Круглянскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей заснаваны ў г.п. Круглае паводле сумеснай пастановы бюро Круглянскага райкама КПБ і Круглянскага райвыканкама ад 21.02.1990 г. Музей адкрыты для наведвальнікаў 25.06.1994 г. экспазіцыяй “Кругляншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, прымеркаванай да 50-годдзя з дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У сакавіку 1995 г. пачала дзейнічаць другая экспазіцыя, прысвечаная этнаграфіі Кругляншчыны. У наступныя гады сфарміраваны гістарычная экспазіцыя і экспазіцыя “Прырода роднага краю”.
Асноўны фонд музея складае 7837 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – 2341 адзінку. Усе экспанаты размешчаны ў 6 залах.
Найбольш значнымі зборамі музея з’яўляюцца калекцыя абразоў ХІХ ст. (каля 50 адзінак захоўвання), старадрукаваныя кнігі (царкоўны статут, псалтыр, “Жыціе і пакуты святой велікамучаніцы Варвары” і інш.), нумізматычная калекцыя (манеты Візантыі і Рэчы Паспалітай, манетны скарб ХVII ст. і інш.), археалагічныя матэрыялы, драўляныя музычныя інструменты.
У экспазіцыі “Кругляншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны” прадстаўлены карты-схемы абарончых баёў на тэрыторыі Беларусі ўлетку 1941 г., фотаздымкі, узнагароды, асабістыя рэчы байцоў 8-й партызанскай брыгады імя С. Г. Жуніна, падпольшчыкаў і інш. Цэнтральнае месца займае кампазіцыя “Партызанская вайна”, дзе прадстаўлены макет зямлянкі, узоры савецкай і нямецкай зброі. Тут змешчана дыярама “Вызваленне Круглага ад фашыстаў. 28 чэрвеня 1944”.
Гістарычная экспазіцыя ўключае матэрыялы па гісторыі Кругляншчыны ад старажытных часоў да пачатку ХХ ст. У раздзеле “Археалогія” прадстаўлена калекцыя знаходак (наканечнікі стрэл і коп’яў, гліняны посуд, прылады працы, жаночыя ўпрыгожванні ХІ–ХІІ ст.) з археалагічных раскопак , навукова-мастацкая рэканструкцыя раскопак кургана ў в. Казіміраўка (Х–ХІ ст.) і дыярама “Трызна”. Раздзел “Таварна-эканамічнае развіццё Кругляншчыны” прадстаўлены ў выглядзе кірмашу і крамы гандляра. Сярод экспанатаў вырабы саматужных промыслаў – калёсы, конская збруя, бандарныя і тканыя вырабы, лозапляценне, прадметы гарадскога і местачковага побыту. У раздзеле “Месца Кругляншчыны ў ваенна-палітычнай гісторыі дзяржавы” змешчаны партрэты военачальнікаў і палітычных дзеячаў, карты і схемы ваенных дзеянняў на тэрыторыі Кругляншчыны (ХVII–ХІХ ст.), фігуркі воінаў розных эпох і родаў войск, калекцыя зброі (ХІІ–ХІХ ст.). Раздзел “Сацыяльна-палітычная хроніка Круглага” аб’ядноўвае галерэю партрэтаў, родавых гербаў польскіх, беларускіх, расійскіх магнатаў, якія кіравалі землямі раёна. Духоўнай спадчыне прысвечаны раздзел “Духоўная культура Кругляншчыны”. Тут прадстаўлены копіі карцін вядомага рускага мастака-перасоўніка М. В. Неўрава, які апошнія гады жыцця правёў на Кругляншчыне, макеты царквы святога Мікалая Цудатворца ў в. Тубышкі і Пакроўскай царквы ў в. Дудаковічы, межавы каменны крыж князёў Рурыкавічаў (Х ст.). Апошні раздзел гістарычнай экспазіцыі – “Сям’я Чарняевых. М. Р. Чарняеў”. У ёй прадстаўлены мастацка-гістарычная рэканструкцыя рабочага кабінета генерала М. Р. Чарняева, які жыў у радавым маёнтку Тубышкі, яго партрэт, асабістыя рэчы, фотаздымкі сям’і, паплечнікаў.
Этнаграфія Кругляншчыны паказана ў экспазіцыі “Быт і звычаі нашых продкаў”, у якой дэманструюцца прадметы сялянскага і местачковага побыту канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Тут экспануюцца прылады працы (каса, граблі, жорны, цапы, грабяні) і прадметы побыту (вядро, бочкі, бязмены), змешчаны фрагмент печы з кухонным начыннем (гарлачы, чыгуны, форма для выпякання хлеба), калекцыі ручнікоў і посцілак і інш. Змешчаны таксама вырабы народных рамёстваў: ганчарства, ткацтва, вышыўкі, карунка- і саломапляцення , апрацоўкі дрэва.
Экспазіцыя “Прырода роднага краю” знаёміць з геаграфічным становішчам, рэльефам, прыроднымі багаццямі раёна.
Вядучымі напрамкамі дзейнасці музея з’яўляюцца вывучэнне гісторыі роднай зямлі, культуры і традыцый Круглянскага краю, прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Супрацоўнікі арганізуюць экскурсіі, музейна-педагагічныя заняткі, лекцыі, вечары-сустрэчы, інтэрактыўныя заняткі, фальклорныя святы (Каляды, Масленіца, Тройца, Купалле). Музей працуе па наступных праграмах: “Музейный всеобуч”, “Народные традиции и культура Круглянщины”, “Мироведение” (работа з інвалідамі), “Выездной музей”. Сталі традыцыйнымі ў музеі сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі, правядзенне дзён адкрытых дзвярэй да Дня сям’і, Дня маці, Дня інвалідаў, Дня пажылых людзей, Дня абароны дзяцей. Музей практыкуе правядзенне Дзён музея ў школах раёна і дзіцячых садах; у складзе аўтаклуба, бібліёбуса ажыццяўляюцца выезды ў сельскія населеныя пункты раёна. Папулярнымі ў пасёлку стала правядзенне шлюбнага абраду ў этнаграфічнай зале.
Супрацоўнікі музея з’яўляюцца ініцыятарамі правядзення праектаў “Пишем жизнь яркими красками”, “Партизанской победной тропой”, “Все начинается с семьи”, “Мастера родного края” і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.