Іванава (да 1940 г. Янава, Янаў) – горад у Брэсцкай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Іванаўскага раёна. Знаходзіцца за 132 км на ўсход ад Брэста, у 2 км ад чыгуначнай станцыі Янаў-Палескі на лініі Брэст – Лунінец. Размешчаны на рацэ Самараўцы.
Паселішча вядома з XVII ст. як мястэчка ў складзе Пінскага павета Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1657 г. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) казакі напалі на Янава і забілі свяшчэнніка Андрэя Баболю, які быў адпраўлены Пінскай езуіцкай калегіяй весці прапаганду каталіцызму сярод мясцовага насельніцтва (у 1853 г. прылічаны да ліку блажэнных, у 1938 г. кананізаваны). У другой палове XVII ст. мястэчка належала троцкаму кашталяну Яну Копацю, затым князям Шуйскім, у канцы XVIII ст. з’яўлялася ўладаннем шляхецкага роду Арэшкаў.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Янава далучана да Расійскай імперыі ў складзе Кобрынскага павета Слонімскай, з 1797 г. –Літоўскай, з 1801 г. – Гродзенскай губерняў. У ліпені 1812 г. мястэчка захапілі французскія войскі. На лініі Антопаль – Драгічын – Янава – Пінск дзейнічаў рускі спецыяльны атрад пад камандаваннем генерал-маёра А. П. Мелісіна, які 10 ліпеня 1812 г. разбіў каля Янава войскі генерала Рэнье. У 1848 г. у мястэчку ўзведзены цагляны Крыжаўзвіжанскі касцёл, дзе знаходзіўся абраз святой Кацярыны, падараваны імператарам Мікалаем І. Эканамічнаму развіццю і росту Янава ў канцы ХІХ ст. садзейнічала будаўніцтва ў 1862–1884 гг. чыгункі Брэст–Пінск–Гомель. Побач з мястэчкам была заснавана невялікая станцыя (цяпер Янаў-Палескі) з драўляным вакзалам, складскімі памяшканнямі, рамонтнымі майстэрнямі. Згодна з перапісам 1897 г. у Янаве налічвалася 715 жылых дамоў, пражываў 3041 жыхар, дзейнічалі народнае вучылішча, царкоўнапрыходская школа, сукнавальная фабрыка, гарбарны і цагельны заводы, маслабойня, 5 млыноў і інш.
У 1915–1918 гг. мястэчка займалі германскія, у 1919–1920 гг. – польскія войскі. У 1921 г. паводле Рыжскага мірнага дагавора Янава далучана да Польшчы як цэнтр гміны Драгічынскага павета Палескага ваяводства. У 1939 г. мястэчка ўвайшло ў БССР. 15 студзеня 1940 г. атрымала статус гарадскога пасёлка, прыкладна ў гэты ж час перайменава ў Іванава і стала цэнтрам Іванаўскага раёна ў складзе Пінскай вобласці. Напярэдадні вайны тут працавалі бальніца, радзільны дом, пошта, дзейнічалі электрастанцыя, лесапільны завод, малочны кааператыў, пякарня.
27 чэрвеня 1941 г. Іванава было захоплена нямецка-фашысцкімі войскамі, якія за гады акупацыі знішчылі ў пасёлку і раёне 8804 жыхароў. У час Вялікай Айчыннай вайны барацьбу з ворагам вялі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады і асобныя атрады. 23 ліпеня 1943 г. на чыгуначнай станцыі Янаў-Палескі партызаны разграмілі варожы гарнізон. Пасёлак вызвалілі 16 ліпеня 1944 г. войскі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Беларускай аперацыі. Пасля вайны Іванава пачало паступова аднаўляцца, адкрываліся новыя прадпрыемствы, культурна-асветніцкія ўстановы. З 31 ліпеня 1949 г. у пасёлку дзейнічаў калгас імя Н. Крупскай, у 1954 г. адкрыта міжраённая інкубатарная станцыя, у 1950-я гг. узведзены новы будынак школы. 8 студзеня 1954 г. Іванава ўключана ў склад Брэсцкай вобласці. З 25 снежня 1962 да 6 студзеня 1965 г. знаходзілася ў Драгічынскім раёне. 11 сакавіка 1971 г. пасёлку нададзены статус горада. У 1974 і 2003 гг. былі распрацаваны генеральныя планы яго забудовы. Архітэктурна-планіровачную структуру горада фарміруюць вуліцы Леніна і Савецкая, на іх перакрыжаванні ўтворана плошча Кастрычніка – грамадска-адміністрацыйны і культурна-гандлёвы цэнтр. У 2011 г. Іванава атрымала ўласны герб: у блакітным полі варажскага шчыта выява сярэбранага храма, які размешчаны паміж рагамі залатой падковы.
У цяперашні час у горадзе працуюць гімназія, 3 сярэднія школы, 7 дзіцячых дашкольных устаноў, школа мастацтваў, цэнтр культуры і народных традыцый, цэнтральная раённая бібліятэка, бальніца. Дзейнічаюць прадпрыемствы “Белсолад”, “Мекасан”, “Іванаўскі райаграсэрвіс” і інш. Выходзіць раённая грамадска-палітычная газета “Янаўскі край”. На тэрыторыі горада знаходзяцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, могілкі ваеннапалонных, магіла ахвяр фашызму. Устаноўлены помнікі землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, мастаку і кампазітару Напалеону Ордзе і інш. Захаваліся помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанскі касцёл (1848), Свята-Пакроўская царква (1901; унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь). Іванава з’яўляецца радзімай Героя Савецкага Саюза М. М. Кольчака.
У 2018 г. горад прымаў штогадовае свята – Дзень беларускага пісьменства, у 2025 г. атрымаў ганаровы статус культурнай сталіцы года ў Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.