ і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога
Названия на других языках: Грюнвальдская битва 1410 (русский);
Да пачатку XV ст. у тагачаснай Еўропе ваенную перавагу меў Тэўтонскі ордэн. Мэтай агрэсіўнай ваенна-палітычнай канцэпцыі ордэна было стварэнне Вялікай Тэўтоніі ад вострава Руген у Балтыйскім моры да Фінскага заліва з уключэннем у яе склад Польшчы, Беларусі, Літвы, Пскоўшчыны і ўладанняў Вялікага Ноўгарада. Пасля Крэўскай уніі 1385 г. у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе склаўся магутны саюз дзвюх славянскіх дзяржаў – Польшчы і Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Тэўтонскі ордэн змяніў тактыку ў адносінах да іх і вырашыў заключыць мір з Ягайлам і Вітаўтам, што было зроблена ў 1404 г. Вітаўт пацвердзіў усе свае абавязацельствы, прадугледжаныя Салінскім дагаворам 1398 г., у прыватнасці ўступіў крыжакам Жамойць. Яна мела для ордэна стратэгічна важнае значэнне, бо злучала яго прускія і лівонскія ўладанні. Калі ў 1409 г. насельніцтва Жамойці, якое цярпела ад нямецкіх рыцараў, у чарговы раз паўстала, Вітаўт уступіў у канфлікт з ордэнам за гэту тэрыторыю, каб канчаткова і поўнасцю падначаліць яе сабе. Для вялікага князя гэта было не толькі дзяржаўнай, але і асабістай справай, бо ён глядзеў на Жамойць як на сваё спадчыннае ўладанне, якое належала яго бацьку Кейстуту. Менавіта імкненне Вітаўта вярнуць сваю зямлю ў склад ВКЛ і прывяло да Вялікай вайны з ордэнам. Адначасова абвастрыліся адносіны паміж Тэўтонскім ордэнам і Польшчай, калі ў 1409 г. крыжацкія войскі захапілі Добжынскую зямлю. Усё гэта прывяло да агульных дзеянняў Польшчы і ВКЛ супраць ордэна. Яшчэ ў снежні 1408 г. у Навагрудку сустрэліся Ягайла і Вітаўт. І кароль, і вялікі князь прыйшлі да высновы – цярпець крыжацкую экспансію далей немагчыма. У 1409 г. у Берасці (Брэсце) адбылася іх нарада, на якой быў распрацаваны дэталёвы план ваеннай кампаніі. У ім прадугледжвалася авалоданне стратэгічнай ініцыятывай, разгортванне ваенных дзеянняў на тэрыторыі праціўніка, правядзенне генеральнай бітвы з выкарыстаннем асаблівасцей рэльефу мясцовасці, ужыванне невядомых раней сродкаў фарсіравання водных перашкод і інш. Усю зіму і вясну ішла падрыхтоўка да ваенных дзеянняў. Асноўны касцяк войск ВКЛ складалі харугвы, якія фарміраваліся на беларускіх землях (полацкая, віцебская, мсціслаўская, аршанская, магілёўская, слуцкая, пінская, лідская, навагрудская, ваўкавыская, гарадзенская, драгічынская, берасцейская і інш.). На баку ВКЛ і Польшчы выступілі татарскія чамбулы ханаў Джэлал-ад-Дзіна, сына Тахтамыша, былога хана Залатой Арды, і Багардзіна, чэшска-мараўскія атрады, малдаўскія сечкары і дружына Вялікага Ноўгарада. У канцы чэрвеня каля г. Чэрвінска войска ВКЛ злучылася з польскім. Аб’яднаная армія рушыла на Марыенбург (Мальбарк) – сталіцу Тэўтонскага ордэна. Насустрач ёй выйшла войска пад камандаваннем вялікага магістра ордэна Ульрыха фон Юнгінгена. Сярод тэўтонцаў акрамя членаў ордэна і іх васалаў была лепшая вайсковая эліта з усёй Заходняй Еўропы – рыцыры з Аўстрыі, Баварыі, Швейцарыі, Бургундыі, Францыі, Даніі, Англіі, Іспаніі і інш.
Праціўнік заняў больш выгадную пазіцыю і быў поўнасцю падрыхтаваны да бітвы. Саюзнаму войску трэба было б пад гарматным і лучным абстрэлам пераходзіць водную плынь, прадзірацца праз абарончыя частаколы, мячом здабываць плацдарм на другім беразе. Правільна ацаніўшы сітуацыю, Вітаўт і Ягайла павярнулі свае палкі, каб пасуху абысці рэчку Дрвенцу каля яе вытокаў. У ноч з 14 на 15 ліпеня войскі былі пад Грунвальдам, дзе ўжо размясціліся крыжацкія сілы. Паміж невялікімі вёскамі Грунвальд, Таненберг (Стэмбарк) і Людвігсдорф (Людвігова) знаходзілася шырокае поле будучай бітвы, якую беларускія летапісцы называюць Дубровенскай. Слова “грунвальд” у перакладзе з нямецкай мовы азначае “зялёны гай, дуброва”. Немцы ж называюць гэту гістарычную бітву Таненбергскай.
Войскі Тэўтонскага ордэна пастроіліся фронтам у 2 км паміж Грунвальдам і Таненбергам у дзве лініі на ўзвышшы, каб прымусіць праціўніка атакаваць уверх па схілах пагоркаў. Правае крыло першай лініі ўзначальваў вялікі комтур Куно фон Ліхтэнштэйн, левае – вялікі маршал Фрыдрых фон Валенрад. Другую лінію – сам вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген. Паперадзе крыжацкага войска знаходзіліся бамбардзіры і арбалетчыкі, а ў полі перад імі – замаскіраваныя дзёрнам воўчыя ямы. Палкі Ягайлы і Вітаўта трыма лініямі расцягнуліся на беразе ракі Маршы. Левае крыло займалі каралеўскія войскі, складзеныя ў асноўным з палякаў. Справа ад іх занялі пазіцыю літоўскія войскі пад кіраўніцтвам Вітаўта, на крайнім флангу – татарская конніца. Тры гадзіны праціўнікі стаялі ў бяздзеянні: крыжакі не наступалі, бо хацелі захаваць пазіцыйную перавагу і навесці кавалерыю Вітаўта на воўчыя ямы, а саюзная армія чакала каманды Ягайлы. Першыя атакі супраць левага крыла крыжакоў пачала лёгкая конніца ВКЛ, якая неўзабаве прыняла на сябе моцныя ўдары ворага. Польскі гісторык Я. Длугаш так апісваў бітву: “Падняўся такі страшэнны грукат і трэск ад удараў коп’яў, бразгання зброі і ляску мячэй, што ён быў чутны за некалькі міль у наваколлі. Воін напіраў на воіна, з трэскам ламалася зброя, ранілі ў твар вастрыі стрэл… Усё перамяшалася ў адзін натоўп…”*. Пасля жорсткіх сутычак пад напорам цяжкай конніцы крыжакоў частка літоўскіх атрадаў адступіла. Іншыя харугвы Вітаўта не спынялі барацьбы, асабліва напружанай на левым флангу арміі ВКЛ. Тут размяшчаліся тры смаленскія атрады пад камандаваннем мсціслаўскага князя Сямёна Лугвена Альгердавіча, якія гераічна вытрымалі націск ворага, нягледзячы на вялікія страты (адзін атрад загінуў поўнасцю). Яны злучыліся з польскімі харугвамі, якія стрымлівалі і атакоўвалі галоўныя сілы праціўніка. Польскія харугвы, падтрыманыя войскамі Вітаўта, прарвалі фронт, акружылі ворага і нанеслі новыя ўдары. К вечару бітва закончылася разгромам крыжакоў. Армія ордэна фактычна перастала існаваць. Тагачасныя гісторыкі і храністы адзначылі выдатную ролю ў бітве вялікага князя Вітаўта. Належнае аддалі і тэўтонцам: мала хто з іх кінуўся наўцёкі, змагаліся яны апантана, лічачы за лепшае страціць жыццё, чым рыцарскі гонар. Палегла большасць военачальнікаў, былі забіты вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген і іншыя знатныя рыцары.
Перамога саюзнікаў пад Грунвальдам спыніла шматвяковую экспансію крыжакоў на славянскія землі, паклала пачатак палітычнаму заняпаду Тэўтонскага ордэна. ВКЛ атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі, а значыць, і ў Еўропу. Вынікі перамогі юрыдычна замацаваны 1-м Тарунскім пагадненнем 1411 г. Бітва на Дубровенскім полі была грандыёзнай для свайго часу. Па сваіх маштабах і палітычнаму значэнню яе можна з поўным правам паставіць у адзін шэраг з Кулікоўскай і Барадзінскай бітвамі. Гэта знакавая бітва прыцягвала ўвагу многіх гісторыкаў, даследчыкаў і пісьменнікаў. Сярод іх – М. Стрыйкоўскі, А. Каяловіч, Т. Нарбут, А. Лявіцкі, Ю. Крашэўскі, Г. Сянкевіч, Г. Дэльбрук і інш. Летапісы і хронікі таксама пакінулі сведчанні аб ёй. З 1410 г. да Першай сусветнай вайны на нашы землі не ступалі нямецкія войскі. У 1960 г. на месцы бітвы пастаўлены помнік. У Гродна ёсць вуліца з назвай Грунвальдская, а паблізу старажытнай Каложскай царквы ўсталяваны памятны знак у гонар 580-годдзя Грунвальдскай бітвы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.
* Цыт. па: Кузняцоў, М. В. Светлыя постаці гісторыі : (галерэя слаўных імён) / М. В. Кузняцоў. Мінск, 2007. С. 179.